Новыя правілы электронных зваротаў у Беларусі. Цяпер толькі праз спецыяльную сістэму


У Беларусі з 2 студзеня 2023 года электронныя звароты можна падаць толькі праз Дзяржаўную адзіную рэспубліканскую інфармацыйную сістэму ўліку і апрацавання зваротаў грамадзянаў і юрыдычных асобаў. Пра гэта паведамляе Міністэрства сувязі і інфарматызацыі.

Так выглядае галоўная старонка Адзінай сістэмы электронных зваротаў. Скрыншот / обращения.бел

З 2 студзеня 2023 года ўсе электронныя звароты фізічных і юрыдычных асобаў у дзяржаўныя ведамствы, установы і арганізацыі магчымыя толькі праз спецыяльную сістэму. Норма ўстаноўленая зменамі ў Закон аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў.

Цяпер для звароту ўва ўсе ведамствы трэба выкарыстоўваць адзіны інтэрфэйс на сайце обращения.бел. Раней, каб падаць электронны зварот, трэба было запоўніць спецыяльную форму на сайце кожнай арганізацыі альбо дзяржаўнага органу, да якіх быў адрасаваны зварот.

Каб адправіць зварот, трэба ідэнтыфікавацца і аўтарызавацца ў сістэме. Ёсць некалькі варыянтаў аўтарызавання:

  • з выкарыстаннем логіну і паролю (пры гэтым прадугледжваецца абавязковае пацвярджэнне рэгістрацыі праз нумар мабільнага тэлефона);
  • праз уліковы запіс нацыянальнай паштовай электроннай сістэмы, якую можна атрымаць у любым аддзяленні паштовай сувязі;
  • з дапамогаю сертыфікату адкрытага ключа або ID-карты пры іх наяўнасці.

Для юрыдычных асобаў ідэнтыфікацыя ў сістэме прадугледжвае выкарыстанне толькі сертыфікату адкрытага ключа або ID-карты, якая належыць кіраўніку або асобе, упаўнаважанай падпісваць звароты.

Пасля адпраўлення звароту ў сістэме можна наладзіць атрыманне імгненнага онлайн- або SMS-паведамлення пра тое, на якой стадыі разгляду цяпер электронны зварот.

Адказы і апавяшчэнні на электронныя звароты таксама будуць скіроўвацца пры дапамозе гэтай сістэмы. На жаданне заяўніка адказ на электронны зварот, як і раней, можа быць скіраваны ў пісьмовым выглядзе.

Сістэма працуе на беларускай і расейскай мовах, пры гэтым кірылічнае даменнае імя сістэмы мае толькі расейскі варыянт.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў