«Вярнуся ў Беларусь у танку!» Гісторыя беларускі, якая паехала на вайну з шокерам у кішэні


43-гадовая беларуска Алена Кустава цяпер жыве з дзвюма дочкамі ў Варшаве. 24 лютага, у першы дзень уварвання Расеі ва Украіну, яна кінула ў сумку газавы балончык з электрашокерам і рванула на вайну – дапамагаць украінцам. Але на мяжы яе не прапусцілі, бо мела беларускае грамадзянства. Тады – з адчаю і крыўды – парвала свой беларускі пашпарт…

Беларуска Алена Кустава знішчыла свой пашпарт на польска-ўкраінскай мяжы. Варшава, Польшча. 28 сакавіка 2022 года.
Фота: КК / Белсат

«Я яшчэ да вайны пісала, што дамоў вярнуся з украінцамі – у танку. Разумела, што нешта будзе. І пайшла!» – кажа Алена Кустава.

«Як яны ішлі ўпэўнена, божа!»

Жанчына расказвае, што ў ноч з 23 на 24 лютага не спалася. А потым прыснула троху – і як быццам нешта ўзняла яе а 4-й раніцы. Кажа, што яе знаёмыя палякі таксама прачнуліся недзе ў гэты час.

«Я напісала ўсім: бывайце, я на вайну. І пачала шукаць машыну – знайшла. Доўга чакалі аднаго былога вайскоўца, украінца Ваню. О, у яго ўсё было з сабой! «А ты з чым?» – пытаецца. І я яму паказваю гэты газавы балончык і электрашокер. Пасмяяліся. «Я беларуска, – кажу. – Як думаеш, пусцяць?» – запыталася. Ён такі: «Пусцяць!» І вось з гэтым я паехала ў кампаніі з украінцамі. З дакументамі ўсё ў парадку было на той момант», – успамінае Алена.

Фота: КК / Белсат

Прызнаецца, што, калі пабачыла, колькі насамрэч на пункце «Мэдыка» ўкраінцаў, гатовых бараніць сваю радзіму, і якія яны («Як яны ішлі ўпэўнена, божа!»), – ледзь не заплакала з эмоцыяў. Кажа, была ўпэўненая ў тым, што з такімі байцамі «ўсё скончыцца за тры дні» і перамогай Украіны. Чаго баялася, дык таго, што яе не прапусцяць праз мяжу палякі, бо мела статус міжнароднай абароны, выдадзены ў Польшчы. Але якраз з польскімі памежнікамі праблемаў не было.

«Паказваю пашпарт. Памежніца мне: «Бялорусінка? А цо пані хцэ там?» Я кажу: «На вайну іду». «Файне, пані, ідзь!» – і прапускае. І я падумала, ну ўсё, ва ўкраінцах не сумнявалася – я ж за іх ваяваць ішла. Але…

Дыялог на ўкраінскім баку быў такі: «А што ты там хочаш. Чаму туды ідзеш?» – «Там жа вайна!» – «А хто табе сказаў?» – «Што, сур’ёзна? А чаму ўцекачоў столькі?» – «А што ты будзеш рабіць? Дзе будзеш жыць?» – «Я адразу ў Збройныя сілы іду, там жа любая дапамога будзе патрэбная: перавязаць, прыгатаваць ежу, страляць, калі трэба, усё што заўгодна». І чую: «Нельга!» – расказвае Алена.

«Зноў беларуска прарываецца»

Ашаломленая адмовай, Кустава запатрабавала начальніка, спрабавала яшчэ раз патлумачыць, але той паглядзеў на беларускі пашпарт і вывеў жанчыну на польскі бок. Сказаў, што не прапусціць («Не магу!»), таму што мае нібыта загад самога Зяленскага: беларусаў і расейцаў не прапускаць.

Фота: КК / Белсат

«Выходжу, гляджу на ўсю гэтую сітуацыю, на няспынны паток людзей, уцекачоў. Дзяўчынка, гадоў 10, проста засынае і падае. Я бяру яе вось так на плячо і нясу. А яна спіць – яе не разбудзіць. Яе проста вырубіла. Данесла яе на польскі бок», – успамінае беларуска.

Здавацца Алена Кустава не збіралася. І пайшла яшчэ раз праз мяжу. З палякамі зноў праблем не было («Падыходжу да палякаў – бабах пашпарт на стол» – «О’кэй, ешчэ раз»). А на ўкраінскім пункце давялося другі раз клікаць начальніка («Ідзі, зноў беларуска прарываецца»).

«Кажу яму: «Як бы гэта дзіўна ні гучала, але вы, Украіна, мая адзіная магчымасць вярнуцца дадому – у мяне там сябры ў турме! Ну пусці, калі ласка. Я ж трэці раз прыйду».

«Калі прыйдзеш, то вось калідор Польшча – Украіна, і, калі не прабяжыш яго за 4 секунды, – буду страляць», – жартуе. Я кажу: «Добра, а калі за тры секунды прабягу – пусціш мяне?» Мужчыны там стаялі нейкія, кажуць, маўляў, ды прапусці ты яе ўжо. «Не!» І мне зноў давялося вярнуцца. І засталася там валанцёрам», – расказвае жанчына.

«Мама на вайну не трапіла…»

Некалькі дзён, як расказвае, перадавала праз украінцаў, якія вярталіся ва Украіну з Еўропы ваяваць, цёплае адзенне, прадметы гігіены і харчаванне для ўцекачоў, якія стаялі ў даўжэзнай чарзе да пераходу на ўкраінскім баку. Бегала з цялежкамі, званіла адначасова ў розныя арганізацыі, каб дастаўлялі на мяжу адзенне і вазкі, бо дзеці ў чарзе спалі на сцюжы стоячы.

Беларуска Алена Кустава знішчыла свой пашпарт на польска-ўкраінскай мяжы. Варшава, Польшча. 28 сакавіка 2022 года.
Фота: КК / Белсат

«І ў той жа дзень, калі не прапусцілі другі раз, я выйшла і проста на выхадзе – там яшчэ нейкі кубачак стаяў – разарвала свой пашпарт. Спакойна, на некалькі частачак, ніякага шоу з гэтага не рабіла», – прызнаецца Алена Кустава.

Тлумачыць, што зрабіла гэта з адчаю і на эмоцыях. На халодную галаву – не парвала б, бо адсутнасць пашпарту цяпер, калі кроў троху астыла, перашкаджае яе планам паехаць на вайну.

А тады, напрыканцы лютага, ледзь не згубіла на мяжы і астатніх дакументаў, бо ў гарачцы кінула сваю куртку з польскай карткай побыту ў вазок з дапамогай уцекачам, якая паехала ва Украіну. Але і на гэта махнула рукой, бо на фоне таго, што адбывалася, усё здавалася драбязой (картка з курткай потым знайшліся). «Пані, дзівна пані», – захапляліся палякі энергіяй беларускі на мяжы. Як «нястомная беларуска-валанцёрка» трапіла нават у абʼектыў камеры адной польскай тэлевізіі. Менавіта праз той сюжэт ейныя дзеці – Аліна (10 гадоў) і Маша (11 гадоў) – даведаліся ў Варшаве, што «мама не трапіла на вайну».

Фота: КК / Белсат

«За дзяцей не перажывала, бо ведала, што з імі вельмі файныя людзі, палякі. Пра ўсё было дамоўлена. Дзяўчаткі добра ведаюць сваю маму. І я ім сказала, што іду на вайну, каб урэшце мы змаглі вярнуцца дадому…» – кажа Алена.

На трэці дзень яна вярнулася ў Варшаву, каб памыцца, паспаць і абняць дачушак. Але не заснула. У той жа дзень зноў паехала на мяжу з грузам гуманітарнай дапамогі. Вярнулася да дзяцей толькі тады, калі зразумела, што на мяжы збольшага ўсё наладзілася.

«Я, напэўна, украінка па духу!»

Эмацыйныя ўсплёскі, радыкальныя рашэнні і ўчынкі. Алена прызнаецца, што не ўмее жыць па-іншаму. Чалавек без скуры. У 2020 годзе яна дэманстратыўна зняла са сцяны ў холе інтэрнату, дзе жыла з дочкамі, партрэт Лукашэнкі і ўставіла ў рамку надпіс «3 %». Тады было затрыманне, содні ў ізалятары і штраф. З Беларусі зʼехала ў красавіку 2021 года, калі стала вядома пра распачатую супраць яе крымінальную справу за каментар у інтэрнэце («Будьте вы прокляты, твари», – напісала Алена).

Пасля эвакуацыі два месяцы жыла ва Украіне і верыць, што «пераможам толькі разам» («Я, напэўна, украінка па духу!»). Цяпер спрабуе запісацца ў шэрагі беларускіх добраахвотнікаў, але ўзнікаюць перашкоды.

Фота: КК / Белсат

«Я пісала. Казала, што праблему з пашпартам у хуткім часе развяжу. Кідалі мне анкету запаўняць. Потым у асабістыя паведамленні напісаў чалавек, маўляў, жанчын не бярэм. Я кажу: «Не трэба мне такое казаць, бо ва Украіне тысячы жанчын ваюе!» Пачалі «прабіваць» тады мяне. Я кажу, мяне «БайПол» прабіваў ужо, што вы яшчэ думаеце прабіць? Я такая непрабівальная ці што?» – распавядае Алена.

Кажа, што знайшлі інфармацыю пра тое, што яна нібыта «злівала» міліцыі бел-чырвона-белыя стужкі за акном.

«Але ж гэта зусім жах нейкі! Бо я насамрэч троліла «мусароў», каб ім не спалася спакойна па начох, а стужкі за акном мае віселі, гэта я іх павесіла. І кожны ведае, што я іх, міліцыянтаў, не баялася, што я іх ненавідзела і цяпер ненавіджу», – кажа Алена Кустава.

«Упэўненая, што мушу быць там!»

Яна не губляе надзеі, што трапіць ва Украіну, каб дапамагчы ўкраінцам. І верыць у перамогу. Спрабуе цяпер атрымаць часовы польскі дакумент замест беларускага пашпарта. І просіць усіх, найперш тых, хто займаецца рэкрутынгам добраахвотнікаў, прабачыць яе за эмацыйнасць і рэзкасць, якія часта перашкаджаюць развязваць практычныя справы.

Беларуска Алена Кустава знішчыла свой пашпарт на польска-ўкраінскай мяжы. Варшава, Польшча. 28 сакавіка 2022 года.
Фота: КК / Белсат

«Я ведаю і я ўпэўненая, што мушу быць там! Таму што я магу. Я ўпэўненая ў сабе. Там такія людзі, такія патрыёты! І там дзеці, якім патрэбная дапамога», – кажа Алена Кустава.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у шэрагах Збройных сілаў Украіны (ЗСУ) ваююць каля 60 тысяч жанчын. Ёсць, меркавана, жанчыны і ў шэрагах беларускага батальёну Кастуся Каліноўскага, байцы якога заклікаюць далучацца да іх. Таксама ў складзе інтэрнацыянальнага легіёну ЗСУ фармуецца беларускі полк «Пагоня».

Гісторыі
Дзённікі жыхароў Марыупалю: па той бок пекла
2022.04.01 16:26

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў