«Палову фураў перарэгістравалі». Казахстан ратуецца ад нашэсця беларускіх аўтаперавознікаў


Беларускія транспартавыя фірмы масава перарэгістравалі фуры ў іншых краінах, каб захаваць магчымасць ездзіць у Еўразвяз. Раней беларусы займелі цяжкавікі з еўрапейскімі нумарамі, а цяпер і з азіяцкімі (казахскімі ды ўзбекскімі). «Белсат» даведаўся, як Казахстан ратуе свой рынак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Marcin Jozwiak / Pexels

Больш за год трывае забарона на ўезд у Еўразвяз фураў з беларускай і расейскай рэгістрацыяй. Беларусь у адказ дазваляе цяжкавікам з ЕЗ даязджаць толькі да мытных тэрміналаў і асобных лагістычных цэнтраў. Такім чынам, у перавознікаў засталося два варыянты дастаўкі грузаў: замяніць цягач або перагрузіць тавар у іншую фуру.

З 1 чэрвеня Польшча забараніла ўезд не толькі цягачам, але і паўпрычэпам з беларускай рэгістрацыяй. Цяпер адзіны грузавы аўтатранспартавы пераход «Казловічы – Кукурыкі» можна прайсці адным спосабам: перагрузіць тавар у фуру, зарэгістраваную ў ЕЗ разам з паўпрычэпам або прычэпам.

«Белсат» ужо пісаў, што калі ўлады ў Менску адкажуць люстранымі захадамі, грузавы аўтатранспартавы рух паміж Беларуссю і Польшчаю можа спыніцца, бо раней Варшава дазволіла заязджаць з тэрыторыі нашай краіны толькі фурам з рэгістрацыяй у ЕЗ.

Каментар
«Калі Беларусь адкажа гэтак жа, рух спыніцца». У дальнабойнікаў застаўся адзіны спосаб ездзіць у Польшчу
2023.05.31 07:43

Беларускія кампаніі, каб не аддаваць прыбытку канкурэнтам, паадкрывалі філіялы ў Польшчы, Літве ды Латвіі. Юрыдычна груз да мяжы вязе беларускі перавознік, а ад мяжы далей у Заходнюю Еўропу – польскі або літоўскі. А фактычна гэта тая ж беларуская фірма на яе ж фуры, толькі зарэгістраванай у ЕЗ. Акурат таму страйкавалі польскія дальнабойнікі, скардзячыся на захоп рынку ўсходнімі суседзямі.

Агляд
Разбіраемся, чаму польскія транспартнікі вінавацяць у сваіх праблемах беларусаў і расейцаў
2023.03.24 19:52

 

Калі ж фура належыць, напрыклад, казахскай фірме, то на мяжы Беларусі з Літвою ды Латвіяй не трэба ані перачапляць, ані перагружаць. Гэтым скарысталіся шмат якія беларускія кампаніі. «Белсат» даведаўся пра прыклад адной фірмы: раней у іх было каля 200 цяжкавікоў на беларускіх нумарах, а цяпер палову з іх перарэгістравалі ў Казахстане.

«На казахскія нумары паставілі і цягачы, і прычэпы. І ўзбекскія ёсць – якіх толькі няма».

Яшчэ раней гэтая кампанія таксама «набрала шмат машынаў» на нумарах краінаў ЕЗ.

«Штатныя кіроўцы мусяць быць з Казахстану»

У Казахстане прызнаюць: такая перарэгістрацыя беларускіх цяжкавікоў цалкам законная. Пры гэтым нядаўна ўлады рэспублікі, пабачыўшы нашэсце новых перавознікаў, зрабілі больш строгімі правілы іх працы, распавёў «Белсату» генеральны дырэктар Саюзу транспартавікаў Казахстану «Kazlogistics» Ерлан Абсатаў:

«Раней беларуская кампанія магла адкрыць у нас кампанію з адным працаўніком і фактычна быць у Беларусі, а дэ-юрэ – у Казахстане. Цяпер так ужо не выйдзе. У сакавіку ў нас ухвалілі загад, згодна з якім штатныя кіроўцы мусяць быць з Казахстану».

Абсатаў удакладніў, што нанятыя кіроўцы павінны жыць у Казахстане мінімум 180 дзён на год.

Репортаж с польско-белорусской границы, пограничный контроль, проверка, грузовик, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики, большегрузы
Фура ў чарзе на польска-беларускай мяжы. Гміна Баброўнікі, Польшча. 13 снежня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Забарона на рэйсы беларускіх і расейскіх фураў у ЕЗ прывяла да ўсплёску рэгістрацыі новых транспартавых фірмаў у Казахстане.

«У 2020 годзе ў нас было 800 кампаніяў, а напрыканцы 2022-га – ужо 2500. Але гэта не ўсе беларускія або расейскія; колькі іх, сказаць цяжка», – адзначыў суразмоўца «Белсату».

Летась Казахстан пачаў затрымліваць беларускія фуры, што везлі груз у Казахстан з перачэпкаю. Такія захады дзеля абароны сваіх перавознікаў ухваленыя ў шмат якіх краінах, у тым ліку ў Беларусі і Расеі. Аднак саюзніцы скасавалі гэтую забарону, каб не спыніць цалкам грузаабароту з ЕЗ. Казахскія ўлады, як паведамлялася, «у якасці жэсту добрай волі» таксама адмовіліся ад такой умовы, аднак часова. Пакуль правіла будзе дзеяць да канца года. Што будзе далей, прагназаваць складана, прызнаў кіраўнік Саюзу транспартавікаў Казахстану. Ён не выключае, што Астана можа ўхваліць новыя абмежаванні.

«Трэба разумець, што кожная дзяржава працуе дзеля пратэкцыянізму ўласных, айчынных кампаніяў. Гэта нармалёвая практыка. Я ўпэўнены, што ўсе захады нашага ўраду будуць дзеля пратэкцыянізму казахскіх кампаніяў у мэтах развіцця транспартавых зносінаў. Таму што гэта эканоміка, гэта працоўныя месцы, гэта падаткі», – падсумаваў Ерлан Абсатаў.

Hавiны
Казахстан афіцыйна дазволіў беларускім кампаніям перавозкі з перачэпкай і перагрузкай
2023.05.17 15:05

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў