Гэта чарговы санкцыйны кейс. Выканаўчы дырэктар BSSF – пра сітуацыю з Ціманоўскай


Скандал са спробай гвалтоўна вывезці з Токіа бягунню Крысціну Ціманоўскую можа прынесці Беларусі новыя санкцыі, а ў беларускім спорце не варта чакаць значных перамог, пакуль не будзе нармальнай палітычнай сітуацыі, лічыць выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Алякандр Апейкін.

Аляксандр Апейкін.
Фота: БелГазета

«Гэта як баскетбаліста адправіць граць за зборную па футболе»

Тое, што адбылося з Крысцінай Ціманоўскай у Токіа – відавочнае парушэнне правоў спартоўца, недапушчальны ціск, перакананы Аляксандр Апейкін. І гэта пры тым, што спартоўка нічога не парушыла, не выйшла за нейкія рамкі, падкрэсліў у размове з «Белсатам» выканаўчы дырэктар BSSF.

– З яе боку гэта была проста крытыка ў адрас чыноўнікаў, якія насамрэч не пракантралявалі дастатковую колькасць допінг-тэстаў для тых дзеўчын, якія з-за гэтага не змаглі прыехаць на Алімпіяду, – кажа Апейкін. – У выніку гэтую дзірку вырашылі заткнуць Ціманоўскай. Але спартоўцы рыхтуюцца гадамі, і ейнай дыстанцыяй была дыстанцыя на 200 метраў. Нельга за два дні сказаць – ты пабяжыш іншую дыстанцыю. Гэта як баскетбаліста адправіць граць за зборную па футболе.

Артыкулы
З Токіа спрабуюць гвалтам вывезці бягунню, якая крытыкавала кіраўніцтва беларускай зборнай
2021.08.01 14:52

Паводле Аляксандра, цалкам натуральна, што Крысціна Ціманоўская абвінаваціла тых, хто гэта зрабіў, у непрафесіяналізме.

– У адказ усё выйшла на ўзровень адміністрацыі НАК, дайшло да Лукашэнкі, я так думаю, – мяркуе дырэктар Фонду спартыўнай салідарнасці. – Крысціну прагналі па ўсіх прапагандысцкіх каналах. Бачучы гэта, яна выдатна разумела, што ёй небяспечна вяртацца. Яна ведае, што такое Беларусь, што тут могуць не толькі звольніць, а і ў турму пасадзіць. І дзяржава паказала, што можа зрабіць што заўгодна – па сутнасці, яе хацелі гвалтоўна дэпартаваць. Добра, што паліцыя разабралася з сітуацыяй і цяпер Крысціна ў бяспечным месцы.

«Пакуль не будзе нармальнага палітычнага фону, і спорту ў нас не будзе»

Апейкін зазначае, што пакуль цяжка сказаць, якімі могуць быць наступствы гэтага скандалу, але ясна, што гэта чарговы санкцыйны кейс, які цалкам можа пацягнуць за сабой новыя санкцыі, у першую чаргу – для Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

Артыкулы
«Загадалі выдаліць відэа, калі хачу застацца ў спорце». Бягуння Ціманоўская баіцца трапіць у турму
2021.08.01 19:57

Сама сітуацыя стала магчымай з-за непрафесійных, нізкакваліфікаваных кадраў і з-за жорсткай цэнзуры ў Беларусі, лічыць Аляксандр Апейкін.

–У нас жа недапушчальная любая крытыка чыноўнікаў. У словах Ціманоўскай убачылі крытыку ўладаў, і таму пайшла такая рэакцыя, – кажа выканаўчы дырэктар Фонду.

Апейкін падкрэслівае, што Беларусь здолела прыцягнуць да сябе ўвагу чарговым скандалам, але наўрад ці можна чакаць, што атрымаецца заявіць пра сябе на Алімпіядзе медалямі. Нізкія вынікі, якія паказваюць беларускія спартоўцы на спаборніцтвах, Аляксандр Апейкін тлумачыць «жахлівай сістэмай падрыхтоўкі».

– Сышлі прафесіяналы, засталася гэтая прыкарытная публіка. Гэта ўсё вельмі ўплывае на спартоўцаў, – кажа выканаўчы дырэктар BSSF. – А яшчэ ім патрэбная падтрымка грамадства. Пакуль гэтага ўсяго не будзе – прафесіяналаў у спорце, падтрымкі і кансэнсусу ў грамадстве, мы не пабачым поспехаў. Пакуль не будзе нармальнага палітычнага фону, ніякага спорту ў нас не будзе.

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў