Што за навучальна-баявыя цэнтры? Яны ўжо дзеюць, але дамовы паміж Беларуссю і Расеяй яшчэ няма


Аляксандр Лукашэнка 31 кастрычніка падпісаў указ аб праекце дамовы з Расеяй пра стварэнне навучальна-баявых цэнтраў для супольнага рыхтавання вайскоўцаў. Але ж гэтыя цэнтры анансавалі яшчэ ўвесну летась, а памочнік міністра абароны Беларусі кажа, што яны ўжо дзеюць. Як гэта, калі дамовы яшчэ не падпісалі?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паказальны занятак на пляцы Вайсковай акадэміі з нагоды дня адчыненых дзвярэй. Менск, Беларусь. 29 кастрычніка 2022 года.
Фота: Павел Матусевіч / Ваяр

Што за цэнтры

Беларускі вайсковы эксперт у каментары «Белсату» кажа, што гэтыя цэнтры сапраўды працуюць працяглы час. Яны былі створаныя пагадненнем між міністэрствамі абароны Беларусі і Расеі. Каб цэнтры маглі працаваць, у Беларусь прывёз тэхніку каля Горадні Дзмітраўскі полк з расейскага Падмаскоўя, а ў Баранавічы прыляцелі тры расейскія самалёты Су-30СМ.

Меркавалася, што ў Беларусі створаць цэнтр рыхтавання спецыялістаў вайскова-паветраных сілаў і супрацьпаветранай абароны (ВПС і СПА). У Беларусі і лётчыкі, і зенітчыкі – пад адным камандаваннем, але ім патрэбныя розныя матэрыяльныя часткі і розныя інструктары, таму навучальны цэнтр мае два філіялы. Адзін для навучання на зенітна-ракетныя комплексы С-400. Паводле звестак медыяў, ён у раёне Горадні, дзе раней былі пазіцыі комплексаў С-300. Друг філіял – у Баранавічах, на аснове 61-й авіяцыйнай базы.

Знішчальнік Су-30СМ на авіябазе ў Баранавічах, Беларусь.
Фота: eurasia.expert

«Гэтыя цэнтры прадугледжваюць, што расейскія выкладчыкі і расейскія спецыялісты будуць рыхтаваць беларускіх для працы на ЗРК С-400 і на самалётах-знішчальніках Су-30СМ, – тлумачыць эксперт. – Спецыфіка гэтых цэнтраў у тым, што разам з навучаннем адмыслоўцы Беларусі і Расеі будуць несці навучальна-баявое дзяжурства. То значыць, не проста будуць вучыцца, а ў працэсе будуць удасканальваць навыкі».

Мяркуючы з выказванняў афіцыйных асобаў, дадае эксперт, яшчэ не пачаў напоўніцу працаваць, але ўжо зарганізаваны цэнтр ракетных войскаў і артылерыі, які, хутчэй за ўсё, будзе ў «сталіцы беларускіх ракетных войскаў», у Асіповічах. Там могуць рыхтаваць спецыялістаў для аператыўна-тактычных ракетных комплексаў «Іскандэр-М» – таксама расейскіх.

Каментар
Чаму Расея амаль перастала страляць з Беларусі ракетамі, але таемна запускае дроны-камікадзэ?
2022.11.01 07:30

Навошта яны

На думку эксперта, гэтыя цэнтры патрэбныя, каб Беларусь магла атрымаць доступ да С-400 і «Іскандэр-М». Купіць такую тэхніку Беларусь наўрад ці можа: адзін С-400 каштуе 700–800 мільёнаў долараў, Су-30СМ каштуюць 25–30 мільёнаў долараў (у Беларусі ёсць 4 свае, яшчэ 8 хацелі купіць, але не могуць – бракуе грошай), «Іскандэры» каштуюць як мінімум дзясяткі мільёнаў долараў. А хочацца – пра гэта заяўляў асабіста Аляксандр Лукашэнка.

«Каб Беларусь магла законна, згодна з міжнародным правам, атрымаць у сваё распараджэнне гэтыя сістэмы і былі створаныя гэтыя навучальна-баявыя цэнтры.

Яны першапачаткова працавалі, згодна з пагадненнямі між міністэрствамі абароны, але калі гаворка зайшла пра цэнтры на базе «Іскандэр-М», відавочна, спатрэбіліся больш сур’ёзныя міжнародныя пагадненні, якія б узаконілі перабыванне комплексаў і выкарыстанне іх беларускімі разлікамі. Бо, паводле міжнароднага права, ракетныя комплексы з дальнасцю страляння больш за 300 кіламетраў Беларусь мець не можа. І вось такім хітрым манеўрам гэтыя міжнародныя пагадненні маюць абыходзіцца», – кажа эксперт.

Для беларускага боку гэтыя комплексы – выйгрыш, бо Беларусь набывае такую зброю, якую ў звычайных умовах не магла б мець.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Зенітна-ракетны комплекс С-400 «Трыумф» на рэпетыцыі вайсковага параду. Масква, Расея. 4 траўня 2010 года.
Фота: Goodvint / Wikimedia, CC BY-SA 3.0

Наўрад менавіта гэтыя цэнтры пагражаюць Беларусі. Расея, адзначае эксперт, і без таго заўжды можа ўвесці ў Беларусь дадатковы кантынгент. Беларусь і Расея ўжо разгортваюць «рэгіянальную групоўку войскаў», у якой мусіць быць каля 9 тысячаў расейскіх вайскоўцаў, 170 танкаў і 200 браняваных баявых машынаў. І гэтыя лічбы не максімальныя – гэта тое, што пакуль вызначылі бакі, а Расея пакуль мае вялікія цяжкасці з колькасцю вайскоўцаў.

Але і гэта нервуе Украіну: Расея прымушае яе трымаць на мяжы з Беларуссю значныя сілы, адцягваць іх з Данбасу, дзе ўкраінскія войскі пакуль маюць колькасную перавагу над расейскімі. Адпаведна, Украіна вымушаная трымаць на мяжы значныя сілы, капаць умацаванні, падрываць масты і мініраваць дарогі, нават ведаючы, што імавернасць нападу з тэрыторыі Беларусі невысокая. Вайна, кажа эксперт, – справа такая, што сёння гэтак, а заўтра па-іншаму могуць загучаць заявы.

Артыкулы
Блеф пад Херсонам, пекла ў Бахмуце і «лінія Вагнэра». Тлумачым, што цяпер адбываецца на фронце
2022.10.28 20:17

І з гэтага не варта смяяцца

Украінскія войскі не раз заяўлялі, што за адзін дзень збівалі па чатыры расейскія самалёты. І «Іскандэры» знішчалі, і пра знішчэнне С-400 ужо заяўлялі. Што з таго, што Беларусь атрымае доступ да таго, што Украіна можа зліквідаваць за дзень?

Эксперт кажа, гэта так жа сур’ёзна, як «танк-мангал з печкаю на трубе», з якога смяяліся замежныя вайсковыя эксперты.

Саматужная абарона танка Т-72Б ад «Джэвэлінаў». Палігон Асіповіцкай 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады, Беларусь. 26 кастрычніка 2022 года.
Фота: Раміль Насібулін / БелТА
Саматужная абарона цяжкавіка. Палігон Асіповіцкай 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады, Беларусь. 26 кастрычніка 2022 года.
Фота: Раміль Насібулін / Белта

Тыя сумнеўныя ўдасканаленні тэхнікі, якія паказалі беларускія вайскоўцы, зробленыя на падставе баявога досведу Расеі ва Украіне і стратаў ад комплексаў «Джэвэлін». Печка – выпраменьвальнік цеплыні, які мусіць адцягнуць ракету ад рухавіка, на які яна цэліцца паводле тэмпературы. Клетка мае абараніць самыя слабыя часткі ад кумулятыўных снарадаў, прымусіць снарады дэтанаваць раней і менш пашкодзіць браню.

Гэта не вельмі надзейныя саматужныя выдумкі, «першая рэакцыя». Эксперт кажа, гэта не гарантыя абароны, потым можна прыдумаць нешта лепшае, але гэта тое, што пакуль ёсць. І гэта больш, чымся нічога.

Разбор
«З новага – забаранілі смартфоны». Як у Беларусі праходзіць немабілізацыя
2022.10.24 08:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў