Міжнародны крымінальны суд можа прызнаць Лукашэнку ваенным злачынцам і абвесціць пра арышт


Паводле афіцыйных звестак, з Украіны Расея прымусова вывезла каля 20 тысячаў дзяцей. Паводле міжнароднага заканадаўства гэта з’яўляецца злачынствам, менавіта таму Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна. У Кіеве таксама датычным да гэтага злачынства лічаць і Лукашэнку. Адпаведныя дакументы былі накіраваныя ў МКС, заявіў у эфіры «Белсату» дэпутат Вярхоўнай рады Украіны Аляксей Ганчарэнка.

Уцекачы з Украіны на памежным пункце пропуску «Карчова – Кракавэц», Украіна. 5 сакавіка 2022 года.
Фота: Яна Сідач / Белсат

Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Дзмітрый Лубінец распавёў, што Кіеў мае пацвярджэнне прымусовага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей праз тэрыторыю Беларусі пры непасрэдным удзеле беларускіх уладаў. Вядома, што Кіеў наведваў апазіцыйны палітык Павел Латушка, які перадаваў існыя ў яго дакументы афіцыйным прадстаўнікам Украіны.

«Сапраўды, я маю доказы і неабходныя дакументы, якія пацвярджаюць удзел рэжыму Лукашэнкі ў генацыдзе і ў прымусовым вывазе дзяцей з тэрыторыі Украіны. Я сустракаўся з Паўлам Латушкам, калі ён быў у Кіеве і маю ад яго шмат звестак. Калі прымалася рэзалюцыя Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, то таксама быў дададзены асобны пункт, паводле якога будзе зварот да Міжнароднага крымінальнага суда пра ролю ў прымусовым вывазе ўкраінскіх дзяцей з тэрыторыі Украіны. Павінна быць і адказнасць Лукашэнкі за гэтае злачынства. Зварот у Міжнародны крымінальны суд накіравалі», – распавёў у эфіры «Белсату» дэпутат Вярхоўнай рады Украіны Аляксей Ганчарэнка.

Мітынг з патрабаваннем прызнання Расеі дзяржавай тэрарыстам. Людзі збіраюцца ля амбасады Расеі. Варшава, Польшча. 10 кастрычніка 2022 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Палітык кажа, што гэты зварот ПАРЕ на разглядзе ў суддзяў і пракурораў МКС. Таксама ён дадаў, што ў суд свае дакументы накіруе і Павел Латушка.

«Спадзяюся, што і супраць Лукашэнкі таксама будзе выпісаны ордар на арышт, што ён таксама будзе названы падазраваным у ваенных злачынствах, яго абвесцяць у вышук. Нам вельмі важна вярнуць дзяцей дадому, гэта важная задача для ўсяго нашага пакалення. Бо ва Украіны забралі дзяцей, забралі будучыню і імкнуцца зрабіць іх расейцамі. Гэта страшнае злачынства, якое трэба спыніць і за якое вінаватых трэба пакараць», – кажа ўкраінскі палітык.

Аляксей Ганчарэнка таксама кажа, што сёння няма сэнсу звяртацца да Лукашэнкі, паколькі афіцыйнаму Кіеву няма пра што з ім размаўляць, няма нагодаў да яго звяртацца. Гэта злачынец, асоба, якая вінаватая ў забойствах многіх украінцаў, беларусаў таксама.

«Таму звяртацца да яго можна толькі тады, калі ён будзе на лаве падсудных. Варта таксама ўлічваць, што ў злачынствах вінаваты не толькі ён асабіста, але і ягонае атачэнне, цэлая сістэма. І гэтыя асобы – злачынцы», – кажа дэпутат Вярхоўнай рады.

Каментар
Як дэмакратычныя сілы Беларусі дапамогуць Украіне ў вяртанні дэпартаваных дзяцей. Расказвае Латушка
2023.04.26 17:32

Палітык нагадвае, што ў свеце да гэтага часу выяўляюць і затрымліваюць ваенных міжнародных злачынцаў, якія дзясяткі гадоў хаваліся ад правасуддзя і трапілі на лаву падсудных у вельмі сталым веку. Яны будуць несці адказнасць, пакаранне абавязкова прыйдзе. І злачынцы абавязкова будуць пакараныя. Гэта, на думку Аляксея Ганчарэнкі, павінныя ведаць і прадстаўнік рэжыму Лукашэнкі.

Паводле некаторых звестак, вядома, што ў Беларусь прымусова вывезлі з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны 2150 дзяцей. Аляксей Ганчарэнка кажа, што вядома, што некаторыя дзеткі застаюцца ў Беларусі, прынамсі на гэты конт гучалі заявы беларускіх прадстаўнікоў.

«Мы чулі заявы некаторых чыноўнікаў з Беларусі, што дзеці з Украіны могуць працаваць на «Беларуськаліі» як шахцёры. І гэта рэальна выглядае як сапраўднае вар’яцтва. І гэтым займаюцца праваахоўныя органы Украіны», – кажа дэпутат.

Hавiны
У Беларусі пабылі на «аздараўленні» больш за 3 тысячы дзяцей з Данбасу
2023.05.31 15:23

Украінскі палітык лічыць, што пакуль адзіным спосабам змагацца з прымусовым вывазам дзяцей з Украіны застаецца розгалас, праз міжнародны крымінальны суд дабівацца пераследу абвінавачаных асобаў у ваенных злачынствах.

«Мы не маем доступу на тэрыторыю Расеі ці Беларусі, каб забраць дзяцей і пакараць вінаватых. Таму мы павінныя гучна казаць пра гэтыя злачынствы і імкнемся сачыць за лёсам кожнага з дзіцяці», – кажа суразмоўца «Белсату».

Афіцыйныя асобы Украіны імкнуцца сачыць за лёсам вывезеных дзяцей. Часцей за ўсё ахвярамі ваенных злачынцаў зʼяўляцца дзеці-сіроты, які проста забіраюць з прытулкаў. Яшчэ большае злачынства, калі ў дзяцей ёсць родныя, можа не бацькі, але бабулі, сёстры, брата. Гэтых дзяцей падманам вывозяць, ім кажуць, што родныя за імі не прыязджаюць, што яны нікому не патрэбныя, і далей вывозяць іх. Ёсць гісторыі дзяцей, якія былі параненыя і іх вывозяць са шпіталяў. Дзяцей вывозілі ў нейкія нібыта летнікі, а потым везлі далей. Таму тут розныя сітуацыі.

«На момант прыняцця рэзалюцыі ПАРЕ было вядома, што расейцы вывезлі з Украіны каля 20 тысячаў дзяцей. Але гэтая лічба расце. З іншага боку таксама існуюць працэсы вяртання дзяцей. Але гэта вельмі павольны працэс, мы вярнулі ўсяго некалькі соцень дзетак», – кажа Аляксей Ганчарэнка.

Каментар
ПАРЕ прызнала Лукашэнку датычным да выкрадання ўкраінскіх дзяцей – ці выдадуць ордар на арышт?
2023.04.27 23:08

Палітык распавядае, што пасля вяртання адзін хлопчык распавядаў, што ў яго сястра ў Запарожжы, што ён хацеў да яе, але яго прымусова вывезлі ў Маскву. Яго везла непасрэдна тая ж упаўнаважаная па правах дзіцяці Марыя Львова-Бялова, у дачыненні да якой выпісалі ордар на арышт з боку МКС. Дзяцей здымалі для тэлебачання, а потым размеркавалі, прычым прымусова, па розных сем’ях. Хлопчык патрапіў у сям’ю, дзе было яшчэ некалькі дзяцей, але да іх вельмі кепска ставіліся, кажа дэпутат. Загадвалі дзецям не размаўляць на ўкраінскай мове, збівалі за згадку родных песень і гэтак далей. Сястра хлопчыка шмат пісала, звярталася, у выніку хлопчыка вярнулі да яе.

Іншая гісторыя, у якой бабуля забірала хлопчыка, яна мусіла ехаць з Прыбалтыкі ў Расею, а потым у Данецк. І толькі потым ёй аддалі яе ўнука.

Аб’ектыў
Чым пагражае Лукашэнку суўдзел у генацыдзе ўкраінцаў?
2023.04.28 22:37

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў