З’явіліся звесткі з калоніі ад былой журналісткі Ларысы Шчыраковай


Праваабаронца і былы палітзняволены Леанід Судаленка паведаміў у «Фэйсбуку», што ў яго з’явіліся новыя звесткі пра былую журналістку Ларысу Шчыракову, асуджаную да трох з паловай гадоў калоніі.

Ларыса Шчыракова.
Фота: Ларыса Шчыракова / Facebook

Леанід Судаленка адзначае, што ў Гомельскай калоніі Ларыса Шчыракова працуе швачкай.

«На здароўе не скардзіцца, кажа, што з усімі там ужо пазнаёмілася. Перадае прывітанне і падзякі за падтрымку! Спадзяецца, што тэрмін да канца адбываць не давядзецца (жартуе, што ў яе планы гэта не ўваходзіць)», – адзначае праваабаронца.

Таксама Судаленка напісаў, што спадарыня Ларыса атрымала адну вялікую перадачу (дазваляецца да 50 кілаграмаў раз на тры месяцы), дзе былі вельмі патрэбныя ёй у зняволенні рэчы.

Спадарыня Ларыса спадзяецца, што ў хуткім часе зможа атрымаць 24-гадзіннае спатканне з сынам.

«Яшчэ шчыра марыць, што за добрыя паводзіны і станаўленне на шлях выпраўлення ёй дазволяць раней выйсці на волю…» – піша Леанід Судаленка.

Падтрымаць Ларысу Шчыракову лістамі і паштоўкамі можна на адрас: ПК № 4, вул. Антошкіна, 3, 246035, г. Гомель. У графе «Каму» трэба пазначыць: Шчыраковай Ларысе Фёдараўне.

Ларысу Шчыракову затрымалі ў Гомлі 6 снежня 2022 года. 31 жніўня 2023-га яе асудзілі паводле частак 1 і 2 артыкулу 361-4 і 369-1 Крымінальнага кодэксу, прызнаўшы вінаватай у спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці і дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Паводле абвінавачання, яна са жніўня 2020-га да снежня 2022-га прапанавала для размяшчэння і размясціла ў інтэрнэце «інфармацыйныя матэрыялы з загадзя непраўдзівымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь». Таксама «ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўванне, захоўванне і перадачу аўдыя-, відэа-, фота- і тэкставай інфармацыі» для праваабарончага цэнтру «Вясна» і тэлеканалу «Белсат».

Падчас суда, які праходзіў у закрытым рэжыме, былую журналістку засудзілі на 3,5 гада пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму з частковай канфіскацыяй маёмасці і штрафам 3700 рублёў.

Шчыракова не падавала апеляцыі ў Вярхоўны Суд, палічыўшы гэта марнаваннем часу. 22 верасня яна трапіла ў спіс «экстрэмістаў».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў