Ціханоўская заклікала ЕЗ увесці бязвізавы рэжым для беларусаў і рыхтаваць «план Маршала»


Лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская выступіла перад кіраўнікамі дзяржаваў – удзельніц ЕЗ. Палітык прыняла ўдзел у саміце Еўрапейскай народнай партыі, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

31 траўня і 1 чэрвеня Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у Кангрэсе Еўрапейскай народнай партыі, адной з самых буйных палітычных арганізацыяў у Еўропе.

Чарговы кангрэс праходзіў у Ратэрдаме. 31 траўня там прайшоў адмысловы круглы стол, прысвечаны Беларусі. На кангрэсе прысутнічалі кіраўнікі ўрадаў і дзяржаваў ЕЗ, якія належаць да гэтай партыі.

Святлана Ціханоўская заклікала Еўразвяз адрозніваць беларускі народ і рэжым Лукашэнкі, адзначыла дыскрымінацыю, якую зазнаюць беларусы за сваю нацыянальную прыналежнасць.

«Замест гэтага лепш увесці бязвізавы рэжым для беларусаў, а памагатых рэжыму трымаць пад санкцыямі», – прапанавала Ціханоўская.

Ціханоўская заклікала ўмацаваць супрацу паміж ЕЗ і дэмакратычнымі сіламі Беларусі, а таксама паскорыць распрацоўванне і прыняцце «плану Маршала» для Беларусі, які дапамог бы ў правядзенні хуткіх рэформаў пасля сыходу Лукашэнкі.

«Для беларусаў гэта было б моцным знакам таго, што іхная барацьба не дарэмная», – сказала Ціханоўская.

Удзел у Кангрэсе прымалі прэзідэнт Румыніі Клаўс Яганіс, канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр, старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, прэзідэнт Кіпру Нікас Анастасіядыс, прэм’ер Харватыі Андрэй Плэнкавіч, разам – каля 50 лідараў урадаў і найбуйнейшых еўрапейскіх партый.

Еўрапейская народная партыя ёсць найбольш уплывовым палітычным абʼяднаннем у ЕЗ, якое ўжо каля 20 гадоў мае пераважную большасць прадстаўнікоў у Еўрапарламенце.

Артыкулы
У Чэхіі хочуць падоўжыць забарону на выдачу віз і ВНЖ для беларусаў
2022.05.03 21:54

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў