У Менску пачаўся суд паводле справы аб падрыве міліцэйскай машыны. Працэс зрабілі закрытым


Суд Цэнтральнага раёну Менску пачаў разглядаць справу аб падрыве міліцэйскай машыны і шапікаў «Табакерка». Працэс пройдзе ў закрытым рэжыме, перадае БелТА. Аднаму з двух фігурантаў пагражае да 20 гадоў зняволення.

Падрыў міліцэйскай машыны ля Цэнтральнага РУУС. 8 студзеня 2022 года. Менск, Беларусь.
Фота: МУС Беларусі

Справу разглядае суддзя Дзмітрый Карсюк. Ён закрыў працэс на патрабаванне пракурора, які заявіў, што ў матэрыялах крымінальнай справы ёсць інфармацыйная прадукцыя, прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а таксама інфармацыя з грыфам «для службовага карыстання».

Асноўнага фігуранта, Максіма Селязнёва, вінавацяць паводле двух артыкулаў аб тэрарызме і вырабе выбухоўкі. Мужчына нібыта датычны да падрыву службовага аўтамабіля ля Цэнтральнага РУУС Менску, спартыўнага блока на тэрыторыі гэтага ўпраўлення і двух шапікаў «Табакерка». Яму пагражае да 20 гадоў калоніі.

Другому фігуранту, Дзмітрыю Марцінкевічу, выставілі абвінавачванне ў неданясенні аб злачынстве.

Сёння ж у Менскім абласным судзе пачаўся завочны працэс над Валерам Цапкалам. Яго абвінавачваюць паводле васьмі артыкулаў. Таксама Генпракуратура заявіла пазоў аб пакрыцці маёмаснай шкоды на суму больш за 6000 рублёў у інтарэсах дзяржаўнай установы «Адміністрацыя Парку высокіх тэхналогіяў». «Абвінавачаны, нягледзячы на ​​апавяшчэнне, у суд не з’явіўся», – піша дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Hавiны
Крымінальная справа супраць Валерыя Цапкалы накіраваная ў суд
2023.01.12 16:30

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў