Прагляд выступу Лукашэнкі, дзяржаўны гімн і міліцыянты. Як прайшоў першы навучальны дзень у школах Беларусі


Першага верасня шмат якія бацькі свядома не павялі дзяцей на першы ўрок у школу. Зрэшты, нават урачыстая лінейка сёлета прайшла з адметнасцямі. Некалькі разоў гучаў дзяржаўны гімн, а каля школы дзяжурылі міліцыянты. Чытачы belsat.eu дзеляцца ўражаннямі ад першага дня новага навучальнага года.

Лінейка ў школе № 180. Менск, Беларусь. 1 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Першы ўрок у школе сёлета на загад Мінісэрства адукацыі прайшоў у межах фармавання ў вучняў «грамадзянскасці і патрыятызму» пад лозунгам «Адзінства беларускага народу – падстава незалежнасці краіны». Старшакласнікам распавядалі пра Вялікую Айчынную вайну і паказвалі выступы Лукашэнкі. Многія бацькі, ведаючы пра гэта, не павялі дзяцей на першы ўрок і заклікалі іншых зрабіць гэтак жа.

«Падчас лінейкі раніцаю два разы гучаў дзяржаўны гімн. Прагучала таксама, што першакласнікі пасадзяць туі. Гэта стане сімвалам Года народнага адзінства. Цікава, што на ўрачыстай лінейцы былі міліцыянты. Не вядома, ці яны былі са сваймі дзецьмі, ці сачылі за парадкам. А першы ўрок у раскладзе быў пазначаны як «Адзінства беларускага народу – падстава незалежнасці краіны». Мы вырашылі, што проста не пойдзем на яго», – распавёў «Белсату» жыхар Берасця.

Іншыя бацькі паступілі аналагічна.

«Прамыўка мазгоў пачынаецца з першага занятку!» – абураюцца бацькі вучняў з Ліды.

«А мы не неслі кветак! І больш не панясем! Пакуль там засталіся тыя, хто выклікаў на бацькоў амапаўцаў», – кажуць менчукі.

Аналітыка
Ідзем у школу ўзмоцненага рэжыму. Чым адметны новы навучальны год у Беларусі
2021.09.01 10:00

Старшакласнікі актыўна абмяркоўваюць першы ўрок у сацыяльных сетках. Адметна, што выступ Лукашэнкі і некаторыя моманты з гісторыі паказвалі не ўва ўсіх класах.

«Мае дзеці прыйшлі: адзін распавёў, што глядзелі выступ Лукашэнкі… Распавядалі пра палітыку, што Заходняя Беларусь вельмі кепска жыла да 39-га. Гэта ў 6-м класе. А вось другі сын нічога падазронага не заўважыў. Але наагул няма настрою ні ў каго», – дзеляцца ўражаннямі чытачы «Белсату».

Фота ад чытачоў «Белсату»

Аляксандр Лукашэнка 1 верасня ў Бабруйску падчас адкрыцця школы падкрэсліў, што перакананы ў неабходнасці патрыятычнага выхавання ў школах:

«Трэба. Мы гэта ведаем, што трэба, і мы гэта будзем рабіць. Мы бачылі, што недапрацоўваем у гэтым плане. Аказалася, не ўсім зразумела».

Раней Лукашэнка падчас рэспубліканскага педсавету таксама звяртаў увагу на палітычныя ды ідэалагічныя аспекты выхаваўчай працы ў школе:

«Навядзіце парадак у школе, чаго б гэта нам ні каштавала. І пабачыце: праз год-два школа будзе зусім іншая, статус настаўніка, пра які мы гаворым, будзе зусім іншы. Я б нават сказаў больш: выкарыстоўвайце любыя захады, але навядзіце парадак у школе».

Лінейка ў школе № 180. Менск, Беларусь. 1 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Новаўвядзенні ў школах

Рэалізацыя патрабаванняў Лукашэнкі навесці парадак у школах не прымусіла сябе чакаць. Бацькі дзяцей пабачылі першага верасня новаўвядзенні ў школах. У асноўным гэта абмежаванні доступу ў будынак для дарослых і дзяжурствы міліцыянтаў. У некаторых школах вахцёраў апранаюць у міліцэйскую форму.

«На ўваходзе паставілі турнікеты. У кожнага дзіцяці пропуск імянны, інакш не зойдзеш. Таксама ўвялі 15-хвілінку кожны дзень на абмеркаванне навінаў. Якіх – таямніца», – кажуць бацькі вучняў сталічнай школы № 5.

Яшчэ большыя абмежаванні ўвялі з новага навучальнага года ў сярэдняй школе № 145 Менску. Тут адміністрацыя наагул забараніла бацькам уваходзіць у будынак.

«Нават калі дзіця патэлефануе і скажа, што яму блага, трэба тэлефанаваць настаўніку – і настаўнік выведзе дзіця са школы. На пытанне, як сустрэцца з якім-небудзь настаўнікам, пачулі ў адказ, што ніяк, толькі з класным кіраўніком», – кажуць бацькі навучэнцаў сталічнай школы № 145.

У менскай гімназіі № 6 у першы дзень новага навучальнага года ў будынку дзяжурылі міліцыянты, а на вахце сядзела жанчына ў форме міліцыянта.

Міліцыянты ў школе ў Віцебску на лінейцы 1 верасня.
Фота: чытачы Белсату

У іншай гімназіі Менску таксама «навялі парадак»:

«Паставілі турнікеты, запалохваюць дзяцей: маўляў, калі спознішся нават на хвілінку, будзеш запісаны ў адмысловы спіс пад наглядам псіхолага. І што ў іх муха пасля пачатку ўрокаў не праляціць. Але паспець усім будзе нерэальна: там і так цісканіна на ўваходзе, бо адкрываюць толькі адныя дзверы, а цяпер за дзвярыма яшчэ і турнікеты, якіх усяго два. Пры гэтым гімназія перапоўненая настолькі, што ім давядзецца або жорстка абыходзіцца з дзецьмі, альбо адмяняць правіла не спазняцца», – пішуць чытачы «Белсату».

Пры гэтым бацькі звяртаюць увагу на нястачу настаўнікаў. Нават на анансаваны факультатыў па духоўнасці і патрыятызму не знайшлі выкладчыкаў. Бракуе настаўнікаў адразу па некалькіх прадметах, шмат хто сышоў увосень год таму, а гэтым летам яшчэ некалькі чалавек звольніліся. На іхныя месцы так і не знайшлі настаўнікаў.

Фота
1 верасня ў беларускіх школах. Наш фотарэпартаж
2021.09.01 13:46

СК belsat.eu

 

Стужка навінаў