Праблемы з грашовымі пераводамі і пакупкамі ў інтэрнэт-крамах. Чым пагражае адключэнне Беларусі ад SWIFT


Заходнія краіны пастанавілі адлучыць расейскія банкі ад сістэмы міжбанкаўскіх разлікаў SWIFT. Беларусь таксама бярэ ўдзел у вайне супраць Украіны і можа дапамагчы расейскім банкам абысці санкцыі. У сувязі з гэтым прапануецца выключыць з гэтай сістэмы і беларускія фінансавыя ўстановы. Гэта прывядзе да таго, што прадпрыемствы не змогуць атрымаць грошай за прададзеныя за мяжу тавары ды аплаціць імпарт, тлумачаць эксперты.

Менск, Беларусь. 28 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Адлучэнне Беларусі ад сістэмы міжбанкаўскіх разлікаў SWIFT ініцыюе Літва. «Гэтыя санкцыі павінны цалкам распаўсюджвацца і на фінансавыя інстытуты Беларусі, бо… Беларусь – удзельніца вайны, агрэсар», – цытуе bns.lt прэм’ер-міністра Літвы Інгрыду Шыманіце. Таксама, паводле яе, гэта трэба для таго, каб расейскія банкі не абышлі санкцыяў праз беларускія.

Удакладнім: па-першае, SWIFT – гэта сістэма перадачы тэкставых паведамленняў пра тое, куды накіраваць тую ці іншую суму, а не канал, па якім ідуць грошы. Па-другое, адключаюць ад яе не краіну, а асобныя фінансавыя ўстановы. У сувязі з гэтым эксперты выказваюць меркаванне, што не ўсе беларускія банкі трапяць пад забарону. Магчыма, у першую чаргу гэта закране «дачок» расейскіх кампаніяў і беларускіх дзяржаўных банкаў.

«Банкі, якія будуць выключаныя з сістэмы SWIFT, не змогуць праводзіць вонкавых разлікаў або зробяцца моцна абцяжаранымі», – патлумачыла belsat.eu старэйшая навуковая працаўніца BEROC (Кіеў) Анастасія Лузгіна. Гэта ўдарыць па замежным гандлі ды інвестыцыях. Беларускія прадпрыемствы – кліенты банкаў, якія адключылі ад SWIFT, змогуць адпраўляць грошы толькі ў Расею (і атрымліваць толькі адтуль), бо беларускія банкі падлучаныя да ўнутранай расейскай сістэмы перадачы фінансавых паведамленняў (СПФП), гэта ўнутраны аналаг SWIFT. Акрамя беларускіх і расейскіх банкаў, да яе падключаныя некалькі замежных, але іхная нязначная колькасць не можа моцна паўплываць на сітуацыю.

Паводле звестак Белстату, у 2021 годзе на долю Расеі прыпадаў 41 % беларускага экспарту тавараў. Гэта $ 16, 4 мільярда. Адпаведна, складанасці могуць датычыць 60 % беларускага экспарту, які ідзе за межы Расеі. У грашовым эквіваленце гэта больш за $ 20 мільярдаў (усяго ў 2021 годзе Беларусь экспартавала тавараў на $ 39,9 мільярда).

Менск, Беларусь. 28 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Паводле эксперта, тэарэтычна можна вярнуцца да перадачы інфармацыі пра плацяжы да старых сродках сувязі (электронная пошта, тэлекс), але практычна гэта звязана з вялікімі складанасцямі. Нават калі замежныя партнёры пагодзяцца на такі абмен інфармацыяй, плацяжы будуць ісці даўжэй, а камісія будзе вышэйшая. На выбудоўванне новых аплатных ланцужкоў спатрэбіцца час. «Ёсць яшчэ пытанне з бяспекай іх правядзення. Сістэма SWIFT гарантуе, што ўсе плацяжы будуць бяспечна праводзіцца, а ў выпадку выкарыстання іншых варыянтаў перадачы звестак банкам давядзецца самім турбавацца з гэтай прычыны», – патлумачыла Анастасія Лузгіна.

Hавiны
Беларускія заробкі будуць удвая меншыя, долар – да 5 рублёў. Эканаміст прагназуе вялікія страты
2022.03.01 13:51

Звычайныя беларусы таксама сутыкнуцца з цяжкасцямі пры адпраўленні міжнародных грашовых пераводаў і, адпаведна, пры атрыманні грошай з-за мяжы. Рух грошай у краіне пры гэтым не пацярпіць: нацыянальная плацежная сістэма будзе працаваць, як і працавала, сцвярджае экспертка:

«Для эканомікі ў цэлым адлучэнне ад SWIFT абернецца скарачэннем валютнай выручкі. Калі яна і будзе паступаць, то з вялікімі затрымкамі. Праз немагчымасць аплаціць імпартныя тавары іх асартымент на беларускім рынку можа істотна скараціцца».

Паводле Анастасіі Лузгінай, гісторыя ведае толькі адзін прыклад адлучэння банкаў ад сістэмы SWIFT, гэта Іран: «Калі разглядаць іранскі досвед, то можна выказаць здагадку, што некаторыя банкі ўсё ж змогуць працаваць, але на змяненне плацежных схемаў, вядома ж, спатрэбіцца час. Гэта, вядома, не поўны калапс, але вялікія цяжкасці, якія мы адразу адчуем».

Менск, Беларусь. 28 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Праблемы ў фінансава-банкаўскай сістэме, з якімі можа сутыкнуцца нашая краіна, звязаныя не толькі з уласна адлучэннем ад SWIFT. «Ужо цяпер карткі «Visa» і «Mastercard», эмітаваныя беларускімі «дочкамі» расейскіх банкаў, перасталі працаваць за мяжою», – патлумачыла Анастасія Лузгіна. Беларусы ўжо не могуць скарыстацца магчымасцю аплаціць таксі онлайн, а платформа «Bolt» заявіла, што пакідае Беларусь. Прычына ў санкцыях, уведзеных супраць галоўных расейскіх банкаў ды іхных беларускіх «дачок». «Пакуль няясна, ці будуць дзеяць гэтак званыя другасныя санкцыі – тыя, што датычаць не саміх падсанкцыйных банкаў, а тых, хто з імі будзе супрацоўнічаць», – удакладніла Анастасія Лузгіна.

«Ад таго, як павядуць сябе ў гэтай сітуацыі аплатныя сістэмы «Visa» і «Mastercard», будзе залежаць, ці зможам мы аплочваць сваймі карткамі пакупкі ў інтэрнэт-крамах, рэзерваваць гатэлі і купляць квіткі на самалёты», – адзначыла экспертка, патлумачыўшы, што з выкарыстаннем SWIFT гэта ніяк не звязана. Адлучэнне Беларусі ад гэтай сістэмы міжбанкаўскіх разлікаў не перашкодзіць беларусам расплачвацца банкаўскімі карткамі.

ВД belsat.eu

Стужка навінаў