Крэмль заяўляе, што ваюе з нацыстамі


У той час, як свет шакаваны разбурэннем Кіева, Харкава і Херсона, расейскае тэлебачанне паказвае гледачам іншую карцінку: некранутыя вёскі і мірных жыхароў, вызваленых ад «нацыстаў». З якімі ідэямі ў галаве едуць на вайну расейскія салдаты? Як Крэмль намагаецца пераканаць грамадскую думку за мяжой?

Пра тое, што расейская крылатая ракета ўдарыла па цэнтры Харкава або пра тое, як жыхары акупаваных гарадоў сустракаюць расейскіх жаўнераў, расейскі Першы канал гледачам не паведамляе. «З дапамогай высокадакладнай зброі ва Украіне вядзецца спецаперацыя па абароне Расеі» – пераконвае гледача федэральнае тэлебачанне.

«Галоўнае для нас – абараніць Расейскую Федэрацыю ад ваеннай пагрозы, якая ствараецца краінамі Захаду, што спрабуюць выкарыстаць украінскі народ у барацьбе супраць нашае краіны», – заявіў міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу.

На шосты дзень вайны з Украінай, расейскія войскі ўшчыльную падышлі да Харкава, Херсону, Марыупалю. На здымку – цэнтр Харкава пасля ракетнага абстрэлу расейскімі войскамі. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: ПД / Белсат

Глядач расейскага Першага каналу можа ўвогуле не ведаць, што расейскія дэсантнікі і мотастралкі гінуць на прадмесцях Кіева, Харкава, Чарнігава і Херсона. Расейскія цэнтральныя СМІ ў асноўным расказваюць пра тое, як украінская армія абстрэльвае «мірныя гарады ДНР». Яны заяўляюць, што Расея ўстала на абарону народу Данбасу, а таксама простых украінцаў, якія ўжо восем гадоў знаходзяцца «пад акупацыяй нацыстаў».

«І вось так выглядаюць усе населеныя пункты, вызваленыя ад неанацыстаў, якія мы праязджалі па дарозе ў бок Кіева!» – пераконвае карэспандэнтка «Першага».

У Кіеве, паводле Першага каналу, гаспадараць узброеныя банды, у крамах не стае харчавання, а Захад тым часам працягвае напампоўваць «нацысцкую» краіну зброяй.

«Як бы ва Ўсходняй Украіне 8 гадоў украінцы праводзілі генацыд, але ніхто на гэта не рэагаваў. Я лічу, што падчас гэтай фазы канфлікту расейская прапаганда актыўна выкарыстоўвае якраз гэтыя дзве новыя тэзы, а заявы аб “марыянеткавасці” і “нацызме” выкарыстоўваюцца ўжо шмат гадоў», – каментуе аналітык East Center Андрэй Елісееў.

Уздзейнічаць на заходняга гледача Крамлю стала цяжэй. З 1 сакавіка кампанія Google заблакавала акаўнты агенцтваў RT і Sputnik у Youtube. 27 лютага пра забарону вяшчання RT заявіла кіраўнік Еўракамісіі. Сайт тэлеканалу запоўнены паведамленнямі пра санкцыі, якія ўводзяць супраць Расеі: ад адключэння ад SWIFT да забароны паказу серыялаў Netflix і дыснэеўскіх фільмаў. Амаль у кожным артыкуле RT нагадвае, што Масква і Кіеў распачалі мірныя перамовы.

«Цяжка ўявіць, што Крэмль адкоціць назад. Гэта было б цяжкім ударам па ўнутрыпалітычным іміджы Уладзіміра Пуціна. На жаль, бы занадта аптымістычным не быў», – папярэджвае Андрэй Елісееў.

Карэспандэнт «Белсату» перадае, што людзі працягваюць кіравацца ў бок кіеўскага метро, дзе знаходзяцца сховішчы. Некаторыя ідуць у напрамку вакзалу, кагосьці падбіраюць машыны і падвозяць. Кіеў, Украіна. 25 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Раней тэзісы Масквы былі больш ваяўнічыя. RT заяўляла, што Расея імкнуцца засцерагчы сябе ад «ультраправай» Украіны, якая імкнецца ўступаць у NATO. Прыкладамі «ўльтраправага экстрэмізму» RT лічыць паведамленні пра тое, што байцы батальёна «Азоў» рыхтуюцца адбіваць атакі кадыраўцаў пры дапамозе абшмараваных салам куляў, а таксама паведамленні аб тым, што байцы ўкраінскай тэрытарыяльнай абароны застрэлілі грамадзяніна Ізраілю, прыняўшы яго за кадыраўца. Гучыць і яшчэ адно апраўданне вайны: маўляў, Расея мае права паводзіць сябе гэтак жа, як Захад.

«У дзеяннях Расеі ва Украіне лёгка вылучыць элементы – ад ваенных да інфармацыйных, – якія прысутнічалі ў кампаніях Амерыкі і NATO супраць Югаславіі, Іраку і Лівіі. Расейскае кіраўніцтва, якое адважылася на вельмі рашучыя крокі, верагодна, разумела наступствы ці нават свядома да іх імкнулася. Старонка супрацы з Захадам перагорнутая», – заявіў у артыкуле на сайце RT рэдактар часопісу «Расея ў глабальнай палітыцы» Фёдар Лук’янаў.

У Беларусі недзяржаўныя СМІ выступаюць супраць расейскай агрэсіі. Дзяржтэлебачанне тым часам капіюе ўсе тэзісы Масквы. Тэлеграм тэлеканалу АНТ назваў удар расейскіх ракет па Харкаве ўкраінскай «правакацыяй». Ён жа паведамляе, што ЗША рыхтуюцца перакінуць ісламскіх тэрарыстаў з Сірыі ва Украіну, а таксама транслюе заявы Лукашэнкі пра пагрозу ўкраінскіх дыверсантаў.

«Яны вельмі моцна зараз разгарнулі дыверсійныя групы. І мы маем інфармацыю, што яны накіраваныя на пранікненне дыверсійных групаў на нашую тэрыторыю. Папярэджаны Гулевіч, міністр абароны і генерал Лапо. Ён на перадавой», – заявіў Лукашэнка.

На мяжу Лукашэнка намераны адправіць 10 батальённа-тактычных групаў – гэта каля 7 тысяч чалавек або адна сёмая частка беларускай арміі. Дзяржтэлебачанне запэўнівае, што ва Украіну беларускіх вайскоўцаў не адправяць.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Стужка навінаў