Затрыманне актывіста ў Расеі за аватарку з бела-чырвона-белым сцягам і падпал чырвона-зялёнага сцяга


«Белсат» штодня расказвае пра палітычныя рэпрэсіі, якія чыняцца ў Беларусі рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

У Горадні за падпал чырвона-зялёнага сцяга затрымалі дзвюх дзяўчат 22 і 23 гадоў. Для гэтага яны ўзялі швабру, абматалі яе папяровым ручніком, падпалілі яго і такім чынам дацягнуліся да сцяга на адміністрацыйным будынку. Супраць іх распачалі крымінальную справу за «здзек з дзяржаўных сімвалаў».

Супраць кіраўніка ліквідаванай Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука пачалі крымінальную справу. Яго затрымалі, калі ён хацеў ушанаваць памяць Аляксея Навальнага каля расейскай амбасады, і выставілі абвінавачанне па артыкуле 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Стала вядома пра затрыманне 12 чалавек у Драгічынскім раёне. Як вынікае з сюжэту, паказанага на АНТ, гэтых людзей затрымаў КДБ за тое, што яны дапамагалі Службе бяспекі Украіны – забіралі выбухоўку і рабілі тайнікі на тэрыторыі Беларусі. Падчас відэа на АНТ былі агучаныя імёны некаторых затрыманых: Дзмітрый Капуза, Уладзімір Капуза, Вольга Капуза, Аляксандр Капуза, Яўген Грук, Віктар Яскіч, Лідзія Грук. На іх заведзеная справа па артыкуле 289 частцы 3 («Акт тэрарызму ў складзе групы»).

29 сакавіка суд Цэнтральнага раёна Менска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» наступныя рэсурсы:

  • TikTok-старонку «Вясны» (https://www.tiktok.com/@viasna96), а таксама @viasna_bot, @ViasnaSOS, @Viasnainfo и @zvarot96;
  • тэлеграм-каналы «Березовка», «REICHSARHIVE», «И Грянул Грэм Chat»;
  • друкаванае выданне «Вызваленне” (газета за свабоду i незалежнасць Беларусi Мiжнародная Лiга Працоўных – Чацвёрты Iнтэрнацыянал)» і сайт «litci.оrg/ru»;
  • YouTube-канал «VideoBGLive»;
  • сайт і сацсеткі праекту «Асацыяцыя “Салідарнасць”»;
  • сайт і сацсеткі праекту «TG HOUSE»;
  • YouTube-канал «Женщины тяжелого поведения» і ягоныя старонкі ў сацсетках.
  • сайт «deputatov.nеt» і чат-бот «Честный выбор»;
  • відэаролік «Белорусские Врачи против лжи о коронавирусе! Обращение медработников витебска к властям о COVID-19»;
  • старонкі ў Х «BYSOL», «Belarusian Canadian Alliance»;
  • старонкі ў «Аднакласніках» «Клуб “Пагоня-2016″», «Наша Плошча»;
  • TikTok-старонкі «Вольны беларус», «politvyazynka».

«Экстрэмісцкай» таксама прызналі кнігу «Военная символика белорусов. Знамена и мундиры» Віктара Ляхора. Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Цэнтральнага раёна Мінска 28 сакавіка. Вядома, што ў 2021 годзе Мінкульт загадаў канфіскаваць кнігу з бібліятэк за тое, што ў ёй нібыта «ўтрымліваецца недакладная інфармацыя, якая змяшчае элементы прапаганды антыдзяржаўнай накіраванасці».

сузаснавальнік творчага аб’яднання ÖВВÖ і былы кіраўнік «Гарадскіх праектаў у Комі» Дзмітрый Махаў.
Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

У расейскім Сыктыўкары затрымалі сузаснавальніка творчага аб’яднання «ÖВВÖ» і былога кіраўніка «Гарадскіх праектаў у Комі» Дзмітрыя Махава за аватарку з бела-чырвона-белым сцягам ва «Укантакце». Мужчыну абвінавачваюць паводле артыкула 20.3 КаАП РФ («Дэманстрацыя экстрэмісцкай сімволікі»).

Старонка Дзмітрыя Махава «Укантакце». Скрыншот з сацыяльнай сеткі

У Менскім абласным судзе пачаўся суд над 51-гадовым Сяргеем Забелічам за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна» і «фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання». Мужчыну пагражае да 8 гадоў зняволення.

Следчы камітэт распачаў спецвядзенне ў дачыненні да Паўла Міцкевіча і Дзяніса Чашчавіка. Ім інкрымінуюць арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Мужчын запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў Гарадзенскае ўпраўленне СК.

Жлобінскі прадпрымальнік Дзмітрый Панамароў, якога 19 сакавіка прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці па частцы 2 артыкула 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»), не выйшаў на волю пасля таго, як адбыў прызначаныя яму 10 содняў арышту.

У Хойніках затрымалі 74-гадовага пенсіянера, які напісаў больш за 1500 каментароў аб прадстаўніках улады. Паводле следства, з кастрычніка 2020-га па люты 2022-га мужчына сістэматычна размяшчаў каментары пад фотаздымкамі прадстаўнікоў улады, дзе, «не саромеючыся ў выразах, абражаў, публічна прыніжаў і ганьбіў іх гонар і годнасць». Падчас ператрусу ў яго дома знайшлі боепрыпасы. Пенсіянер расказаў следчым, што калекцыянаваў іх. Мужчыну  абвінавачваюць па арт. 188 КК («Паклёп»), арт. 369 КК («Публічная абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 391 КК («Абраза суддзі») і ч. 2 арт. 295 КК («Незаконнае захоўванне боепрыпасаў»), яго ўзялі пад варту.

1 красавіка за ўдзел у пратэстах у Баранавічах 10–11 жніўня 2020 года асудзілі васьмярых чалавек. Усім ім прызначылі пакаранні ад 1 да 3 гадоў калоніі, асудзіўшы па «народным», 342-м артыкуле.

Сілавікі затрымалі некалькі грамадзянаў, што пісалі каментары пра супрацоўніка Дзяржаўтаінспекцыі, які загінуў у ДТЗ. Колькасць затрыманых невядомая. Прапагандысты прыгразілі, што затрыманыя «адкажуць за свае словы па ўсёй строгасці закону».

У судзе Маскоўскага раёна Менска асудзілі настаўніка фізкультуры школы ў Крупках Яўгена Пальчыка. Яго прызналі вінаватым у тым, што ён пакінуў каментар у Telegram, які нібыта ўтрымліваў «негатыўную ацэнку прадстаўніка ўлады» – былога начальніка папраўчай калоніі №1 Андрэя Пальчыка. Мужчыну асудзілі на паўтара года абмежавання волі «хатняй хіміі» і штрафу ў 5120 рублёў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў