Аўдыт назіральнай рады марафону «Нам не ўсё адно» прайшлі 4 арганізацыі, што дапамагаюць палітзняволеным


Працягваецца фінансавае правяранне арганізацыяў і фондаў, што займаюцца размеркаваннем сродкаў, сабраных на марафоне салідарнасці для палітзняволеных і іхных сем’яў «Нам не ўсё адно», паведамляе Аб’яднаны пераходны кабінет. Днямі завяршылася правяранне трох арганізацыяў.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Галоўная рэдактарка радыё «Ўнэт» Вольга Сямашка праверыла фонд дапамогі беларусам у Літве «Razam», які са сродкаў, сабраных падчас марафону, дапамог 35 сем’ям палітзняволеных.

Кіраўнік рэдакцыі тэленавінаў «Белсат» Ігар Кулей праверыў:

  • праваабарончую ініцыятыву «Dissidentby», якая дапамагла 58 палітзняволеным (сродкі былі выдаткаваныя на перадачы, а таксама – у адным выпадку – на пільныя паслугі адваката);
  • медыяпраект «Палітвязынка», які дапамог 36 сем’ям палітзняволеных (прадуктамі, сродкамі гігіены, вопраткай).

Прадстаўнікі назіральнай рады зрабілі заключэнне, што ўсе сродкі, якія паступілі арганізацыям, былі перададзеныя атрымальнікам у поўнай адпаведнасці з рэгламентам.

Надоечы таксама правяранне паспяхова прайшоў фонд «Краіна для жыцця».

Hавiны
Назіральная рада марафону «Нам не ўсё адно» назвала канчатковую суму сабраных для палітвязняў сродкаў
2023.08.17 19:47

Онлайн-марафон салідарнасці з беларускімі палітычнымі зняволенымі «Нам не ўсё адно» прайшоў 29–30 ліпеня. Акцыю зладзілі больш за 20 незалежных медыяў, у тым ліку «Белсат». Гасцямі супольнага эфіру сталі беларускія палітыкі і актывісты, спартоўцы, музыкі і творцы. Падчас марафону на падтрыманне палітвязняў і іхных сем’яў было сабрана больш за 500 тысяч еўраў.

Станам на 28 лістапада для дапамогі палітзняволеным у арганізацыі і фонды было пераведзена 458 500 з 545 740,22 еўраў (агульнай сумы, што засталася пасля аплаты камісіі). Яшчэ каля 12 000 еўраў пакуль захоўваецца ў крыптавалюце, паведамляў раней АПК.

Каментар
Андрэй Стрыжак: Рэпутацыя – гэта самая галоўная праверка
2023.10.23 23:42

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў