Камісія 15 %, суд на Кацяй Андрэевай і Будслаўскі фэст. Што прыгатаваў ліпень беларусам


Новы месяц традыцыйна прыносіць змены ў жыццё беларусаў. Гэтым разам нас апроч судоў, падаражэнняў і адмененых рэйсаў чакае таксама шэраг фэстаў. А камусьці нават абяцаюць грашовыя надбаўкі.

Суд на Кацяй Андрэевай

Журналістку Кацярыну Андрэеву пачнуць судзіць паводле новай крымінальнай справы 4 ліпеня. Працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адвакат Сяргей Зікрацкі размаўляе ў судзе з Кацярынай Андрэевай. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Кацярына Андрэева застаецца за кратамі з 15 лістапада 2020 года, а ў лютым 2021-га ёй прызначылі 2 гады пазбаўлення волі за стрым з жорсткага разгону акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Журналістка мусіла выйсці на волю 5 верасня 2022-га. Але 7 красавіка стала вядома, што ёй выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»). Кацярыне пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення.

ЦТ і паступленне

У Беларусі працягваецца цэнтралізаванае тэставанне. ЦТ з гісторыі Беларусі пройдзе 2 ліпеня, геаграфіі – 4 ліпеня, а сусветнай гісторыі – 6 ліпеня. Рэзервовымі днямі ЦТ з беларускай і расейскай моваў вызначаныя 12 і 14 ліпеня, астатніх прадметаў – 12 і 16 ліпеня.

Сертыфікаты асноўнага этапу абітурыенты пачнуць атрымліваць з 14 ліпеня, за рэзервовыя дні – з 21-га. Зрабіць гэта трэба ў пункце, дзе праходзіла ЦТ. Пры сабе трэба мець дакумент, што пацвярджае асобу, дакумент аб адукацыі і пропуск з адзнакаю «Тэставанне прайшоў».

Прымаць дакументы для паступлення ў ВНУ пачнуць з 18 ліпеня. Іх можна перадаць да 24 ліпеня – у дзяржаўныя ВНУ на бюджэт і платнае, да 26 ліпеня – на вочную форму сельскагаспадарчых ВНУ, Вайсковай акадэміі ды Інстытуту памежнай службы, вайсковыя факультэты і вайсковы інстытут, з 15 лістапада да 5 снежня – на завочнае ў сельскагаспадарчыя ВНУ.

Абітурыенты, якія жадаюць атрымаць адукацыю за грошы і не здаюць уступных іспытаў, падаюць дакументы:

  • з 18 ліпеня да 3 жніўня – у Акадэмію МУС, Магілёўскі інстытут МУС, Універсітэт грамадзянскай абароны МНС,
  • з 18 ліпеня да 9 жніўня – на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці на вочную форму навучання, з 15 лістапада да 5 снежня – на завочную,
  • з 18 ліпеня да 8 жніўня – у іншыя ВНУ.

Выпускнікі профільных класаў змогуць падаць дакументы на адпаведныя спецыяльнасці з 18 да 22 ліпеня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Уступныя іспыты пройдуць з 25 да 27 ліпеня ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС, з 27 да 28 ліпеня – на вайсковым факультэце Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту, з 25 ліпеня да 2 жніўня – у іншых ВНУ, з 27 ліпеня да 2 жніўня – у вочнай форме атрымання адукацыі па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях, з 6 да 15 снежня – у завочнай форме атрымання адукацыі ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю.

Цэны растуць

З 1 ліпеня ў Беларусі падаражэюць некаторыя маркі цыгарэтаў. Фабрыка «Нёман» на 45 капеек павышае цэны на некаторыя віды «Pall Mall», «Kent», «Rothmans». «Тытунь-інвест» падымае кошты на 10–20 капеек на «Корону», «Форт», некаторыя віды «Monte Carlo», «Pall Mall», «Camel», «Winston», «Richmond», «Sobranie» ды на «LD Compact Lounge Special». А з цыгарэтаў, якія ўвозіць «Беларусьгандаль», на 15 капеек падаражэюць пэўныя «Vogue», «Dunhill», «Kent», «Pall Mall», «Richmond», «Aroma Rich», «Kiss», «Rothmans».

Кампанія «А1» таксама павысіць тарыфы на некаторыя паслугі. Гэтак, павялічыцца памер абаненцкай платы некаторых тарыфных планаў, кошт некаторых падпісак «Voka», кабельнага і лічбавага тэлебачання на Гомельшчыне і Віцебшчыне, кошт роўмінгу, міжнародных выклікаў, а таксама памер аднаразовых унёскаў і тарыфы на некаторыя дадатковыя паслугі.

З 1 ліпеня замежныя арганізацыі і ІП, якія прадаюць тавары беларусам онлайн, павінны выплачваць ПДВ. Стандартная стаўка ПДВ у Беларусі складае 20 %. Кампанія «Ozon» праз гэта плануе ў ліпені падняць кошты для беларусаў. Наколькі яны вырастуць, пакуль невядома. Астатнія кампаніі пакуль пра рост цэнаў не паведамілі.

Надбаўкі медыкам

З 1 ліпеня набываюць моц пастановы Міністэрства аховы здароўя, што ўстанаўліваюць стымулявальныя выплаты медыкам.

Надбаўка для спецыялістаў аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі, інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі складзе 200 % акладу, а для сярэдняга медычнага персаналу – 70 %.

У прыёмных аддзяленнях і аддзяленнях для пацыентаў з інсультам дактары будуць атрымліваць 135 % акладу, а сярэдні медычны персанал – 50 %. У хуткай дапамозе даплата для дактароў складзе 135 % акладу, а сярэдняга медычнага персаналу – 60 %.

Таксама надбаўка 135 % вызначаная для дактароў агульнай практыкі і педыятраў. Надбаўку 50 % будуць атрымліваць участковыя медсёстры і медбраты, памочнікі лекараў, медсёстры і медбраты агульнай практыкі, фельчары. Усім астатнім дактарам надбаўка складзе 85 %, а сярэдняму медычнаму персаналу – 35 %.

Скорая медицинская помощь, 103, неотложная помощь, медпомощь, Минск, Беларусь
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Надбаўка малодшым медсёстрам і санітаркам прыёмных аддзяленняў стацыянараў, аддзяленняў для пацыентаў з інсультамі, выязных брыгадаў хуткай дапамогі, аддзяленняў анестэзіялогіі і рэанімацыі складзе 15 % акладу.

Камісія на пераводы

«Беларусбанк» з 4 ліпеня павялічыць камісію з 1 % да 15 % ад сумы за залічэнне на рахункі фізічных асобаў безнаяўных грошай з-за мяжы. Камісію будуць здымаць пры здзяйсненні гэтых аперацыяў з выкарыстаннем карткі ці яе рэквізітаў.

А з 11 ліпеня беларусам стануць даступныя імгненныя плацяжы. Пакуль гэтая сістэма працуе толькі для юрыдычных асобаў. Да яе падключаныя 13 банкаў. Спачатку гэтая магчымасць будзе ўведзеная для р2р-пераводаў паміж фізічнымі асобамі.

У межах пілотнага праекту запусцяць сэрвіс пераводу паводле нумара мабільнага тэлефона з некалькімі банкамі. Да канца года ўсе банкі Беларусі павінны будуць падлучыцца да сістэмы імгненных плацяжоў для фізічных асобаў. З 2023-га паслуга павінна стаць даступная для пераводаў у Расею. Таксама да яе падлучаць аплату ў арганізацыях гандлю і сэрвісу.

Новыя старыя грошы

З 1 ліпеня ўводзяць абноўленую банкноту наміналам Br 100. З яе прыбраныя рэквізіт «Старшыня праўлення» і подпіс экс-кіраўніка Нацыянальнага банку Пятра Пракаповіча. Год узору банкноты «2009» заменены на «2022». Выява замку Радзівілаў у Нясвіжы набліжаная да яго актуальнага выгляду, таксама пазначаная назва. Што датычыць аховы, то некаторыя састарэлыя элементы прыбраныя, іншыя – мадыфікаваныя.

Банкноты Br 100 узору 2009 года застаюцца законным плацежным сродкам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Таксама Нацбанк больш не будзе прадаваць юрыдычным асобам, ІП і фізічным асобам, а таксама купляць у іх у сваіх касах мерныя зліткі каштоўных металаў. Аперацыі будуць праводзіцца толькі з банкамі і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі, у якіх усе астатнія змогуць купляць зліткі.

Абавязковыя базавыя рахункі

З ліпеня на тых, хто пачынае атрымліваць пенсію, стыпендыю ці іншыя сацыяльныя выплаты праз банкі, распаўсюджваецца абавязак адкрыць базавы рахунак. На яго можна залічваць гэтыя выплаты, здзяйсняць пераводы грошай паміж базавым і іншым рахункам, які належыць чалавеку і адкрыты ў тым самым банку. Задарма можна пералічыць сродкі на іншы рахунак з прычыны яго закрыцця, пераносу базавага ў іншы банк або пераафармлення ў актуальны.

Таксама з дапамогаю базавага рахунку можна разлічвацца за тавары ці паслугі ў інтэрнэце і АРІП, бясплатна выкарыстоўваць рахунак для зняцця гатоўкі ў банкаматах і касах таго банку, у якім ён адкрыты, у сувязі з яго закрыццём. Уладальнік базавага рахунку можа атрымаць задарма шэраг плацежных паслуг, найбольш запатрабаваных штодня.

Бясплатныя кансультацыі

На 1 ліпеня запланавалі шэраг бясплатных кансультацыяў па ўсёй краіне. Цягам працоўнага дня іх правядуць усе натарыяльныя канторы і натарыяльныя бюро Беларусі.

Малазабяспечаныя грамадзяне атрымаюць бясплатныя кансультацыі адвакатаў: з 9:00 да 13:00 – на Меншчыне і Гомельшчыне, з 10:00 да 13:00 – на Віцебшчыне і Магілёўшчыне, з 14:30 да 16:30 – на Берасцейшчыне і з 15:00 да 17600 – на Гарадзеншчыне.

Аналагічную акцыю правядуць і агенцтвы дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру. У Менску прыйсці па кансультацыю можна з 9:00 да 12600 на завулак Чырваназорны 12 (каб. 319).

Інтэграцыя з Расеяй

Працягваецца паглыбленне эканамічнай інтэграцыі з Расеяй. Паводле амбасадара Беларусі ў Расеі Уладзіміра Сямашкі, да 1 ліпеня павінны быць напоўненыя канкрэтыкаю зацверджаныя летась Лукашэнкам і Пуціным 28 саюзных праграмаў. У прыватнасці, Менск хоча выйсці на кошты нафты і газу, блізкія да суседніх рэгіёнаў РФ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Як заявіў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, да 1 ліпеня краіна павінны прапанаваць і ўзгадніць прынцыпы функцыянавання аб’яднанага рынку прыроднага газу, а да 1 жніўня – завяршыць фармаванне цаны на газ на 2023 год.

Акрамя таго, Беларусь і Расея ў першай дэкадзе ліпеня выйдуць на падпісанне міжурадавага пагаднення пра ўзаемны доступ да дзяржаўных закупаў, казаў намеснік міністра прамысловасці Дзмітрый Харытончык.

АЭС вяртаецца ў працу

У ліпені павінен завершыцца планава-папераджальны рамонт першага энергаблоку БелАЭС, які пачаўся ў красавіку. Пасля гэтага ён зноў будзе ўлучаны ў сетку і выведзены на намінальную магутнасць.

Таксама 1 ліпеня павінна запрацаваць на поўную магутнасць Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя. БНБК у Пухавіцкім раёне вырабляе камбікармы і амінакіслоты. Чакаюць, што прадпрыемства будзе цалкам пакрываць патрэбы беларускай жывёлагадоўлі ў амінакіслотах, а яго выручка дасягне не менш як $ 400 млн.

А да 3 ліпеня павінны запусціць рух па новым участку першага транспартавага кальца ў Менску – ад праспекту Дзяржынскага да вуліцы Талстога. Участак, які будавалі з 2019 года, павінен замкнуць першае транспартавае кальцо.

Змены для бізнесу і адвакатаў

Беларускія прадпрыемствы і ІП змогуць з 1 ліпеня 2022 года да 31 снежня 2023-га не налічваць амартызацыі. У Савеце Міністраў мяркуюць, што гэта дазволіць знізіць сабекошт прадукцыі і забяспечыць «павышэнне канкурэнтаздольнасці», а таксама захаваць або павялічыць падаткаабкладальную базу.

Пры гэтым 1 ліпеня заканчваецца магчымасць шэрагу ІП не выкарыстоўваць касавага абсталявання.

А на Прававым форуме Беларусі да 3 ліпеня працягваецца абмеркаванне навацыяў у прававым рэгуляванні закупаў тавараў, работаў, паслуг за кошт уласных сродкаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

1 ліпеня ў Менску адбудзецца першы зʼезд адвакатаў, на якім плануюць зацвердзіць праект канцэпцыі развіцця адвакатуры Беларусі. Як заяўляюць афіцыйна, дакумент вызначае асноўныя напрамкі ўдасканалення адвакацкай дзейнасці ва ўмовах палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сістэмы ды прагназуе магчымасці павышэння яе сацыяльнай эфектыўнасці. Ён таксама закліканы развязаць наяўныя праблемы і стварыць «эфектыўную сістэму» надання юрыдычнай дапамогі.

Навіны памежжа і эміграцыі

У Польшчы з 1 ліпеня перастане дзеяць забарона на прабыванне ў 183 паселішчах ля мяжы з Беларуссю. Але Падляскае ваяводства ўводзіць забарону на прабыванне за 200 метраў ад мяжы. Польшча абмежавала знаходжанне ў памежных раёнах пабочных асобаў у снежні 2021 года ў сувязі з міграцыйным крызісам.

Пры гэтым з ліпеня Польшча пачне прымаць заявы на гуманітарныя візы і віды на жыхарства. Пакуль ідзе праца над адпаведнымі пастановамі МУС. Яны набудуць моц праз 14 дзён з моманту іх апублікавання. У пастанове ўжо прапісаныя «грамадзяне Беларусі».

Між тым жыхароў украінскіх памежных раёнаў Роўненскай вобласці запрашаюць з 1 ліпеня наведваць Столінскі раён Беларусі паводле спрошчанай схемы. Таксама і грамадзянам Польшчы з 1 ліпеня да 31 снежня дазволены бязвізавы ўезд у нашую краіну.

Рэгістрацыя рыбакоў

У ліпені зʼявіцца рэестр падводных паляўнічых. Паводле новых правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, уводзіцца адміністрацыйная працэдура для грамадзянаў пры атрыманні пасведчання на права падводнага палявання, а таксама рэгламентуецца збыт і захоўванне сетак.

Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў будзе выдаваць пасведчанні падводных паляўнічых, весці іх улік і вызначаць парадак падводнага палявання.

Афіцыйны Дзень незалежнасці

У Менску на 3 ліпеня запланавалі маштабнае святкаванне афіцыйнага Дня незалежнасці. Кульмінацыяй станецца гала-канцэрт ля стэлы «Менск – горад-герой», які пачнецца а 21:00 пад дэвізам «Нашая памяць мацнейшая за час». Пасля канцэрту запланавалі акцыю «Праспяваем гімн разам» і феерверк а 23:00. А вось вайсковага параду сёлета не будзе.

Міністэрства абароны разгорне ў Менску і вобласці 11 вайскова-тэматычных пляцовак з выставаю вайсковай тэхнікі, стралковай зброі, экіпавання вайскоўцаў, з жаўнерскаю кашай, аркестрам і танцамі.

«Менсктранс» зменіць маршруты руху транспарту і расклад яго працы 2–3 ліпеня. З 15:00 да 20:00 2 ліпеня і з 12:00 да 23:00 3 ліпеня аўтобусы не будуць спыняцца ля Палацу спорту на цотным баку праспекту Пераможцаў. У цэнтры гораду будуць змененыя трасы руху транспарту, бо вуліцы плануецца перакрываць праз святочныя імпрэзы. Абмяжуюць рух 3 ліпеня з 7:30 да 11:30 і каля «Чыжоўка-Арэны» на вуліцы Ташкенцкай.

Да 1:20 у ноч на 4 ліпеня падоўжыць працу шэраг аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў. Станцыі метро 3 ліпеня будуць прымаць пасажыраў з 5:30, а закрыюцца 4-га а 00:40. У ноч на 4 ліпеня «Кастрычніцкую», «Нямігу», «Фрунзенскую» і «Маладзёжную» зачыняць на ўваход а 00:50.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святкаванне Дня незалежнасці каля Нацыянальнай бібліятэкі. Менск, Беларусь. 3 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Ува ўсіх гарадах 3 ліпеня ўстановяць кантрольна-прапускныя пункты перад святочнымі зонамі. Грамадзянам міліцыя раіць прыходзіць загадзя і з «невялікімі ручнымі паклажамі», быць гатовымі да асабістага дагляду.

Хуткая дапамога будзе працаваць у рэжыме павышанай гатовасці. Больніцы ўжо гатовыя прымаць пацыентаў на выпадак масавай шпіталізацыі. Створаны рэзерв лекаў і медычных вырабаў, запасы крыві і яе кампанентаў, падрыхтаваныя рэзервовыя ложкі.

Ад Будслаўскага фэсту да «Славянскага базару»

У Будславе ў Мядзельскім раёне 1–2 ліпеня адбудуцца ўрачыстасці ў гонар адной з найбольш шанаваных каталіцкіх святыняў у Беларусі – Будслаўскага абраза Божай Маці. Сёлетні дэвіз – «Каралева супакою, маліся за нас». Свята занесенае ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва UNESCO.

А з 13 да 18 ліпеня пройдзе XXXI фестываль «Славянскі базар у Віцебску». Для ўдзельнікаў і госцяў з 73 краінаў прадугледжаны бязвізавы ўезд у Беларусь на падставе квітка. У фэсце плануецца ўдзел артыстаў з 25 краінаў, найбольш – з Беларусі і Расеі. Сярод іх Алена Ваенга, Уладзімір Прэснякоў, Наталля Падольская, Анатоль Ярмоленка і ансамбль «Сябры», Грыгорый Лепс, Таісія Павалій, Сяргей Бязрукаў, Алена Ланская, Зара, Дзяніс Майданаў, Вітас, Аляксандр Саладуха, ДзіДзюЛя, Ілона Бранявіцкая, Ірына Дарафеева, Руслан Аляхно, Ларыса Доліна, сёстры Груздзевы, гурты «Земляне», «Песняры», «На-На», «Отпетые мошенники», «Верасы», «Воровайки», «Лесоповал» ды іншыя.

Куды паехаць

Турэцкая авіякампанія «Turkish Airlines» чарговы раз працягнула прыпыненне палётаў у Менск. Гэтым разам да 31 ліпеня. Раней кампанія апавяшчала, што палётаў не будзе да канца чэрвеня. А вось «Air China» якраз плануе аднавіць рэйсы з Менску з 1 ліпеня. Іх спынілі 25 сакавіка.

Да 6 ліпеня працягнуты рэжым часовага абмежавання палётаў у аэрапорты поўдня і цэнтральнай частцы Расеі. Аэрапорт Сочы адкрыты для палётаў, а Краснадару па-ранейшаму зачынены.

З 15 ліпеня «Белавія» аднаўляе простыя рэйсы ў маскоўскі аэрапорт «Унукава». Яны будуць выконвацца 3 разы на тыдзень – у серады, пятніцы і нядзелі. Кошт – ад € 50 у адзін бок. Пры сабе неабходна мець ПЛР-тэст.

Беларуская чыгунка прызначыла дадатковы цягнік № 250/249 Менск – Санкт-Пецярбург на час белых начэй. З Менску ён адправіцца 30 чэрвеня 2022 года а 19:15 і прыбудзе ў Санкт-Пецярбург 1 ліпеня а 9:20. Назад – 3 ліпеня а 14:26 і прыбудзе ў Менск 4 ліпеня а 5:08.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: belavia.by

«Менсктранс» з 1 ліпеня запускае штодзённы ранішні рэйс паміж беларускай і польскаю сталіцамі. Аўтобус будзе адпраўляцца з Менску з аўтавакзалу «Цэнтральны» а 6:30. Ён будзе ехаць праз Берасце. З Варшавы з 2 ліпеня аўтобус будзе выязджаць а 7:00.

Дадатковыя і змененыя цягнікі

Беларуская чыгунка 9 і 10 ліпеня прызначыла 14 дадатковых цягнікоў з Воршы і Магілёва, якімі можна дабрацца да Копысі на рэспубліканскае свята Купалля («Александрыя збірае сяброў»).

Таксама БЧ дадаткова прызначыла на час «Славянскага базару» цягнік міжрэгіянальных лініяў № 644/643 Менск – Віцебск. Ён будзе курсаваць штодзень з Менску з 13 да 18 ліпеня, з Віцебску – з 14 да 19 ліпеня.

Таксама з прычынаў рамонту 12, 13, 26, 27 ліпеня мяняецца расклад цягнікоў на ўчастку Асіповічы – Магілёў, а 4–7, 11, 12, 14, 18–21 ліпеня – на ўчастку Магілёў – Жлобін.

З дакладным раскладам можна пазнаёміцца на сайце Беларускай чыгункі.

Абмежаванні руху

У пункце пропуску «Відзы» на мяжы з Літвою 6 і 7 ліпеня з 9:00 да 14:00 спыняць рух усіх відаў транспарту, бо будуць мяняць асфальт. Рамантаваць дарогу з 1 ліпеня будуць і ў пункце пропуску «Грыгароўшчына» на мяжы з Латвіяй, але руху спыняць не будуць.

Праз рамонт абмяжуюць рух усіх відаў транспарту і ў Менску – з 30 чэрвеня да 12 ліпеня з 22:00 да 6:00 на ўчастку 30-га км і 32-га км вонкавага кальца МКАД.

Таксама і ў метро будуць закрытыя выхады на некалькіх станцыях: з 4 да 22 ліпеня – выхад № 4-2 станцыі «Кастрычніцкая», з 4 да 15 ліпеня – выхады № 4-1 і № 4-2 станцыі «Аўтазаводская», а з 4 да 29 ліпеня – выхады № 1-1, № 1-2 і № 1-3 станцыі «Фрунзенская».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў