Больш за тры месяцы спатрэбілася Генпракуратуры Беларусі, каб распачаць крымінальную справу па факце гібелі Рамана Бандарэнкі. За стрым з плошчы Пераменаў, адкуль выкралі менчука, пасадзілі карэспандэнтак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову. За зняпраўджанне інфармацыі Следчага камітэту і Лукашэнкі, што ў крыві забітага быў алкаголь, асудзілі журналістку TUT.by Кацярыну Барысевіч і доктара Арцёма Сарокіна. Па гібелі на плошчы Пераменаў распачатая не адна справа. Дзяржава карае тых, хто спачуваў і не быў абыякавы да Рамана і ягонай сям’і. Тым часам невядомыя забойцы – дасюль на свабодзе.
18 лютага суддзя Наталля Бугук пакарала журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову двума гадамі калоніі. Дзяўчат затрымалі 15 лістапада за трансляцыю жорсткага разгону акцыі, стыхійна зладжанай у памяць Рамана Бандарэнкі на плошчы Пераменаў. Сілавікі ў касках і балаклавах са зброяй у руках выцягнулі дзяўчат з кватэры на 14-м паверсе, вокны якой выходзяць на двор на вуліцы Чарвякова, выламаўшы дзверы. Кацярыну і Дар’ю абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў.
Дзяржаўная абвінаваўца Аліна Касьянчык сцвярджала, што журналісткі падчас трансляцыі з карыслівых меркаванняў здзейснілі «збор актыўных удзельнікаў з мэтаю стварэння масавасці». Паводле яе, трансляцыя прывяла да парушэння працы грамадскага транспарт – прыпынення 19 маршрутаў. Страты «Менсктрансу» ацанілі на больш як 11 000 рублёў. Суму цалкам сплацілі сваякі дзяўчат. Злачынства, паводле пракурора, Кацярына і Дар’я здзяйснялі пры дапамозе мабільных тэлефонаў, відэакамераў, штатываў і камізэлек з надпісам «Прэса».
«Напэўна, было за што, раз суд так вырашыў», – пракаментаваў гучны прысуд журналісткам міністр інфармацыі Ігар Луцкі.
26 лютага адвакаты Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай абскардзілі вырак журналісткам. Праваабаронцы прызналі Кацярыну і Дар’ю палітзняволенымі.
Працэс над журналісткай TUT.by Кацярынай Барысевіч і доктарам Арцёмам Сарокіным, які распачаўся 19 лютага, паспелі назваць справай «нуль праміле». Генпракуратура, якая распачала крымінальную справу, абвінаваціла журналістку і медыка ў разгалошванні медычнай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы, а менавіта – «павышэнне напружанасці ў грамадстве і стварэнне атмасферы недаверу да кампетэнтных дзяржаўных органаў».
Анестэзіёлага і журналістку затрымалі 19 лістапада. Арцём Сарокін – доктар найвышэйшай катэгорыі шпіталю хуткай медычнай дапамогі, Кацярына Барысевіч – журналістка TUT.by з 15-гадовым стажам. У сваім артыкуле пра смерць Рамана Бандарэнкі са спасылкаю на медычныя дакументы, словы доктара і дазвол бацькоў забітага Рамана Кацярына напісала пра тое, што маладзён быў цвярозы.
Артыкул «Разгалошванне медычнай таямніцы» мае абараняць пацыента або ягоных сваякоў ад пакутаў. Маці ж Рамана Бандарэнкі Алена Бандарэнка неаднойчы публічна заяўляла, што ніякіх прэтэнзіяў да журналіста і доктара не мае, а сямʼя давала дазвол на публікацыю дакументу, што і зрабілі ў інтарэсах грамадства і Рамана.
Сёння Кацярыне і Арцёму агучылі вырак. Ім пагражала да трох гадоў турмы. У выніку журналістка атрымала 6 месяцаў калоніі і штраф у памеры 100 базавых велічыняў (2900 рублёў), доктар – 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год. Абодвух праваабаронцы прызналі палітвязнямі.
21 снежня суддзя Анастасія Ляйкоўская завочна прызнала фатографа «Нашай Нівы» Шуру Піліповіч-Сушчыц вінаватай ва ўдзеле ў «несанкцыянаваным мерапрыемстве» і пакарала 7-дзённым арыштам. 20-гадовая дзяўчына адбывала тэрмін у ізалятарах на Акрэсціна і ў Жодзіне.
15 лістапада Шура асвятляла Марш памяці Рамана Бандарэнкі. Дзяўчыну затрымалі на Пушкінскай і адвезлі ў Першамайскае РУУС. Тое, што ў Шуры быў на поясе бэйдж журналіста, ёй не дапамагло. Фатографа адпусцілі толькі раніцай на наступны дзень, забраўшы ўсю тэхніку. Згодна з пратаколам, Шура ішла разам з удзельнікамі вулічнага шэсця, якія трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сцягі і выкрыквалі «Жыве Беларусь». Дзяўчыну арыштавалі прыкладна праз месяц пасля затрымання. На Акрэсціна Шуру і ўчастковага, які прыйшоў яе затрымліваць, завёз бацька дзяўчыны.
Менскі архітэктар Вадзім Дзмітранок таксама 15 лістапада браў удзел у акцыі памяці ў гонар Рамана Бандарэнкі на плошчы Пераменаў. У той дзень яго затрымалі. Па БТ распавялі, што ў мужчыны выявілі «нямірны арсенал». У сюжэце паказалі нібыта ягоны заплечнік, у якім знайшлі вайсковую дымавую шашку, самаробныя петарды, рагатку і жалезныя шарыкі да яе, самаробную дубінку, балаклаву. Падкрэслівалася, што мужчына 35 разоў прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці. У часе затрымання Вадзіма моцна збілі, ён ляжаў у шпіталі хуткай дапамогі з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай.
43-гадовы Вадзім Дзмітранок застаецца пад вартай з 15 лістапада. Мужчына быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, збіраў подпісы за ягонае вылучэнне кандыдатам на прэзідэнцтва. Пазней Дзмітранок увайшоў у пашыраны склад Каардынацыйнай рады.
Вадзіма Дзмітранка пачалі судзіць 12 студзеня адразу паводле чатырох артыкулаў. За ўдзел у мірным пратэсце на плошчы Пераменаў яму пагражае да васьмі гадоў. Адзіны сведка на працэсе – супрацоўнік ГУБАЗіКу ў балаклаве. Дзмітранок віны не прызнаў. На судзе мужчына распавядаў, як яго білі і залівалі вочы газавым балончыкам. «Кроў з твару выціралі бел-чырвона-белым сцягам», які, паводле Дзмітранка, яму не належыць, але фігуруе ў справе як ягоная ўласнасць.
Пасля падзеяў 15 лістапада жонка бачыла Вадзіма толькі аднойчы – у прыёмным пакоі больніцы, куды прыехала пасля ператрусу ў кватэры. Мужчына сядзеў у інвалідным вазку, не мог паварушыцца, а калі санітарка паспрабавала перавезці яго ў аддзяленне, не ў стане быў нават падняць ногі на падстаўку.
2 сакавіка ў Цэнтральным судзе Менску адбылося другое паседжанне. Суддзя аб’явіў перапынак да 15 сакавіка.
17 лютага мастачку Крысціну Палтавец аштрафавалі на 4350 рублёў (150 б. в.) за тое, што цягам некалькіх месяцаў у розных месцах Скідзелю, а таксама на прыпынках і мастах Гарадзенскага раёну і ў некалькіх вёсках яна малявала.
Мастачка ездзіла на ровары і замалёўвала нецэнзурныя словы бусламі, гербам Пагоня, бел-чырвона-белымі ялінкамі, партрэтамі Рамана Бандарэнкі, надпісамі «Я выходжу», «Жыве Беларусь». Яе абвінавацілі ў апаганьванні будынкаў і псаванні маёмасці.
Разам з Крысцінай за «апаганьванне» судзілі Андрэя Апанасовіча, знаёмага дзяўчыны, які тры разы падвозіў дзяўчыну да месца, але сам ніколі не маляваў. Мужчыну аштрафавалі на 2900 рублёў. У дзяўчыны сканфіскавалі ровар – як сродак учынення злачынства.
16 лютага 55-гадовага вайсковага пенсіянера Ігара Канапайку асудзілі на 1,5 года калоніі агульнага рэжыму і забавязалі сплаціць Таццяне Абознай, прэс-афіцэру Цэнтральнага РУУС Менску, 7000 рублёў кампенсацыі шкоды. Грамадзяніна Расеі пакаралі за хуліганства і абразу прадстаўніка ўлады.
13 лістапада Капанайка заліў мантажнай пенай уваходныя дзверы кватэры супрацоўніцы органаў унутраных справаў. Таксама ён запеніў механізм замка дзвярэй і паштовую скрыню. На скрыні напісаў фразу «Мент забойца», чым, паводле пракурора, «панізіў аўтарытэт пацярпелай і падарваў прэстыж кіраўнічай дзейнасці ў дзяржаве».
На судзе Ігар Канапайка распавёў, што прачытаў артыкул з каментарамі Абознай пра смерць Рамана Бандарэнкі, што ён быў п’яны. Яго абурыла, што ў словах прэс-афіцэра не было спачування да сям’і загінулага. Надпіс на паштовую скрыню, паводле яго, нанёс, каб данесці Абознай, што ў людзей іншае меркаванне аб прычынах смерці Рамана Бандарэнкі.
Пасля выбараў актывістку «Краіны для жыцця» і сябру ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Вольгу Паўлаву затрымлівалі чатыры разы, апошні – 15 лістапада, у дзень акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Дзяўчына з сябрам накіраваліся на плошчу Пераменаў, каб паставіць зніч. Прыехалі, паставілі і ўжо збіраліся з’ехаць, як раптам плошчу атачылі сілавікі, і пачаўся хапун, пад які трапіў сябар. Вольга не змагла заставацца ўбаку, таму зноў трапіла ў аўтазак. Жанчыну не адпусцілі, а праз некалькі дзён ёй выставілі абвінавачанне паводле арт. 342, ч. 1 КК («Арганізацыя масавых беспарадкаў»).
У зняволенні Вольга некалькі разоў трапляла ў карцар і абвяшчала там галадоўку. 11 студзеня 2021 года жанчыну прызналі палітзняволенай.
19 лютага Паўлавай далі 3 гады «хіміі» без накіравання ў папраўчую ўстанову. У Вольгі ёсць 6-гадовы сын.
16 лістапада суддзя Фрунзенскага раёну Андрэй Млечка разглядаў справу мянчанкі Вікторыі, якую разам з мамай затрымалі 15 лістапада на плошчы Пераменаў. Дзяўчына заявіла, што не ўдзельнічала ў мітынгу і не супраціўляліся міліцыянтам, як напісана ў пратаколе. Паводле затрыманай, яна цяжарная – напярэдадні зрабіла тэст, які аказаўся станоўчы. Суддзя, аднак, прызначыў дзяўчыне адміністратыўны арышт на 25 содняў.
17 лістапада прэс-служба Вярхоўнага Суда паведаміла, што факт цяжарнасці мянчанкі не пацвердзіўся.
ДР belsat.eu