Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада ліквідаваная


Партыя знікла з пераліку зарэгістраваных палітычных партый Беларусі, які размешчаны на сайце Міністэрства юстыцыі, адзначае «Радыё Свабода».

31 ліпеня 2023 года на пасяджэнні Вярхоўнага суда Беларусі быў разгледжаны пазоў аб ліквідацыі партыі.

Лідар партыі Сяргей Чэрачэнь заявіў, што прадстаўнікі партыі не былі на пасяджэнні, бо «рашэнне адназначнае і не патрабуе нашай прысутнасці».

Усяго ў жніўні плануецца некалькі судоў для ліквідацыі трох палітычных партыяў: 9 жніўня адбудзецца суд у справе ліквідацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды, на 14 жніўня прызначаны разгляд пазову наконт ліквідацыі партыі БНФ.

Вядома таксама, што Міністэрства юстыцыі патрабуе ліквідацыі партыі «Зялёныя», Беларускай патрыятычнай партыі, Рэспубліканскай партыі. Самаліквідавацца было прапанавана Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Нагадаем, што ў лютым 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, які прадугледжвае змены ўмоваў стварэння і дзейнасці палітычных партый. Цягам шасці месяцаў Мінюст мусіць правесці перарэгістрацыю партыяў. Тыя партыі, што не пройдуць яе, будуць ліквідаваныя рашэннем Вярхоўнага суда. На сённяшні дзень перарэгістрацыю прайшлі толькі Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Ліберальна-дэмакратычная партыя і Камуністычная партыя Беларусі. Сёлета таксама была зарэгістраваная новая партыя – «Белая Русь».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў