Служба «Адно акно» запускае бясплатныя і ананімныя юрыдычныя кансультацыі


Служба «Адно акно» адкрывае новую паслугу для беларусаў: бясплатныя і ананімныя юрыдычныя кансультацыі. Іх будуць ладзіць некалькі разоў на месяц, першая сесія запланаваная на 5 красавіка, паведамілі «Белсату» прадстаўнікі ініцыятывы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Yan Krukau / Pexels

Служба «Адно акно» пастанавіла ладзіць юрыдычныя кансультацыі з увагі на тое, што беларусы часта задаюць адпаведныя пытанні.

«У Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі і прававы дэфолт. Доступ да кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі ў краіне абмежаваны, а зварот па юрыдычнае падтрыманне можа спалучацца з рызыкаю для ўласнай бяспекі. Складанасць сітуацыі павялічваецца страхам перад зваротамі да адмыслоўцаў, калі гэта датычыць справаў з палітычнай матывацыяй», – канстатуе ініцыятыва.

Кансультаваць будуць адвакаты. Праект ажыццяўляецца ў супрацы з Беларускай асацыяцыяй адвакатаў правоў чалавека ў Літве:

«Некалькі разоў на месяц у беларусаў і беларусак будзе магчымасць ананімна і бясплатна атрымаць юрыдычную кансультацыю».

Першая сесія запланаваная на 5 красавіка з 15:00 да 17:00 паводле беларускага часу. Пазваніць можна будзе праз гэтую спасылку. Актывісты запэўніваюць, што гэта ананімна і бяспечна, размовы не запісваюцца, тэлефанаванні здзяйсняюцца праз адмысловую платформу з выкарыстаннем сучасных пратаколаў шыфравання. Гэта дазваляе абараніцца ад праслухоўвання або перахопу звестак трэцімі асобамі.

Hавiны
Служба «Адно акно» запусціла беларускамоўную версію сайта
2023.12.28 19:36

Вось пытанні, з якімі можна звяртацца:

  • грамадзянска-прававыя (нерухомасць, правы спажыўцоў, спадчына);
  • сямейнае права (разжэнства, аліменты, падзел маёмасці, апякунства);
  • адміністратыўнае права (штрафы, абскарджанні, пазбаўленне правоў, рэгістрацыя бізнесу, абарона правоў у сферы сацыяльных паслугаў);
  • крымінальнае права (кансультацыі і абарона ў справах аб ДТЗ, крадзяжах і іншых злачынствах, дапамога пры затрыманні і арышце, працэдуры змякчэння пакарання, амністыя).

Даты наступных кансультацыяў будуць публікаваць у акаўнтах «Аднаго акна» ў Telegram і Instagram.

Праект «Адно акно» – інфармацыйна-кансультацыйная служба падтрымання людзей, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсіяў, а таксама іншых уразлівых групаў у Беларусі. Ініцыятаркаю стварэння службы была прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Вольга Гарбунова.

Hавiны
Служба «Адно акно» працуе месяц – што зрабілі за гэты час, каму і як дапамаглі?
2023.11.29 15:47

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў