«Спортивная панорама» назвала «Спартоўца года – 2021» у Беларусі


Незвычайна позна, толькі ў апошні дзень снежня, газета «Спортивная панорама» назвала «Спартоўца года – 2021» у Беларусі.

Ім прадказальна стаў алімпійскі чэмпіён Токіа ў скачках на батуце Іван Літвіновіч. Галоўны пасыл каментароў да гэтага выніку такі: «Чэмпіёнам можаш ты не быць, але чалавекам быць абавязаны». 20-гадоваму нарадзінцу Вілейкі прыпомнілі ягонае пасляалімпійскае няўцямнае і супярэчлівае выказванне:

«Я не паглыбляюся ў тэму палітыкі. Так, я падпісваў праўладны ліст. Але ў тым сэнсе, што спорт – па-за палітыкаю. Я заўсёды гэтага прытрымліваўся. Што адбываецца – тое адбываецца. Мяне гэта не датычыць, мяне гэта не кранула».

Батутыст Іван Літвіновіч.
Фота: Getty Images

Гэта было 62-е традыцыйнае апытанне газеты найстарэйшага спецыялізаванага выдання краіны (да 1995 года называлася «Физкультурник Беларуси»). Найлепшых спартоўцаў Беларусі пачалі вызначаць з 1959 года. Фармат перыядычна змяняўся. І ў 2000-м конкурс набыў назву «Дзясятка»: абвяшчаліся імёны дзесяці атлетаў, што адзначыліся на розных турнірах, а тытулы прысуджаліся з улікам набраных балаў – сярод мужчынаў і жанчын асобна.

Напрыклад, у 2019-м (у 2020-м падсумавання не было) фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская стала безумоўнаю лідаркаю рэйтынгу, а цяжкаатлет Андрэй Арамнаў заняў толькі 5-е агульнае месца. Раней гэтае апытанне чакалі з нецярплівасцю (рэкордная колькасць рэспандэнтаў – 138 беларускіх журналістаў, якія асвятляюць спартовую тэматыку, – была зафіксаваная ў 2011 годзе), але гэтым разам ажыятажу не было. Вынікаў упершыню не падхапіла ніводнае з найбуйнейшых прадзяржаўных СМІ.

Паводле традыцыйнага, ужо 64-га апытання PAP (Польскае прэсавае агенцтва) наймацнейшым у Еўропе сёлета прызнаны сербскі тэнісіст, першая ракетка свету АТР Новак Джокавіч. Джокавіч пакінуў на другім месцы леташняга лаўрэата – лідара мюнхенскага футбольнага клубу «Баварыя» і капітана нацыянальнай зборнай Польшчы Робэрта Левандоўскага. Джокавіча еўрапейскія журналісты паставілі на першае месца рэкордны, чацвёрты раз. У апытанні ўзялі ўдзел прадстаўнікі 26 еўрапейскіх інфармацыйных агенцтваў (ад Беларусі запрашалася БелТА).

Лідар мюнхенскага футбольнага клубу «Баварыя» і капітана нацыянальнай зборнай Польшчы Робэрт Левандоўскі.
Фота: – / imago sport / Forum

А паводле Міжнароднай асацыяцыі спартовай прэсы (у апытанні ўзялі ўдзел 529 журналістаў са 114 краінаў свету) больш за ўсё галасоў сабраў акурат Левандоўскі. Ён у штогадовым апытанні AIPS – асацыяцыі, заснаванай яшчэ ў 1924-м годзе, – найлепшы спартовец 2021 года. Дарэчы, пасля таго, як у 2017 годзе лідарам сярод мужчынаў стаў швейцарскі тэнісіст Роджэр Фэдэрэр, чатыры разы запар на вяршыню ўзыходзілі футбалісты: у 2018-м – харват Лука Модрыч, у 2019-м – аргентынец Льёнэль Мэсі, а пасля двойчы першынстваваў Робэрт Левандоўскі. Сёлета ён амаль на 86 галасоў апярэдзіў новаспечанага чэмпіёна «Формулы-1» нідэрландца Макса Вэрстапэна.

У жанчын не было роўных 29-гадовай зорцы спрынту з Ямайкі Элэйн Томпсан. У дадатак да дзвюх залатых і адной срэбнай узнагароды на Гульнях-2016 у Рыа-дэ-Жанэйра дзяўчына стала трохразоваю алімпійскай чэмпіёнкай Токіа-2020, а таксама прымаю году паводле падсумавання Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

Найлепшаю камандаю названая зборная Італіі, чэмпіёнка Еўропы – 2020 па футболе. А найлепшы прэс-цэнтр зарганізавалі для журналістаў на Алімпіядзе-2020 у Токіа. Апытаннне праводзілася сярод прадстаўнікоў 114 краінаў свету. Беларусі ў іх ліку няма.

Інтэрв’ю
Максім Беразінскі: Я б не рабіў стаўкі на тое, што Беларусь на Алімпіядзе будзе выступаць пад чырвона-зялёным сцягам
2021.12.28 16:44
Інтэрв’ю
«Калі б у Менску прайшоў чэмпіянат свету па хакеі, то не было б санкцыяў». Аляксандр Апейкін – пра вынікі 2021 года
2021.12.26 11:41

АП belsat.eu

Стужка навінаў