У Баранавічах за пратэсты асудзілі васьмярых чалавек


1 красавіка ў судзе Баранавіцкага раёну агучылі прысуды васьмі асобам, якіх абвінавачвалі паводле «народнага» артыкулу ў арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (арт. 342 КК РБ) за ўдзел у пратэстах у жніўні 2020 года.

Суд Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы.
Крыніца: spring96.org

Адпаведная інфармацыя аб прысудах з’явілася на сайце Вярхоўнага Суда, прыкмеціла «Медиазона Беларусь».

Шасцярых чалавек прысудзілі да двух гадоў калоніі, аднаго чалавека – да года, яшчэ аднаго – да трох гадоў пазбаўлення волі.

Адной з жанчын, прысуджанай да аднаго года калоніі, далі адтэрмінаванне ад адбывання пакарання – да таго моманту, пакуль ейнаму дзіцяці не споўніцца тры гады.

Яшчэ дваіх абвінавачаных накіравалі на прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

Акрамя таго, адзін з фігурантаў у 2021 годзе быў асуджаны за забойства – з гэтай прычыны агульны тэрмін ягонага пакарання склаў 25 гадоў калоніі.

Як адзначаецца, усе абвінавачаныя на судзе прызналі сваю віну.

Нагадаем, што 1 сакавіка сталася вядома пра тое, што ў судзе Баранавіцкага раёну і Баранавічаў разглядалася справа ў дачыненні 17 чалавек, якіх абвінавачвалі паводле арт. 342 КК РБ. Гэта Аляксандр Лявончык, Яўген Цыбулька, Юрый Хаванскі, Міхаіл Петраш, Філіп Сцёпін, Вячаслаў Баравік, Крысціна Дыдышка-Чаркашына, Іван Дыдышка, Дзмітрый Хута, Эдуард Апановіч, Алег Арцюх, Аляксей Лескавец, Дзмітрый Абрамовіч, Алег Сяргееў, Вольга Тадро, Вячаслаў Шкуцько, Алена Стахейка.

Hавiны
Адразу 17 чалавек судзяць у Баранавічах
2024.04.01 10:33

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў