Сакрэтныя справы Лукашэнкі ў Эміратах і Зімбабвэ


Даўно Лукашэнку ніхто так не радаваўся. Ды і сам ён даўно не выглядаў такім шчаслівым. Нарэшце прыніжальныя візіты да Пуціна змяніліся хай сабе і кароткімі, але вельмі прыемнымі вакацыямі. Лукашэнка наведаў Зімбабвэ. Ды яшчэ і пераначаваў у Эміратах. Калі ў апошняй краіне ўсё было звышсакрэтна, то ў Зімбабвэ – гуляла ўся світа. Тры дні посцілі фотаздымкі і відэа. Аднак за ўсім гэтым шумам і святам хаваюцца таемныя бізнес-інтарэсы рэжыму Лукашэнкі, грошы, а таксама праблемы. Вялікі таварыш Лукашэнкі прэтэндуе на золата, якое менскі самазванец лічыць сваім.

Гэтак урачыста Лукашэнку даўно не сустракалі. Пераадольваеш 8 тысяч кіламетраў – і ты суперзорка афрыканскага кантыненту. Не ўсяго, вядома. Толькі Зімбабвэ. Але ў цяперашніх умовах і гэтага стае, каб суцешыць сваё эга.

Традыцыі для Лукашэнкі – рэч непарушная. Удома ён ускладае вянкі да мемарыялаў Другой сусветнай, у Зімбабвэ – да помніку загінулым у барацьбе з незалежнай Радэзіяй. На змену якой, пасля доўгай грамадзянскай вайны, прыйшла ваенізаваная групоўка, што кіруе краінай дагэтуль.

Аналітыка
Што пацягнула Лукашэнку ў Зімбабвэ? Золата, алмазы, можа, і зброя, але хіба не трактары
2023.01.30 16:13

Афіцыйна ў Афрыку Лукашэнка прыехаў узмацняць эканамічныя сувязі. Паводле яго, з 2020 года Беларусь паставіла ў Афрыку больш за 1800 трактароў і каля 80 камбайнаў. За санкцыйны перыяд амбіцыі павялічыліся – і цяпер у Афрыцы чакаюць пастаўкі 3700 беларускіх трактароў, 60 камбайнаў, больш чым 30 самазвалаў «БелАЗ» і пажарных машынаў.

«Перш за ўсё я хачу падзякаваць амерыканцам і ўсяму заходняму свету за тое, што яны ўвялі супраць нас санкцыі. У адваротным выпадку на гэтым велічэзным полі стаялі б не беларускія трактары і агратэхніка, а амерыканскія і нямецкія», – заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас візіту.

Калі Лукашэнка называе Зімбабвэ сябрамі, ён нават не хлусіць. Рэжым, што заклаў мінулы прэзідэнт Мугабэ, а цяпер працягвае Мнангагўа, ідэнтычны рэжыму Лукашэнкі: дзяржаўная манаполія ў эканоміцы, парушэнні правоў чалавека, ціск на незалежную прэсу… Але больш дакладна стасункі двух дыктатараў будзе азначыць не словам «сябры», а выразам «бізнес-партнёры». Бо ўзамен тэхнікі Лукашэнка мае доступ па карысных выкапняў – золата і дыяментаў. Пад гэта Беларусь і Зімбабвэ нават стварылі супольнае прадпрыемства. Частка належыць зімбабвійскаму дзяржаўнаму прадпрыемству. Частка – брытанскай кампаніі, за якой стаіць іншая, зарэгістраваная на Сэйшэлах «Midlands Goldfields Foundation». Яна належыць беларускаму бізнесоўцу, ганароваму консулу Беларусі ў Зімбабвэ Аляксандру Зінгману і Сяргею Шэйману, сыну найбліжэйшага лукашэнкаўскага паплечніка. Лукашэнка прызначыў Шэймана адказным за афрыканскі кантынент. У 2019-м ён прыязджаў туды з асабістым візітам. Пастаўкамі тэхнікі ў Афрыку займаецца кампанія «Aftrade», зарэгістраваная ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Яна належыць Зінгману і мае манаполію ў гэтай галіне. Пра гэтыя шэрыя схемы стала вядома год таму, дзякуючы Беларускаму расследавальніцкаму цэнтру.

«Асноўны прыбытак ад гэтых паставак атрымлівае не МТЗ або «Гомсельмаш». Ім, канечне, перападае нейкая капейка, але асноўны прыбытак, мне здаецца, застаецца ў кампаніі «Aftrade», якая, дарэчы, месціцца не ў Беларусі, а ў афшорах. Арабскія Эміраты вядомыя тым, што там шмат свабодных эканамічных зонаў і там актыўна рэгіструюцца розныя прадпрыемствы, бо яны, фактычна, плацяць мінімальныя падаткі або ўвогуле іх не плацяць», – кажа Алесь Ярашэвіч з Беларускага расследавальніцкага цэнтру.

То бок фактычна Зімбабвэ і Эміраты маюць партнёрства не з Беларуссю, а асабіста з Лукашэнкам, які і атрымлівае фінансавую выгаду ад гэтых стасункаў. Нездарма вялікаму афрыканскаму ваяжу Лукашэнкі папярэднічаў прыпынак у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. У адрозненні ад Афрыкі, дзе Лукашэнка кароль, у Эміратах усё прайшло больш сціпла.

Афіцыйна мэты візіту не называлі. Відэа і фотахронікі апублікавалі вельмі мала, у параўнанні з Зімбабвэ. У беларускай тэхніцы Эміраты не зацікаўленыя. Стасункі абмяжоўваюцца куды прыватнейшымі інтарэсамі. Арабскі бізнес будуе жыллёвыя праекты ў Беларусі, а клан Лукашэнкі захоўвае ў Эміратах уласныя грошы.

Разбор
Лукашэнка паляцеў у Эміраты і Зімбабвэ. Што ён там робіць і як часта лётае?
2023.01.25 14:56

Алесь Ярашэвіч распавядае пра кампанію «Sohra», за якой стаяць інтарэсы яшчэ аднаго набліжанага да ўлады бізнесоўца, Аляксандра Зайцава. Гэтая кампанія прадавала кар’ерныя белазаўскія самазвалы ў Зімбабвэ, для здабычы дыяментаў.

«У бізнесоўцаў Карычаў ёсць кампанія ў Арабскіх Эміратах. Пасля таго, як на іх наклалі санкцыі, увесь кантроль над сваім беларускім бізнесам яны, фактычна, перавялі з Кіпру ў Эміраты», – распавядае журналіст-расследавальнік. – Мы ведаем, што яшчэ ў аднаго бізнесоўца, набліжанага да ўлады, Аляксея Алексіна, якога называюць «тытунёвым каралём Лукашэнкі», ёсць кампанія ў Эміратах, якую падазравалі ў кантрабандзе цыгарэтаў з Беларусі ў Расею. Мы таксама ведаем, што ў Аляксея Алексіна і ягонага сына Дзмітрыя Алексіна ёсць вілы ў Дубаі».

Паўтары месяцы таму ў праграме «ПраСвет» візіты Лукашэнкі ў Эміраты і Зімбабвэ прагназаваў Аляксандр Азараў, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе аднаўлення правапарадку:

«Шэйман, мы ведаем, займаецца праз беларускую арганізацыю «Белгеадэзію» здабычай золата для Лукашэнкі. Там, наколькі я ведаю, вялікія праблемы з гэтай здабычай, бо на гэтае золата таксама прэтэндуюць і кітайцы. Ёсць такая інфармацыя інсайдарская, што ў іх нават былі сутычкі вайсковыя з тымі, хто ахоўваў беларусаў, і з тымі, хто ахоўваў кітайцаў. Лукашэнка прыехаў выпраўляць сітуацыю».

Здабычай золата і дыяментаў стасункі Лукашэнкі з Зімбабвэ не абмяжоўваюцца. Адтуль у Беларусь, а дакладней, у кампанію «ГардСэрвіс» – аналаг расейскага ЧВК Вагнэра – з афрыканскага кантыненту паступае зброя. У пачатку студзеня Валерый Сахашчык заяўляў, што найміты «Гарду» ўжо некалькі месяцаў рыхтуюцца да нападу на Украіну. Гэтай версіі прытрымліваецца і Аляксандр Азараў. Візіт Лукашэнкі ў Зімбабвэ ён звязвае ў тым ліку з уласнай бяспекай дыктатара Беларусі. Гэтую краіну ён разглядае як шлях адыходу на выпадак, калі ягонае войска пойдзе ваяваць за Пуціна, той пацярпіць паразу, а гэта аўтаматычна будзе азначаць паразу Лукашэнкі.

«Што ён можа ў Афрыцы прапанаваць? Я не ведаю. Толькі грошы, напэўна. Калі яму ўдалося некалькі мільёнаў скрасці, то ён можа іх укласці ў эканоміку таго ж Зімбабвэ», – мяркуе Аляксандр Азараў.

«Пакуль гэта фантастыка. Я зрабіў бы акцэнт на два аспекты: камерцыйныя пытанні, уключаючы зброю, магчыма, беларускую тэхніку для вясковай гаспадаркі, што пастаўляецца ў Зімбабвэ. Магчыма, яны таксама нейкія кантракты абмяркоўвалі: золата, дыяменты, усялякія каштоўныя рэчы. Ну і, вядома, псіхалагічны камфорт самога Лукашэнкі», – каментуе Каміль Клысіньскі, эксперт у справах Беларусі з варшаўскага Цэнтру ўсходніх даследаванняў.

Пэўную псіхалагічную асалоду Лукашэнка дакладна атрымаў. Тут Лукашэнка адчуў сябе ўласнікам сітуацыі, старэйшым братам ды настаўнікам. Летась у Зімбабвэ будуць выбіраць прэзідэнта, а тут у Лукашэнкі досведу не пазычаць.

Дадому Аляксандр Рыгоравіч вяртаецца не толькі з успамінамі, захаванымі ў гэтым альбомчыку, але, вядома ж, з кішэнямі, поўнымі шэрага золата і дыяментаў. Нідзе яго так не сустракалі і не праводзілі. А маглі б, калі б у свой час ён адзіны раз зрабіў тое, чаго чакалі грамадзяне, якім ён прысягаў на Канстытуцыі.

Надзея Бельская для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў