Вяртанне ў СССР або падрыхтоўка да рэферэндуму? Навошта ўрад хоча ўвесці бонусныя карткі на ежу


Намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Субоцін заявіў, што ўрад плануе скараціць спіс тавараў, цэны на якія падлягаюць дзяржаўнаму рэгуляванню, але адначасова ўвесці бонусныя карткі для маламаёмных слаёў насельніцтва. Belsat.eu разбіраўся, што гэта значыць і ці можна казаць пра вяртанне ў Беларусь элементаў карткавай сістэмы савецкага ўзору.

Што было заяўлена

На гэтым тыдні віцэ-прэм’ер Аляксандр Субоцін заявіў, што ўрад плануе скарэктаваць пастанову № 100. Гэты дакумент, які быў прыняты сёлета ў лютым, прадугледжвае дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў на 62 віды сацыяльна значных тавараў (збольшага харчоў, але ў спіс уваходзілі і туалетная папера і запалкі) і 50 відаў лекаў. Пастанова забараняла павышаць цэны на гэтыя тавары больш чым на 0,2 % на месяц.

Прадукты першай неабходнасці. Менск, Беларусь. 1 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Субоцін падкрэсліў, што гэта была вымушаная мера, але яна ўплывае на фінансавы стан прадпрыемстваў, таму наконт будучыні дакументу ёсць розныя меркаванні. Віцэ-прэм’ер адзначыў, што пастанова № 100, хутчэй за ўсё, застанецца, але пералік сацыяльна значных тавараў скароцяць з 62 да 17.

Таксама ў перспектыве разглядаецца пераход да «адраснай дапамогі».

«У якім фармаце гэта будзе? Думаю, неўзабаве вы ўбачыце. З сеткамі размова на гэтую тэму ўжо адбылася. Магчыма, будуць нейкія бонусныя карткі для пенсіянераў, маламаёмных, шматдзетных семʼяў», – паведаміў ён.

Субоцін не ўдакладніў, паводле якога прынцыпу такія карткі будуць працаваць і на які абʼём дапамогі яны будуць разлічаныя.

Што гэта можа азначаць

Аналітык «East Center / ISANS» Андрэй Елісееў у сваім блогу параўнаў так званыя бонусныя карткі з прадуктовымі карткамі, якія існавалі ў савецкі час. Эксперт мяркуе, што нейтральная назва, «бонусныя карткі», абраная проста дзеля таго, «каб моцна не хваляваць грамадскасць».

Елісееў правёў паралелі з пастановай Савету Міністраў Беларусі № 423 ад 14 лістапада 1991 года, калі былі ўведзеныя ў абарачэнне адразныя купоны на куплю тавараў. «Якраз практычна на 30-годдзе гістарычнай лістападаўскай пастановы і абвесцілі пра «бонусныя карткі». Сапраўды, гісторыя паўтараецца ў выглядзе фарсу», – піша ён.

Комаровский рынок, торговля
Камароўскі рынак. Менск, Беларусь. 26 кастрычніка 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Але эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што параўноўваць бонусныя карткі з карткавай сістэмай савецкага ўзору не варта – гэта розныя з’явы. Ён мяркуе, што цяпер няма падставаў казаць пра тое, што ініцыятыва ўраду з бонуснымі карткамі звязаная з пагрозай дэфіцыту, бо ў такім выпадку гаворка б ішла пра масавую кампанію, а не адрасную дапамогу. А самі па сабе праграмы адраснага падтрымання бедных слаёў насельніцтва дзейнічаюць нават у такіх краінах, як ЗША.

«Бонусныя карткі – гэта, безумоўна, не карткі савецкага ўзору.

Гэта хутчэй частка папулісцкай кампаніі. Улады выкарыстоўваюць гэта (ініцыятыву з увядзеннем бонусных картак. – Заўв. belsat.eu), каб мінімальнымі рэсурсамі падрыхтаваць грамадскае меркаванне да палітычнай кампаніі рэферэндуму, каб паказаць, што яны клапоцяцца і абараняюць самыя ўразлівыя слаі насельніцтва.

«Калі б увядзенне картак было масавай з’явай, яны ўводзіліся б паўсюль і на ўсе тавары, то тады можна было б казаць пра дэфіцыт. Але пра гэта казаць рана», – адзначыў Раманчук у размове з belsat.eu.

Што датычыць планаў ураду скарэктаваць пастанову № 100, то гэта, на думку Раманчука, сведчыць пра тое, што план стрымлівання інфляцыі пры дапамозе дзяржаўнага рэгулявання цэнаў праваліўся. Першапачаткова Нацбанк прагназаваў інфляцыю на ўзроўні 5 %, а ўжо ў кастрычніку яна перавысіла 10 %. Раманчук мяркуе, што такая сітуацыя якраз і стала вынікам дзеяння ўладаў, якія імкнуліся ўручную рэгуляваць цэны на ўнутраным рынку.

Комаровский рынок, торговля
Камароўскі рынак. Менск, Беларусь. 26 кастрычніка 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

На думку эканаміста, праз скарачэнне пераліку тавараў, цэны на якія падлягаюць дзяржаўнаму рэгуляванню, улады імкнуцца не дапусціць дэфіцыту, бо «прадпрыемствам цяжка ўкладацца ў выдаткі на вытворчасць пры абмежаванні цэнаў».

«Праз гэта пачалі перыядычна з’яўляцца паведамленні, што ў тым ці іншым горадзе назіраецца дэфіцыт некаторых тавараў. Гэта якраз першае сведчанне таго, што ёсць разбалансаваны рынак і трэба з гэтым нешта рабіць. Таму ўрад вырашыў пайсці на адзіную правільную (хоць і не поўную) меру – лібералізацыю коштаў. Каб зарабілі механізмы попыту і прапановы», – тлумачыць Раманчук.

Аналітыка
Чаму з крамаў знікае цукар? Спыталі ў заводу і гандлёвай сеткі
2021.09.29 10:21

Карткі і купоны. У чым розніца, як гэта працуе?

Першы досвед увядзення картак на прадукты гісторыкі адносяць да часу Вялікай Французскай рэвалюцыі. У сучасным разуменні карткавая сістэма ўпершыню атрымала масавы распаўсюд у перыяд Першай сусветнайвайны, калі шэраг еўрапейскіх краінаў былі вымушаныя такім чынам змагацца супраць дэфіцыту. Але перш за ўсё карткавая сістэма асацыюецца з СССР і краінамі сацыялістычнага лагеру, бо толькі там насельніцтва рэгулярна сутыкалася з дэфіцытам нават у абсалютна мірны час – у тым ліку ў 1980-я і на пачатку 1990-х.

Харчовая крама. Менск, Беларусь. 1 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Пры гэтым трэба адрозніваць карткавую сістэму і сістэму купонаў. Карткі – гэта не бясплатная дапамога, а дазвол на «атаварку» ў межах пэўнай сумы. То бок грошы ўсё роўна трэба плаціць, але без карткі тавару не прададуць. Сэнс сістэмы заключаецца ў нармаванні аб’ёмаў продажу дэфіцытных тавараў, каб выключыць пагрозу іх поўнага знікнення з унутранага рынку.

Купоны ў сваю чаргу можна разглядаць як пэўную замену грошай. Яны прадугледжаныя не для ўсяго насельніцтва, а толькі для бедных слаёў – людзей, у якіх можа проста не хапаць грошай на тыя ці іншыя тавары першай неабходнасці. З дэфіцытам у краіне гэта наўпрост не звязана.

Сістэма купонаў працуе ў тым ліку ў паспяховых, развітых дзяржавах. Напрыклад, у ЗША дзее федэральная праграма SNAP (раней яе называлі «праграма прадуктовых квіткоў» – food stamps), якая прадугледжвае, што амерыканцы з даходам, ніжэйшым за пэўны ўзровень, могуць разлічваць на дзяржаўную дапамогу, калі купляюць ежу. Напрыклад, у 2016 годзе такую дапамогу ў ЗША атрымлівалі 43,2 млн чалавек.

Нешта падобнае ў 2017 годзе хацелі ўвесці ў Расеі – гаворка тады ішла пра дапамогу маламаёмным з залічэннем на спецыяльныя карткі «эквіваленту грашовых сродкаў», балаў і бонусаў. Меркавалася, што за іх можна будзе купіць некаторыя харчы. Але гэтая ініцыятыва ў Расеі так і не была зрэалізаваная.

Малочная прадукцыя на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь. 24 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Віцэ-прэм’ер Аляксандр Субоцін не распавёў дэталяў таго, як мусяць працаваць бонусныя карткі, але з кантэксту ягонага выказвання выглядае, што ўрадавая ідэя пакуль бліжэйшая да сістэмы купонаў, чым да карткавай сістэмы, якая існавала ў СССР.

РР belsat.eu

Стужка навінаў