«Наогул нідзе вады няма». У Наваградку здарыўся водаправодны калапс


У Наваградку 1 чэрвеня знікла вада. Пра гэта «Белсату» паведамілі чытачы. Інфармацыю пра праблемы з водаправоднай вадой пацвердзілі і афіцыйныя медыі.

Падвоз вады ў Наваградку.
Фота: чытачы Белсату

«Каб так, то першы раз. Наогул нідзе вады няма», – паведамлялі чытачы.

Паводле іх, кіраўнік мясцовага выканкаму Сяргей Чаркоўскі першага чэрвеня планаваў наведаць «Вадаканал». Але з раніцы нешта пайшло не так, і ва ўсім горадзе знікла вада.

«Нават у прыбіральню не схадзіць», – наракаюць мясцовыя жыхары.

Яны паведамляюць, што ў некалькіх кропках гораду прывезлі бочкі з пітной вады для гараджанаў, тут жа ўтварыліся чэргі. Адзначаецца, што людзі хадзілі па ваду нават да крыніцаў, што знаходзяцца за горадам.

Што кажуць улады

Прарыў водазабеспячэння ў Наваградку паведаміла мясцовае «Новае жыццё». Як адзначаецца, ён адбыўся на скрыжаванні вуліц Скарыны і Юбілейнай. Цяпер камунальнікі разам з ратаўнікамі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме.

«Падача вады па горадзе спыненая ў сувязі з тым, што вадавод цэнтральны. Ён сілкуе ўвесь горад. Працы ўскладняюцца яшчэ і тым, што вадавод знаходзіцца на глыбіні 4 метраў. Прыкладаюцца ўсе намаганні для аднаўлення водазабеспячэння ў самыя найкарацейшыя тэрміны. Вада жыхарам гораду падвозіцца малакавозамі і цыстэрнай ЖКГ. Плануецца павялічыць колькасць тэхнікі, якая будзе падвозіць ваду», – распавёў намеснік старшыні Наваградскага райвыканкаму Аляксандр Грыц.

Санітарна-эпідэміялагічная служба рэкамендуе наваградцам выкарыстоўваць для гатавання і піцця ўпакаваную ваду з крамаў. Пасля рамонтных работ абяцаюць правесці лабараторны кантроль якасці вады. Пра вынікі паведамяць дадаткова.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў