Працягваецца суд у «справе змоўнікаў». Рыгор Кастусёў віны не прызнаў


Менскі абласны суд 1 жніўня ў выязным пасяджэнні працягвае разбіраць «справу аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Як паведамляе «Вясна», палітзняволены кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў на судовым працэсе не прызнаў віны ні ў адным з пунктаў абвінавачання.

Менскі абласны суд разглядае «справу аб дзяржаўным перавароце». На фота – Рыгор Кастусёў. Менск, Беларусь. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: БелТА

Як піша праваабарончы цэнтр «Вясна», спасылаючыся на праўладныя СМІ, Рыгор Кастусёў патлумачыў у судзе, што ўдзельнічаў у онлайн-канферэнцыях «змоўнікаў» як слухач. Адказваючы на пытанне пракурора, Кастусёў заявіў, што «не чуў, каб абмяркоўвалі пытанне аб захопе ўлады» ў Беларусі.

Кажучы пра выстаўленыя абвінавачанні, дзе гаворыцца, што змоўнікі планавалі прыцягнуць на свой бок войска ды іншыя сілавыя структуры, Кастусёў сказаў, што ўспрыняў такую інфармацыю як абразу сілавікоў. Паводле падсуднага, ён «не верыць, што сярод беларускага генералітэту ёсць тыя, хто можа здрадзіць радзіме». Рыгор Кастусёў таксама заявіў, што ніколі не заклікаў да фізічнай ліквідацыі Лукашэнкі.

45-гадовая сяброўка Партыі БНФ Вольга Галубовіч прызнала віну ў поўным аб’ёме. Але ёй інкрымінуюць толькі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК).

Яшчэ адзін падсудны, дальнабойнік Дзяніс Краўчук, таксама прызнаў віну ў поўным абʼёме. Яму, як і Галубовіч, інкрымінуюць толькі злачынства паводле ч. 1 арт. 342 КК.

Hавiны
З’явіліся першыя фота і відэа з суда ў «cправе аб дзяржперавароце»
2022.07.29 12:41

Суд у так званай «справе змоўнікаў» пачаўся 29 ліпеня. На лаве падсудных – палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, сябра БНФ Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойнік Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юрый Зянковіч. Справу разглядае суддзя Уладзімір Арэшка. Паводле БелТА, Аляксандр Фядута прызнаў віну часткова.

  • Юрый Зянковіч абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), ч. 1 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім»), ч. 3 арт. 361 КК («Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады»), ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»).
  • Аляксандр Фядута і Рыгор Кастусёў – паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»).
  • Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук – паводле ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
  • Справу расследаваў Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Фігурантамі справы застаюцца таксама псіхіятр Дзмітрый Шчыгельскі, экс-супрацоўнік спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Ігар Макар, а таксама Аляксандр Перапечка, Павел Кулажанка і Віталь Макаранка, якія цяпер за мяжамі Беларусі.

Пяцярых абвінавачаных затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 года. Праваабаронцы прызналі палітвязнямі ўсіх, акрамя Юрыя Зянковіча. Фігурантаў справы трымаюць за кратамі больш за 15 месяцаў. «Белсат» працягвае сачыць за працэсам.

Hавiны
«Адказваў узаемнасцю і прасіў прабачэння». Жонка Фядуты распавяла пра першы дзень суду над «змоўнікамі»
2022.07.30 11:47

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў