Журналіст Генадзь Мажэйка ўжо год у СІЗА за матэрыял пра Андрэя Зельцара. Што вядома пра справу?


1 кастрычніка 2022-га будзе год, як за кратамі застаецца журналіст «Комсомольской правды в Беларуси» Генадзь Мажэйка. Яго затрымалі ў аэрапорце ў Маскве і вярнулі ў Беларусь, дзе за матэрыял пра Андрэя Зельцара выставілі абвінавачанні ў распальванні варожасці ды абразе прадстаўніка ўлады (другі артыкул потым замянілі на абразу прэзідэнта). Нашая крыніца, знаёмая з Генадзем і ягонаю сям’ёй, распавяла, што вядома пра справу Генадзя і як ён пачуваецца ў зняволенні.

Генадзь Мажэйка.
Фота: Геннадий Можейко / VK

40-годдзе за кратамі

28 верасня 2021 года ў Менску адбылося рэзананснае здарэнне, якое пазней стала вядомае як «справа Зельцара». У кватэру да камандавага лідара «EPAM Systems» Андрэя Зельцара спрабавалі ўварвацца ўзброеныя супрацоўнікі КДБ. У выніку адбылася страляніна, падчас якой Андрэй забіў супрацоўніка КДБ, а потым застрэлілі яго самога.

Пра здарэнне пісалі ўсе беларускія і шмат якія замежныя медыі. Журналіст «Комсомольской правды в Беларуси» Генадзь Мажэйка пагутарыў з аднакласніцай Андрэя Зельцара. Матэрыял, у якім дзеўчына станоўча адгукаецца пра забітага праграміста, выйшаў увечары 28 верасня. У той жа дзень сайт «КП в Беларуси» заблакавалі.

Hавiны
У Следчы камітэт выклікаюць аднакласніцу Андрэя Зельцара, якая дала каментар журналісту Генадзю Мажэйка
2022.02.19 18:55

Ужо 1 кастрычніка стала вядома, што ў Маскве ў аэрапорце затрымалі журналіста Генадзя Мажэйку. Знаёмы Генадзя кажа, што яго вярнулі ў Беларусь як асобу, уезд якой у Расею непажаданы, аднак пазней высветлілася, што ў спісах неўязных журналіста не было.

Генадзь Мажэйка.
Фота: kp.ru

Генадзя спачатку адвезлі ў Менск на Акрэсціна, потым змясцілі ў Следчую турму № 8 у Жодзіна. Журналісту выставілі абвінавачанні паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: «Распальванне варожасці» (арт. 130 ) і «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369). Сваёй віны Генадзь не прызнаў тады, не прызнае і цяпер.

У канцы снежня 2021 года журналіста перавялі з Жодзіна ў СІЗА № 1 у Менску на вуліцы Валадарскага. За кратамі 11 траўня 2022-га Генадзю споўнілася 40.

Hавiны
Палітвязень Генадзь Мажэйка: «Адчуваю астыванне падтрымкі»
2022.03.23 09:49

Следства завяршаецца

Як распавёў знаёмы Генадзя і ягонай сям’і, у абвінавачанні змянілі артыкул «Абраза прадстаўніка ўлады» на «Абразу прэзідэнта». Следства ўжо падыходзіць да канца, адвакат азнаёміўся са справаю.

«Верагодна, да канца года адбудзецца суд, хоць дакладна пакуль нічога невядома, – кажа нашая крыніца. – Мы ў чаканні, але не ведаем, чаго чакаць, гледзячы на тое, што адбываецца. Аднак усе спадзяюцца на лепшае, бо з боку Гены сапраўды няма нічога, што б падыходзіла пад артыкулы, у якіх яго вінавацяць».

21 верасня адбылося кароткатэрміновае спатканне Генадзя з бацькамі. Паводле знаёмага сям’і, Генадзь трымаецца бадзёра, знаходзіць сабе ў СІЗА розныя заняткі. Першы час найбольш цярпеў ад нястачы інфармацыі, але цяпер больш-менш адаптаваўся. Адзначае, што на Валадарцы побытавыя ўмовы лепшыя, чымся ў Жодзіне. Ні на што асабліва не скардзіцца, падбадзёрвае блізкіх і калегаў.

Генадзь Мажэйка.
Фота: Gennadiy Mojeiko / Facebook

Генадзь выглядае добра, згаліў бараду.

Лісты, як з волі да журналіста, так і ад яго на волю, ідуць кепска:

«Аднак сябры не забываюць Гену, працягваюць пісаць. А ў тых лістах ад Гены, якія ўсё ж даходзяць, ён шмат жартуе. Напрыклад, піша, што даведаўся шмат цікавага там, дзе ён цяпер, і просіць вызваліць яму паласу ў газеце. Падбадзёрвае, што не адбылося нічога страшнага, просіць нас тут на волі жыць, як і раней».

У кватэры зноў правялі агляд, бацькі пад падпіскай аб неразгалошванні

Генадзь Мажэйка.
Фота: Gennadiy Mojeiko / Facebook

Зняволенне паказала, як шмат у Генадзя сяброў, якія яны добрыя людзі, бо не забываюцца ні пра яго, ні пра ягоную сям’ю, якую таксама працягваюць падтрымліваць, адзначае знаёмы сям’і журналіста.

Hавiны
Галоўрэд «КП» распавёў пра ролю расейскіх спецслужбаў у арышце Генадзя Мажэйкі
2021.10.16 10:35

Генадзь нежанаты, у яго няма дзяцей. Да зняволення жыў разам з бацькамі. Адразу пасля затрымання ў кватэры бацькоў адбыўся ператрус.

«Яны тады яшчэ не ведалі пра абвінавачанне, але па тым, як праходзіў ператрус, стала зразумела, што ўсё кепска», – прыгадвае суразмоўца.

Сёлета дамоў да Генадзя зноў прыходзілі сілавікі з аглядам. Бацькоў выклікалі на допыт, але яны адмовіліся даваць паказанні, зараз яны пад падпіскай аб неразгалошванні.

Генадзь Мажэйка працаваў у «Комсомольской правде в Беларуси» больш за 10 гадоў. Хоць паводле адукацыі ён не журналіст (скончыў БДУіР), але яшчэ з дзяцінства любіў пісаць, кажа знаёмы, а потым сур’ёзна захапіўся журналістыкаю. Стаў пісаць пра музыку, музычныя фестывалі, аўтамабілі, вайсковую тэхніку. Паступова перайшоў на сталую працу ў «КП».

Генадзь Мажэйка.
Фота: Геннадий Можейко / VK

Акрамя журналістыкі, Генадзь захапляецца фатаграфаваннем, атрымліваў узнагароды на адпаведных конкурсах.

Амаль адразу пасля затрымання беларускія праваабаронцы прызналі Генадзя Мажэйку палітычным вязнем. Дэпутат Еўрапарламенту Люкас Мандль стаўся ягоным сімвалічным хросным.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў