Украінец і шасцёра беларусаў адкрылі ў Польшчы нелегальную тытунёвую фабрыку. Усіх затрымалі


Польская памежная служба паведаміла пра ліквідацыю беларуска-ўкраінскай злачыннай групоўкі, што займалася вытворчасцю цыгарэтаў на нелегальнай фабрыцы і іх продажам. Цэх мясціўся ў Кэнтшыне ля мяжы з Расеяй.

Нелегальная тытунёвая фабрыка, дзе працавалі беларусы і ўкраінец. Кэнтшын, Польшча.
Фота: Straż Graniczna / strazgraniczna.pl

На гэтую фабрыку натрапілі пасля таго, як памежнікі спынілі для праверкі аўтамабіль з кіроўцам-украінцам і пасажырам-беларусам. У машыне знайшлі 860 тысяч цыгарэтаў. Праваахоўнікі пастанавілі правесці ператрус у памяшканні, арандаваным замежнікамі.

Нелегальная тытунёвая фабрыка, дзе працавалі беларусы і ўкраінец. Кэнтшын, Польшча.
Фота: Straż Graniczna / strazgraniczna.pl

На месцы злачынства затрымалі пяцярых беларусаў, якія працавалі на вытворчасці. У цэху выявілі сапраўдную фабрыку з вытворчай лініяй ды неабходным абсталяваннем, гатовую прадукцыю і амаль 2 тоны рэзанага тытуню коштам 1,3 млн злотых (у пераліку гэта больш чым 300 тысяч долараў).

Нелегальная тытунёвая фабрыка, дзе працавалі беларусы і ўкраінец. Кэнтшын, Польшча.
Фота: Straż Graniczna / strazgraniczna.pl

Агулам былі затрыманыя шасцёра грамадзянаў Беларусі ва ўзросце ад 29 да 49 гадоў, а таксама 27-гадовы грамадзянін Украіны. Усіх на перыяд следства арыштавалі. Ім пагражае зняволенне на тэрмін ад 3 месяцаў да 5 гадоў.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў