«Наехалі на вельмі высокім узроўні»: друкаваны нумар «Народнай волі» зноў не выйдзе


Маскоўская друкарня сарвала новы выпуск незалежнай газеты «Народнай волі» ў паліграфічным варыянце, які павінен быў адбыцца 2 красавіка, паведамляе выданне.

Жанчына з нумарам газеты «Народная воля» на маршы пенсіянераў. 2 лістапада 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Рэдакцыя «Народнай волі» заключыла дамову з маскоўскім адкрытым акцыянерным таварыствам «Полиграфический комплекс». Згодна з дамоваю, неабходная сума на друкаванне сённяшняга нумару газеты была пералічаная друкарні.

Аднак учора, калі вёрстка газеты завяршалася, ад маскоўскай друкарні паступіла інфармацыя:

«На нас наехалі на вельмі высокім узроўні, не хочам страціць друкарні, вяртаем грошы… »

Некалькі месяцаў таму з «Народнаю воляй» скасавала дамову друкарня «Прайм Принт Москва». Цяпер сітуацыя паўтарылася.

Раней газету выдаваў Беларускі дом друку ў Менску, аднак у жніўні мінулага года выдавецтва спыніла тыражаванне «Народная волі» нібыта праз зламаны станок.

Чарговы раз рэдакцыя звяртаецца да сваіх прыхільнікаў з просьбаю падпісвацца на PDF-версію газеты «Народная воля» на сайце belpressa.by.

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў