Пачынаючы з 10 чэрвеня цягнікі вернуцца на маршруты Масква – Гомель і Масква – Полацк. Самалёты між Менскам і Масквой стануць лётаць па 10 разоў на тыдзень.
Рашэнне аб гэтым прыняў расейскі Аператыўны штаб па перадухіленні завозу і распаўсюду новай каронавіруснай інфекцыі. Нягледзячы на тое, што з сакавіка колькасць хворых на каронавірускую інфекцыю, колькасць новых выпадкаў COVID-19 на дзень і колькасць штодзённых смерцяў у Расеі амаль не мяняецца, штаб вырашыў паслабіць абмежаванні.
Пакуль вырашылі толькі павялічыць авіярэйсы між Масквой і Менскам да 10 на тыдзень «на ўзаемнай аснове». Новыя палёты між іншымі гарадамі Беларусі і Расеі пакуль не ладзяць. Цягнікі між Масквой і Гомлем і Масквой і Полацкам будуць хадзіць штодзень, а ў цягніку «Ласточка» між Масквой і Менскам дададуць вагонаў.
З Беларусі не абмежаваны выезд і вылет у Расею, аднак Расея для ўезду патрабуе сертыфікат аб тэсце на каронавірусную інфекцыю, і тэст трэба здаць не раней за 72 гадзіны да прыбыцця ў Расею. Акрамя Расеі беларусы фактычна не могуць нікуды паляцець – астатнія суседнія краіны закрылі беларускім авіякампаніям паветраную прастору, шматлікія замежныя авіякампаніі спынілі палёты ў Беларусь. Па зямлі з Беларусі выпускаюць толькі ў выключных выпадках.
З Расеі ад 10 чэрвеня аднаўляюць узаемнае авіяспалучэнне з Венай, Будапэштам, Заграбам, Порт-Луі і Рабатам(з усімі імі двойчы на тыдзень), Бэйрутам, Люксембургам (раз на тыдзень), а таксама чартарныя рэйсы ў Тырану. Таксама Расея павялічыць колькасць рэйсаў у Афіны, Баку, Ерэван, Доху, Ташкент, Душанбэ, Каір і Бялград, адновіць рэйсы ў Мюнхен. Ужо з 2 чэрвеня тройчы на тыдзень маюць быць узаемныя рэйсы з Масквы ў Лондан.
АА belsat.eu