Адзін з найлепшых бамбардзіраў футбольнага чэмпіянату Беларусі перабраўся ва Украіну


Нягледзячы на вайну ва Украіне поўнаю хадою ідзе футбольны чэмпіянат. І туды са стабільнай Беларусі пераходзяць футбалісты. У першы дзень вясны гульцом крыварожскага «Крыўбасу» стаў 24-гадовы нападнік Даніель Созах (Daniel Sosah).

Даніель Созах. Крыніца: Daniel Sosah / Twitter

Форвард з Ганы прыехаў у Беларусь узімку 2021 года і за два сезоны стаў адным з лідараў «Іслачы» з Менскага раёну.

У мінулым сезоне Даніель Созах забіў дзесяць галоў і стаў чацвёртым бамбардзірам чэмпіянату Беларусі. А ягоная каманда фінішавала пятай, паўтарыўшы рэкорд клубу. Цяпер Даніель будзе выступаць за восьмую на сёння каманду Украіны – «Крыўбас». У гэтым клубе ёсць людзі, якія раней выступалі ў Беларусі.

Найперш гэта галоўны трэнер – Юрый Вэрныдуб, які з 2019-га да жніўня 2020 года працаваў у салігорскім «Шахцёры». Потым ён адправіўся ў малдаўскі «Шэрыф», з ім ён выйшаў у групавы турнір Лігі чэмпіёнаў, дзе перагуляў мадрыдскі «Рэал». Але пасля ўварвання Расеі ва Украіну Вэрныдуб пакінуў працу ў Малдове і адправіўся добраахвотнікам на фронт, абараняць радзіму.

Адзначым, што ў Крывым Рогу ёсць яшчэ два футбалісты, якія раней выступалі ў Беларусі – Раман Дэбэлка і Жан По з Кот-д’Івуару. Падчас ягонага выступу ў менскім «Дынама» да каманды прыехаў Лукашэнка. Ён здзівіўся, што По добра ведае расейскую мову і выдаў пажаданне: «Толькі не бяжы з Беларусі. Не хвалюйся, дыктатуры ў нас тут няма». Але самаабвешчанага кіраўніка Беларусі По не паслухаў і неўзабаве з’ехаў у Егіпет, а пазней перайшоў у «Крыўбас».

Калі ў мінулым годзе чэмпіянат Беларусі пакінулі 80 чалавек, то сёлета – ужо 50. Асноўны кірунак, куды з’язджаюць футбалісты, – гэта Казахстан і Расея.

АС belsat.eu

Стужка навінаў