Міхаіл Аршынскі браў удзел у конкурсе з дакументальным фільмам «Не бойся», у якім распавядаецца пра барацьбу беларускага народу за сумленныя выбары.
У стужцы паказаныя лёсы людзей, якія адгукнуліся на заклік блогера Сяргея Ціханоўскага і ўзялі ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі 2020 года. Падзеі адлюстраваныя праз прызму назіранняў рэжысёра Міхаіла Аршынскага, які стаўся сведкам неймавернага палітычнага супрацьстаяння ў 2020-м. З камераю ў руках ён асабіста прасачыў за кожным этапам кампаніі ды здымаў, як улады перашкаджалі збіраць подпісы і перадаваць іх у выбаркамы, як аб’ядналіся штабы альтэрнатыўных кандыдатаў і разам з імі ездзіў па рэгіёнах Беларусі.
Прэмія «Hinzpeter Awards» атрымала імя выбітнага нямецкага журналіста Юргена Гінцпэтэра. У 1980 годзе ён быў адзіным рэпарцёрам, які асвятляў жорсткае здушэнне паўстання супраць вайсковай дыктатуры ў горадзе Гванджу, менавіта дзякуючы яму свет тады даведаўся пра крывавыя падзеі ў Паўднёвай Карэі. Карэйцы вельмі высока ацэньваюць ролю Юргена Гінцпэтэра ў дэмакратызацыі сваёй краіны, таму заснавалі ў ягоны гонар прэмію. Ёю цяпер узнагароджваюць рэпарцёраў, якія дэманструюць выбітны журналісцкі дух, асвятляючы дэмакратычныя падзеі па ўсім свеце.
ІІ belsat.eu