«Героі не паміраюць». Каля амбасады Беларусі ў Кіеве прайшла акцыя памяці Мікіты Крыўцова


Мікіта Крыўцоў

31 ліпеня ў Кіеве каля будынку амбасады Беларусі ва Украіне прайшла акцыя памяці беларускага футбольнага фаната і пратэстоўцы Мікіты Крыўцова, які загінуў падчас беларускіх пратэстаў 2020 года. Пра гэта паведамляе Беларускі дом ва Украіне.

Сярод удзельнікаў акцыі быў і брат забітага Павел, які з’яўляецца ветэранам вайны на ўсходзе Украіны. Падзея была прымеркаваная да гадавіны нараджэння загінулага пратэстоўцы.

«У яго засталася маленькая дачка, жонка. Ён вельмі любіў піратэхніку, таму мы сёння ў нас у руках па фаеры ці дыму. І я б хацеў адсвяткаваць ягоны дзень народзінаў. Для мяне ён будзе жыць вечна», – заявіў брат Мікіты Крыўцова.

Удзельнікі акцыі трымалі ў руках бел-чырвона-белыя фаеры ды скандавалі: «Жыве Беларусь!», «Героі не паміраюць, пакуль пра іх памятаюць!».

Абноўлена
Узгадваем тых, чые смерці звязваюць з пратэстамі 2020 года. Што сёння кажуць следчыя і сваякі?
2021.05.11 14:00

Мікіта Крыўцоў удзельнічаў у пратэстах у Маладзечне 9 жніўня 2020 года, падыходзіў з бел-чырвона-белым сцягам да шыхту сілавікоў. Следчыя прызналі, што ён удзельнічаў у пратэстах, аднак заявілі, што не затрымлівалі яго. 11 жніўня ён прыехаў дамоў у Жодзіна, сабраў рэчы і з’ехаў, сказаўшы, што збіраецца хавацца ад праваахоўнікаў. У той жа дзень, сцвярджаюць следчыя, ён сустракаўся з нявызначанымі людзьмі ў менскім бары, затым паехаў да аднаго з іх, пераначаваў у яго і раніцай 12 жніўня выправіўся ў невядомым кірунку.

Каля 7 раніцы ён ішоў у напрамку лесу, дзе потым знайшлі яго цела. Апошні раз мабільны тэлефон Крыўцова зафіксавала базавая станцыя, што месціцца на тэрыторыі РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі ў Менску, што недалёка ад месца, дзе знайшлі цела Крыўцова. Гэта значыць, ён мог быць у РНПЦ або ў УУС Менскага райвыканкаму блізу РНПЦ.

17 сакавіка 2021 года Следчы камітэт завершыў праверку: крымінальную справу не сталі распачынаць, бо прыйшлі да высновы аб самагубстве – нібыта праз канфлікт з жонкай. Следчыя прызналі, што на целе выявілі кровазліццё ў мяккіх тканках галёнак, патлумачыўшы, што пашкоджанні былі атрыманыя ў часе самагубства.

Пахаванне Мікіты Крыўцова ў Маладзечне. 25 жніўня 2020.
Фота: AB / Vot-tak.tv / Belsat

Сябры Мікіты кажуць, што не вераць у самагубства, і дадаюць, што ён вельмі моцна любіў дачку і сваю сям’ю. Удава, якая таксама не верыць у самагубства Крыўцова, патлумачыла радыё «Свабода», што развод яны абмяркоўвалі спакойна, «гэта не было для яго стрэсам», пра самагубства ён не думаў і «жыў паўнавартасным жыццём».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў