Польшча хоча запатрабаваць у Нямеччыны рэпарацыю за Другую сусветную вайну на больш чым $ 1,3 трлн


Польшча ацаніла страты, нанесеныя краіне Нямеччынай падчас Другой сусветнай вайны, на 6,2 трлн злотых (больш за $ 1,3 трлн). Пра гэта заявіў 1 верасня лідар кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Ярослаў Качыньскі падчас прэзентацыі справаздачы аб ваенных стратах.

Ярослаў Качыньскі.
Фота: РАР

Паводле Качыньскага, польскі ўрад прыняў рашэнне звярнуцца да Нямеччыны з прапановаю распачаць перамовы аб выплаце рэпарацыяў.

«Сума сур’ёзная – звыш 6,2 трлн злотых. <…>. Але гэтая сума для нямецкай эканомікі цалкам пад’ёмная, і яна не абцяжарыць яе ніякім празмерным чынам, асабліва калі браць пад увагу, што такія рэпарацыі выплачваюцца дзесяцігоддзямі, – сказаў лідар «ПіС». – <…> У гэтай суме вельмі сур’ёзную частку складае кампенсацыя за смерць больш як 5,2 млн польскіх грамадзянаў. Вельмі сур’ёзную частку гэтай групы складаюць польскія грамадзяне габрэйскай нацыянальнасці альбо палякі габрэйскага паходжання».

Качыньскі зазначыў, што дзясяткі краінаў у розным аб’ёме, але атрымалі рэпарацыі ад Нямеччыны, у той час як Польшчы нічога не было выплачана.

«На самой справе Нямеччына так і не разлічылася за свае злачынства ў дачыненні Польшчы», – зазначыў палітык.

1 верасня ў Польшчы праходзілі памятныя імпрэзы, прысвечаныя нямецкаму нападу на краіну 1 верасня 1939 года і пачатку Другой сусветнай вайны.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў