У гонар Марыі Калеснікавай прапанавалі назваць вуліцу ў Берліне


Фонд свабоды Аксэля Шпрынгера прапанаваў перайменаваць участак вуліцы ля амбасады Беларусі ў Берліне ў «вуліцу Марыі Калеснікавай». Пра гэта піша выданне «Bild».

Марыя Калеснікава, прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі, на сустрэчы Святланы Ціханоўскай з жыхарамі Барысава. 23 ліпеня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Адпаведная петыцыя зʼявілася на сайце change.org. Фонд свабоды Аксэля Шпрынгера прапануе перайменаваць участак вуліцы ля амбасады Беларусі ў Берліне (Am Treptower Park 31) на Maria-Kolesnikowa-Street.

«Мы ўсведамляем, што працэс афіцыйнага перайменавання вуліцаў, ці частак вуліцаў, як у гэтай кампаніі, можа быць доўгім і цяжкім. Аднак паводле закону гэта магчыма, і мы хочам зрабіць рашучы крок. Для палітычных вязняў гэта больш за проста вулічны знак», – гаворыцца ў тэксце петыцыі.

Петыцыі пра перайменаванне вуліцаў – гэта частка кампаніі «Адрас свабоды» ў абарону палітычных вязняў, ініцыяванай Фондам свабоды Аксэля Шпрынгера ў партнёрстве з «Рэпарцёрамі без межаў», «Freedom House», Сусветным кангрэсам свабоды і Цэнтрам Рауля Валенберга.

Hавiны
«Мы думаем пра Марыю Калеснікаву». Прэзідэнт Нямеччыны звярнуўся да Лукашэнкі
2023.09.08 08:47

Нагадаем, што ў верасні 2021-га Марыю Калеснікаву пакаралі 11 гадамі зняволення паводле абвінавачанняў у змове з мэтаю захапіць уладу, закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі і стварэнні экстрэмісцкага фармавання.

У канцы лістапада 2022 года ў палітзняволенай у Гомельскай калоніі пачаўся крызіс са здароўем, калі «да праблемаў з ціскам, млосцю і стратаю прытомнасці дадаўся пакутлівы боль у страўніку». Калеснікаву завезлі ў шпіталь хуткай дапамогі, дыягнаставалі прабадзенне язвы, зрабілі аперацыю. У студзені 2023-га стала вядома, што палітзняволеную вярнулі з медсанчасткі ў атрад і скіравалі на працу.

З лютага 2023 года з Калеснікаваю цалкам адсутнічае сувязь. Лісты не даходзяць, званкоў няма, адваката не дапускаюць, а адміністрацыя Гомельскай калоніі ніякай інфармацыі пра палітзняволеную сваякам не дае.

Паводле непацверджаных звестак, Марыя цяпер у ПКТ.

Агляд
Не толькі Бабарыка, Статкевіч і Ціханоўскі: пра мноства палітвязняў даўно няма звестак
2023.11.22 11:12

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў