Гвалтоўная высылка з Токіа Крысціны Ціманоўскай: што вядома на вечар нядзелі, 1 жніўня


Ціманоўская ўсё яшчэ знаходзіцца ў аддзяленні паліцыі ў такійскім аэрапорце, паведаміла агенцтва ТАСС у 22.30. Хоць раней СМІ пісалі, што бягунню перавезлі ў бяспечнае месца.

Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская ў аэрапорце Токіа, 1 жніўня 2021 г.
Фота: ISSEI KATO / Reuters / Forum

Пра свае далейшыя планы беларуская лёгкаатлетка, паводле ТАСС, паабяцала распавесці праз свайго адваката. Пра гэта яна заявіла ў інтэрв’ю тэлеканалу Asahi. Пры гэтым Ціманоўская не паведаміла, пакінула яна паліцэйскі ўчастак ці не.

Артыкулы
З Токіа спрабуюць гвалтам вывезці бягунню, якая крытыкавала кіраўніцтва беларускай зборнай
2021.08.01 14:52

З лёгкаатлеткай паразмаўлялі прадстаўнікі Міжнароднага алімпійскага камітэту і аргкамітэту Алімпійскіх гульняў у Токіа.

«Сёння ўвечары МАК і аргкамітэт наўпрост пагутарылі з Ціманоўскай. Яна з уладамі аэрапорту Ханэда, цяпер яе суправаджае супрацоўнік аргкамітэту. Яна сказала нам, што адчувае сябе ў бяспецы. МАК і аргкамітэт працягнуць весці перамовы з Ціманоўскай, каб вызначыць наступныя крокі», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы МАК.

Беларускі фон спартыўнай салідарнасці накіраваў у Спартовы арбітражны суд у Лазане (CAS) заяву аб адмене палітчнага рашэння адхіліць Ціманоўскую ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях. То-бок абскардзіў дзеянні беларускіх спартовых чыноўнікаў, якія любяць паўтараць, што «спорт па-за палітыкай».

Краіны Еўразвязу прапаноўваюць сваю падтрымку і дапамогу Крысціне. Так, польскае МЗС прапанавала Ціманоўскай працягнуць спартовую кар’еру ў Польшчы. Пра гэта ў твітары напісаў намеснік кіраўніка МЗС Польшы Марцін Пшыдач.

Hавiны
Гэта чарговы санкцыйны кейс. Выканаўчы дырэктар BSSF – пра сітуацыю з Ціманоўскай
2021.08.01 22:58

Прэм’ер-міністр Славеніі Янэз Янша таксама напісаў, што будзе рады бачыць Крысціну ў сваёй краіне, але без канкрэтных прапановаў.

Чэхія прапанавала Ціманоўскай візу і дапамогу ў атрыманні прытулку, а саму сітуацыю назвала «скандальнай».

«Я лічу скандальнай сітуацыю вакол беларускай спрынтаршы Крысціны Ціманоўскай. Чэская Рэспубліка гатовая дапамагчы. Мы прапаноўваем ёй візу для ўезду на тэрыторыю Чэхіі, каб яна магла звярнуцца да нас за міжнароднай абаронай. Нашая амбасада ў Токіа таксама гатовая дапамагчы», – паведаміў міністр замежных справаў Чэхіі Якуб Кульганэк.

Германія прапанавала Ціманоўскай дапамогу з прытулкам, паведамляе ТАСС са спасылкай на крыніцы тэлеканалу Nippon.

Сама лёгкаатлетка казала, што збіраецца прасіць аб прытулку Аўстрыю.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў