Змены ў працы банкаў і рост падатку на сабак. Што чакае беларусаў у красавіку


У красавіку беларусаў чакаюць рост коштаў і падаткаў пры адначасовым зніжэнні ставак на крэдыты. Таксама свае змены будуць у працы банкаў, крамаў і гэтак далей. Пачнецца ж месяц з Дня дурня, за якім у лукашэнкаўскай Беларусі святкуюць Дзень яднання з Расеяй. Сабралі для вас галоўныя змены красавіка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Пачнем з каляндарнага пытання. У красавіку намячаюцца пераносы выхадных. Так, панядзелак 24 красавіка пераносіцца на суботу 29-га. У выніку днямі адпачынку будуць 22 (субота), 23 (нядзеля), 24 (панядзелак) і 25 (аўторак) красавіка.

Суды над палітзняволенымі

Суд над экс-кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Дзмітрыевым пачнецца 5 красавіка. Палітыка абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Яго затрымалі ў студзені 2023 года. «Доказамі» віны названыя фотаздымак Дзмітрыева з Хілары Клінтан і тое, што ён 599 разоў перасякаў мяжу.

Былога супрацоўніка ГУБАЗіКа і прадстаўніка BYPOL Станіслава Лупаносава пачнуць завочна судзіць 7 красавіка. Яго абвінавачваюць у несанкцыянаваным капіяванні інфармацыі, здрадзе дзяржаве і перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў.

На 10 красавіка прызначаны суд над палітзняволенай Ганнай Пінчук, якую экстрадавалі з Расеі, нягледзячы на забарону Камітэта па правах чалавека ААН. Палітвязня абвінавачваюць у распальванні варожасці, публічных закліках да захопу ўлады, стварэнні экстрэмісцкага фарміравання, навучанне ўдзелу ў масавых беспарадках, дзейнасці па стварэнні арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці. Па версіі СК, яна стварыла тэлеграм-канал «Віцебск 97%».

Праваабаронца Алесь Бяляцкі на судзе ў Менску, Беларусь. 5 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

21 красавіка Менскі гарадскі суд разгледзіць апеляцыю па справе праваабарончага цэнтра «Вясна». 3 сакавіка кіраўнік цэнтра, Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі атрымаў 10 гадоў пазбаўлення волі, Валянцін Стэфановіч – 9 гадоў, Уладзімір Лабковіч – 7 гадоў, а Зміцер Салаўёў – 8 гадоў завочна. Дзяржабвінавачанне патрабавала для іх больш строгі прысуд, таму пракурор падаў апеляцыйны пратэст.

Стаўка рэфінансавання зніжаецца

З 3 красавіка з 11% да 10,5% гадавых зніжаецца стаўка рэфінансавання. Стаўка па крэдыце овернайт – з 12% да 11, 5% гадавых, а па дэпазіце овернайт – з 10% да 9, 5% гадавых. Робіцца гэта нягледзячы на высокія інфляцыйныя рызыкі.

Таксама ў красавіку знізяцца працэнтныя стаўкі па некаторых банкаўскіх крэдытах на нерухомасць і аўтамабілі, паколькі Нацбанк перагледзеў разліковыя велічыні стандартнай рызыкі (РВСР), да якіх прывязаная працэнтная столь па банкаўскіх крэдытах. З красавіка РВСР для фізічных асобаў упадуць да 15,41% (цяпер – 16,31%), А для юрыдычных асобаў – да 11,85% (цяпер – 12,58%).

Змены ў працы банкаў

З 4 красавіка банкі могуць прадастаўляць фізічным асобам паслугу па ажыццяўленні імгненных плацяжоў з выкарыстаннем ідэнтыфікатара (нумара тэлефона) па меры гатоўнасці сваіх сістэм. Пры гэтым Нацбанк перанёс з 1 красавіка 2023 года на 1 студзеня 2024 года дату, з якой банкі абавязаныя забяспечыць удзел у сістэме для імгненных плацяжоў фізічных асобаў.

«Беларусбанк», «МТБанк» і «Приорбанк» з 1 красавіка зменяць парадак прыёму наяўных ад грамадзян праз касы. Цяпер уносіць на свой рахунак у касу банка наяўныя ў суме, якая роўная або перавышае 50 базавых велічыняў (цяпер гэта Br 1850), можна толькі пры наяўнасці пашпарта.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Таксама «Приорбанк» 1 красавіка спыніць прыём плацяжоў праз АРІП у касах банка. Але захаваецца магчымасць рабіць плацяжы праз АРІП у прыладах самаабслугоўвання, а таксама ў інтэрнэт-банку або мабільным дадатку. «БНБ-Банк» з 3 красавіка зменіць валюту разлікаў з міжнароднай аплатнай сістэмай Mastercard з еўра на кітайскія юані.

Цыгарэты даражэюць

З 1 красавіка падаражэюць некаторыя маркі цыгарэт. На 30 капеек стануць даражэйшымі «Магнат», «Минск», Minsk, «Премьер», «Фэст», Vogue, Queen, Credo, Matrix Blue, Dunhill. Кошт NZ, Portal і Dove павышаецца на 30-35 капеек. На 20-30 капеек падаражэюць Pall Mall, на 30-40 капеек – Kent, на 20-40 капеек – Rothmans. На 25 капеек вырастуць кошты некаторых тыпаў цыгарэт Mac, Kalipso, Red Bar, на 10-25 капеек – «Корона», на 15-20 капеек – «Форт», на 10 капеек – Richmond, на 15 капеек – RB Perliamutr.

Вырасце падатак на сабак

З 1 красавіка павялічыцца падатак на сабак: да Br 55,5 за пароды, уключаныя ў пералік патэнцыйна небяспечных, і да Br 11,1 на ўсіх астатніх. Стаўкі падатку вырастуць адпаведна з Br 46,5 і Br 9,3. У Менску за пароды сабак, уключаныя ў пералік патэнцыйна небяспечных, трэба будзе заплаціць Br 37, у іншых выпадках – Br 11,1.

Выплаты ветэранам

З 26 красавіка пачнуцца выплаты аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да Дня Перамогі. Інвалідам і ўдзельнікам Другой сусветнай вайны, а таксама размініравання, выплацяць па Br 2 тысячы. Па Br 1,1 тысячы атрымаюць узнагароджаныя ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную вайсковую службу ў тыле; якія працавалі на аб’ектах СПА, будаўніцтве ваенных аб’ектаў ля лініі фронту, ва ўстановах і арганізацыях Ленінграда ў перыяд блакады. Членам сем’яў вайскоўцаў, партызанаў і падпольшчыкаў, якія загінулі, прапалі без вестак у гады ВАВ (сужэнцам, якія не ўступілі ў новы шлюб, дзецям – інвалідам з дзяцінства, іншым утрыманцам), а таксама вязням фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета належыцца па Br 850. Гэта ж тычыцца інвалідаў з дзяцінства ў сувязі з баявымі дзеяннямі або з іх наступствамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Праблемы з выплатай заробкаў

11 красавіка набудзе правамоцнасць пастанова Саўміну №203 ад 23 сакавіка, якой вызначаны парадак выканання наймальнікам патрабавання   аб ліквідацыі парушэнняў у дачыненні да выплаты зарплаты, а таксама парадак вынясення рашэння аб спагнанні заработнай платы. Падставай да праверкі нявыплаты зарплаты будзе інфармацыя аб нявыплаце або няпоўнай выплаце яе наймальнікам ва ўстаноўлены тэрмін. Тэрмін ліквідацыі парушэння, як правіла, не перавышае 15 рабочых дзён. Калі наймальнік не выконвае патрабаванне, будзе дазволена вынесці рашэнне аб спагнанні зарплаты.

А беларускія крамы з 18 красавіка абавяжуць раўнапраўна выстаўляць тавары айчыннай вытворчасці і тавары з іншых краін ЕАЭС, калі і тыя, і тыя прадаюцца ў гандлёвым аб’екце.

Другі энергаблок БелАЭС запусцяць, але плаціць не будуць

У красавіку запланаваная першая спроба ўключэння ў сетку другога энергаблоку. Магутнасць рэактарнай устаноўкі будзе ўзнятая да 40%. Гатоўнасць да здачы АЭС у эксплуатацыю прагназуецца ў кастрычніку 2023 года.

Пры гэтым улады Беларусі дамовіліся адтэрмінаваць на год пачатак пагашэння выдадзенага Расеяй крэдыту ў памеры $ 10 млрд на будаўніцтва БелАЭС. Яго пагашэнне пачнецца не пазней за 1 красавіка 2024 года і будзе адбывацца ў расейскіх рублях. Да гэтага пачатак пагашэння крэдыту быў прызначаны на 1 красавіка 2023 года.

Зноў вакцына ад COVID

У красавіку ў чарговы раз плануецца атрымаць першы доследна-прамысловы ўзор беларускай вакцыны ад COVID-19. Першы доследна-прамысловы ўзор пойдзе на даклінічныя і клінічныя выпрабаванні, каб вакцына была зарэгістраваная да канца года.

Агляд
Мінздароўя ўсё яшчэ абяцае беларускую вакцыну ад COVID-19. Сабралі гісторыю абяццаняў
2023.03.15 11:32

Цягнікі на святы

Беларуская чыгунка прызначыла дадатковыя цягнікі ў дні праваслаўнага Вялікадня, Радаўніцы і майскіх святаў. З 14 да 16 красавіка дадаткова прызначаныя цягнікі ў зносінах Менск – Берасце, Менск – Гомель, а 15 красавіка – у зносінах Менск – Пінск. Таксама ў гэтыя дні шэраг электрацягнікоў бізнес-класу ў зносінах Менск – Берасце, Менск – Гомель і Менск-Калінкавічы будуць курсіраваць здвоенымі. З 21 да 26 красавіка прызначаныя дадатковыя цягнікі па маршрутах Менск – Берасце, Менск – Гомель, Менск – Віцебск, Менск – Горадня, Менск – Магілёў, Менск – Пінск, Горадня – Орша – Крычаў, Віцебск – Менск – Горадня і Менск – Камунары. З’явяцца дадатковыя цягнікі і па маршрутах Менск – Санкт-Пецярбург, Берасце – Масква, Полацк – Віцебск – Масква.

Таксама БЧ з 22 красавіка запусціць новы цягнік Менск – Архангельск. А з 3 па 6 красавіка ў сувязі з рамонтамі часова зменіцца графік некаторых цягнікоў па маршрутах Магілёў – Гомель, Орша – Менск і Менск – Берасце.

Рамонт у «Мядзінінкае»

У сувязі з рамонтам дарогі ў пункце пропуску «Мядзінінкай» (сумежны Каменны Лог») з 4 красавіка да 31 мая з боку ўезду ў Літву магчымыя затрымкі ў пропуску транспарту.

Падаражэюць маршруткі

Кіроўцы маршрутак у Слуцку і Старых Дарогах з 3 красавіка падымаюць кошт праезду да Менску. З гэтай даты адна паездка па маршруцеСлуцк – Менск – Слуцк будзе каштаваць Br 12 замест Br 10. У Старых Дарогах праезд цяпер будзе каштаваць Br 14 рублёў.

Новый мост на Немиге в Минске
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Абмежаванні пераносяцца

У ЕАЭС працягнулі яшчэ на паўгода – да 1 кастрычніка дзеянне павышанага парогу бяспошліннага ўвозу тавараў фізічнымі асобамі ў памеры 1 тысяча еўра і 31 кг для тавараў, якія перавозяцца перавозчыкам або ў паштовых адпраўленнях, што ўвозяцца багажом усімі відамі транспарту, акрамя паветранага, або ў пешым парадку. Гэтыя нормы маглі перастаць дзейнічаць з 1 красавіка.

Паспець не трапіць у «дармаеды»

Каб не патрапіць у базу «дармаедаў», трэба да 21 красавіка падаць у камісіі аб «утрыманцах» дакументы, якія пацвярджаюць занятасць. Тым, хто патрапіць у базу і ў каго ёсць ва ўласнасці жыллё, прыйдзецца аплачваць па поўных тарыфах газ, ацяпленне і гарачую ваду.

Макар Мыш / АА belsat.eu

Стужка навінаў