На Аршанскім мяса-кансервавым камбінаце пацярпелі пяцёра супрацоўнікаў


1 лістапада ў кансервавым цэху Аршанскага мяса-кансервавага камбінату адбыўся некантраляваны скід ціску аўтаклава. Пацярпелі пяцёра чалавек, двое знаходзяцца ў рэанімацыі.

Месца здарэння на Аршанскім мяса-кансервавым камбінаце. Аўтаклаў, у якім сарвала накрыўку.
Фота: скрыншот з відэа / Следчы камітэт Беларусі / Telegram

Паводле Следчага камітэту, усталявана, што супрацоўніца мясакабміната выконвала вытворчыя працэсы з аўтаклавам, у якім стэрылізавалася тушонка. Пры спробе ахалоджвання абсталявання адбыўся выкід пары, якая знаходзілася пад высокім ціскам.

На месцы здарэння праводзяцца следчыя мерапрыемствы, прызначаныя неабходныя экспертныя даследаванні.

Пацярпелыя дастаўленыя ў аршанскую Гарадскую бальніцу №1.

Як адзначаецца ў тэлеграм-канале Міністэрства аховы здароўя, ува ўсіх пацыентаў дыягнаставаныя чэрапна-мазгавыя траўмы, тэрмічныя апёкі твара, цела, верхніх і ніжніх канечнасцяў. Двое знаходзяцца ў цяжкім стане з 40–60% апёкамі цела, іх рыхтуюць для транспарціроўкі і пераводу на лячэнне ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр пры Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Менску. Стан яшчэ траіх характарызуецца як здавальняючы, у іх дыягнаставаныя апёкі меншай ступені.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў