Менчукам, якія адбілі мужчыну ад амапаўцаў, далі ад чатырох да пяці гадоў калоніі


Суд Фрунзенскага раёну сталіцы 2 красавіка абвесціў прысуд у крымінальнай справе супраць чатырох менчукоў – Яўгена Бароўскага, Івана Зянька, Аляксея Драба і Уладзіміра Кацкеля, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Мужчынаў абвінавацілі адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 364 («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў»), арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), арт. 218 КК («Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанні маёмасці»).

Суд Фрунзенскага раёна працягвае разгляд крымінальнай справы ў дачыненні менчукоў Яўгена Бароўскага, Івана Зянька, Аляксея Драба і Уладзіміра Кацкеля. 30 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Суддзя Юлія Блізнюк абвесціла наступныя прысуды.

  • Яўгену Бароўскаму – абмежаванне волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу на 3 гады паводле першага артыкулу, паводле арт. 364 – пазбаўленне волі тэрмінам на чатыры гады. Разам пазбаўленне волі на чатыры гады ў калоніі агульнага рэжыму.
  • Івану Зяньку – арышт 3 месяцы паводле першага артыкулу, паводле арт. 342 КК – абмежаванне волі на 2 гады, паводле арт. 364 – пазбаўленне волі на 5 гадоў. Разам пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму.
  • Аляксей Драб і Уладзімір Кацкель прызнаныя вінаватымі паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу – па пяць гадоў у калоніі агульнага рэжыму.

Гэта ж такія тэрміны, якія прасіла дзяржаўная абвінаваўца Валерыя Таратынка.

Апроч гэтага, у грамадзянскім працэсе супраць Бароўскага будзе разглядацца пытанне пра кампенсацыю пазову «Менсктрансу» памерам 4699 рублёў. Зянько павінен сплаціць ГУУС 7073 рублі 75 капеек.

Таксама кожны павінен сплаціць пацярпелым у справе семярым амапаўцам маральную кампенсацыю ад двух да трох тысячаў рублёў.

Памочніца пракурора Валерыя Таратыка. Суд Фрунзенскага раёну працягвае разгляд крымінальнай справы ў дачыненні менчукоў Яўгена Бароўскага, Івана Зянька, Аляксея Драба і Уладзіміра Кацкеля. 30 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

30 сакавіка ў судзе абвінавачваныя выступілі з апошнім словам. З іх сваю віну прызнаў толькі Аляксей Драб, часткова. Ён выказаў спачуванні афіцыйным пацярпелым, раскаяўся і паабяцаў надалей быць паслухмяным. Астатнія падсудныя сваёй віны не прызналі зусім.

Нагадаем, што мужчынаў судзілі за падзеі 11 кастрычніка 2020 года, калі падчас разгону Маршу гонару каля станцыі метро «Пушкінская» яны, як вынікае з матэрыялаў следства, перашкодзілі амапаўцам затрымаць чалавека, уступілі з імі ў бойку, нанеслі некалькі ўдараў па галовах і разбілі шкло ў службовым аўтамабілі.

Рэпартаж
«Быў удома і хварэў на COVID». У Менску хочуць даць вялікія тэрміны чатыром мужчынам, з якіх віну прызнаў толькі адзін
2021.03.30 13:15

АД, belsat.eu

Стужка навінаў