«Дзейнічаць значна больш рашуча». Шчыгельскі сказаў, ад каго залежыць вызваленне Беларусі


Полк імені Кастуся Каліноўскага рыхтуецца да вызвалення Беларусі, але шмат будзе залежыць ад беларусаў унутры краіны. Пра гэта ў эфіры «Студыі Белсат» заявіў Дзмітрый Шчыгельскі, палітычны прадстаўнік фармавання, каментуючы сустрэчу ў Кіеве з дырэктаркай «Белсату» Агнешкай Рамашэўскай-Гузы.

Дзмітрый Шчыгельскі падзякаваў «Белсату» за супрацу і «за аб’ектыўнае асвятленне інфармацыі, а таксама за цікавасць як да Украіны, так і да палка Каліноўскага». Але агучваць канкрэтныя планы далейшай сумеснай дзейнасці не захацеў, хоць і падкрэсліў, што ўжо бачыць станоўчыя вынікі сустрэчы з Агнешкай Рамашэўскай-Гузы.

«Медыі ўплываюць на сітуацыю, бо значная частка войнаў сканчаецца не таму, што акупавалі сталіцу ворага і паднялі там свой сцяг. Вайна – гэта змаганне не толькі на фронце, гэта змаганне ў эканоміцы і змаганне ўстойлівасці грамадства. На гэтыя параметры, на грамадства, медыі ўплываюць», – адзначыў Шчыгельскі.

Пры гэтым ён падкрэсліў розніцу паміж медыямі і прапагандай: «прапагандысты ваююць, а СМІ асвятляюць інфармацыю». На думку Шчыгельскага, «асвятляць – значна больш выйгрышны падыход, бо людзі зразумеюць, дзе прапаганда, а дзе сапраўдная інфармацыя», тады як «кандовая прапаганда, прапаганда нянавісці», якую робяць прапагандысты ў Беларусі і Расеі, «можа даць нейкія перавагі на кароткім часе», але на больш працяглай дыстанцыі лепшы вынік будзе ў медыяў, якія робяць сваю працу сумленна.

Настрой баявы

Шчыгельскі таксама адзначыў, што ў байцоў Палка «настрой як заўсёды баявы» і яны матываваныя да вызвалення Беларусі. Назваўшы ваяроў ПКК «элітай нацыі», ён адпрэчыў меркаванні пра тое, што Полк Каліноўскага з’яўляецца марыянеткай украінскіх уладаў.

«Гэта не так. Мы бачым павагу, разуменне і плённую супрацу з украінскімі палітыкамі, экспертамі, грамадскай супольнасцю і журналістамі. У Кіева няма, я ў гэтым абсалютна перакананы, рабіць ручную ляльку, якой ён зможа кіраваць. У Кіева зусім іншыя інтарэсы. Гэта зразумелы, прагназаваны партнёр, якому можна давяраць», – адзначыў палітычны прадстаўнік Палка.

Адносна планаў вызвалення Беларусі Шчыгельскі адзначыў, што мае быць комплексны сцэнар, у якім перадусім будзе мець значэнне стан беларускага грамадства ўнутры Беларусі.

«Полк Каліноўскага, план «Перамога», кіберпартызаны – гэта могуць быць тыя чыннікі, якія ўплываюць і, магчыма, зробяць тое, чаго не хапала ў 2020-м. Але асноўнае – гэта роля беларусаў, якія знаходзяцца ўнутры Беларусі», – заявіў ён.

Паводле яго, прычыны пратэстаў 2020 года нікуды не зніклі, хоць і з дапамогай рэпрэсіяў атрымалася збіць праявы. Шчыгельскі падкрэсліў, што Полк Каліноўскага і іншыя сілавыя ініцыятывы павінны стаць «наканечнікам дзіды, але сама дзіда – гэта беларускае грамадства».

Кіраваць гэтым, на яго думку, будзе «рэвалюцыйны суб’ект», а тое, хто ім будзе, залежыць ад будучых абставінаў і магчымасцяў.

Беларусам унутры Беларусі Шчыгельскі параіў сачыць за сваім фізічным станам, разумець «без ілюзіяў» сітуацыю і тое, што «ад дзеянняў, як і бяздзеяння кожнага з іх залежыць будучыня краіны і нацыі». Паводле яго, у беларусаў ёсць магчымасць рыхтавацца фізічна, тактычна, дбаць пра матэрыяльна-тэхнічную экіпіроўку ды будаваць гарызантальныя сувязі, аб’ядноўвацца ў невялікія групы па два–тры чалавекі.

«Разумець, што пры наступным крызісе, пры наступных масавых выступах людзей трэба будзе дзейнічаць значна больш рашуча», – сказаў прадстаўнік ПКК, параіўшы таксама вывучаць адпаведную рэвалюцыйную літаратуру.

Шчыгельскі таксама падкрэсліў, што інакш беларусам давядзецца «адмовіцца ад будучыні і прыстасоўвацца да жыцця ў дыктатуры».

Hавiны
«Мы разам працуем дзеля адной мэты». Полк Каліноўскага распавёў пра сустрэчу з дырэктаркай «Белсату»
2023.04.30 14:37

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў