7-ы дзень поўнамаштабнай вайны. Зводкі з перадавой


«Украінцы, прайшла яшчэ адна ноч поўнамаштабнай вайны Расеі супраць нас, супраць людзей, супраць Украіны. Цяжкая ноч. Хтосьці правёў гэтую ноч у метро, у хованцы, хтосьці – у сутарэннях. Камусьці пашанцавала больш – паспалі дома. Іншым далі прытулак сябры, сваякі… Сем начэй мы практычна не спім. Ці спім, але вельмі трывожна. Дарагія мае, надыдзе час, калі ўсе мы зможам выспацца, гэта будзе пасля вайны, але дакладна – пасля перамогі. У міры, які нам так патрэбны, які мы заўсёды шанавалі, які мы ніколі не разбуралі», – звярнуўся да ўкраінцаў Уладзімір Зяленскі.

За апошнія содні атакі з боку Расеі зазналі больш за дзясятак украінскіх гарадоў. Адэса, Жытомір, Сумы, Ахтырка. Бамбілі прадмесце Кіева, але сталіцу расейскім войскам узяць так і не ўдалося. Працягнуліся баі за Херсон, Мікалаеў, Крывы Рог, Энэргадар. Больш за ўсё за мінулую ноч пацярпеў Харкаў. Разбураныя жылыя дамы, гістарычныя будынкі, з ладу выведзеная тэлевышка. Удары па горадзе наносіліся сістэмамі залпавага агню. У офісе прэзідэнта Украіны лічаць, што зроблена гэта, каб зламаць дух харкаўцаў.

Цэнтр Харкава пасля ракетнага абстрэлу расейскімі войскамі. Харкаў, Украіна. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: ПД / Белсат

Але дух украінцаў зламаць не так проста. За свае гарады многія гатовыя змагацца нават без зброі. У Херсоне некалькі гараджанаў пайшлі на танк з расейскімі салдатамі, каб забраць свой нацыянальны сцяг.

«Слава Украіне!», – пракрычалі гараджане, выхапіўшы сцягі ў расейскіх жаўнераў.

У Канатопе мясцовыя без зброі – толькі з тэлефонамі ў руках – выгналі з гораду варожы БТР і расейскую ваенную паліцыю.

Жыхары Мелітопалю выйшлі на цэнтральную плошчу, праспявалі ўкраінскі гімн і адправілі расейцам недвухсэнсоўнае пасланне.

«Рускі карабель, Ідзі на..уй!», – пракрычалі на плошчы ўкраінцы.

Ўяўленні расейскіх салдатаў аб так званай «нацысцкай Украіне», на вайну з якой іх адправілі, бурацца. У сеціве з’явілася відэа, як адзін з палонных расейцаў размаўляе са сваёй жонкай:

– Там добрыя хлопцы ўсе з табой? Добрыя?

– Так, ставяцца добра, зрабілі аперацыю, даглядаюць. Цяпер ляжу ў палаце. Усё добра.

– Я буду маліцца за вас, людзі! Я буду ўсё жыццё вам удзячная! Вярніце мне мужа! Калі ласка!

– Наша камандаванне падманным шляхам кінула нас.

– Я кажу: «Куды яны паехалі?» –«На вучэнні». Хто ведаў, што так адбудзецца!

– І ад нашых дурняў тут пакутуе мірнае насельніцтва. Шмат нявінных людзей.

Але расейскія ўлады працягваюць заяўляць, што пакутуюць ад іх дзеянняў толькі вайсковыя часткі, а жылыя абʼекты застаюцца некранутымі. У той жа час Дзяржаўная служба надзвычайных сітуацыяў Украіны заяўляе пра больш чым дзве тысячы загінулых сярод мірнага насельніцтва. У Мелітопалі, падчас мітынгу мірных гараджан расейцы зноў зноў адкрылі агонь.

Расейская армія спрабуе ўзяць Кіеў, прасунуцца глыбей ва Украіну з усходу, поўначы і поўдня. Але, паводле звестак Узброеных сіл Украіны, так званая «спецыяльная аперацыя» Расеі ва Украіне праходзіць без асаблівага поспеху.

Кіеўская тэлевежа і тэрыторыя вакол яе пасля выбуху 1 сакавіка ў Кіеве, Украіна. 2 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

«Прашу ўсіх вас берагчы сваіх блізкіх, берагчы сваіх пабрацімаў. Я захапляюся вамі, увесь свет захапляецца вамі. Ад галівудскіх зорак да палітыкаў. Сёння вы – украінцы – сімвал нязломнасці. Сімвал таго, што людзі ў любой краіне могуць стаць лепшымі людзьмі на зямлі. Слава Украіне!», – дадаў у сваім звароце Уладзімір Зяленскі.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»

Стужка навінаў