У Горадні задумалі адкрыць «Расейскі цэнтр навукі і культуры»


Да «дня яднання народаў Расеі і Беларусі» 2 красавіка ў Горадні збіраюцца адкрыць аддзяленне Расейскага цэнтру навукі і культуры, расказаў ТАСС кіраўнік «Россотрудничества» Яўгеній Прымакоў.

«Адкрыты дыялог» на тэму «злачынстваў украінскага рэжыму»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Адкрыты дыялог» на тэму «злачынстваў украінскага рэжыму» ў філіі Расейскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэту ў Менску, Беларусь. 26 студзеня 2024 года.
Фота: Belarus.mid.ru

На стварэнне яшчэ адной філіі Расейскага цэнтру навукі і культуры – аддзялення менскага цэнтру – атрымалі дзяржаўнае фінансаванне, расказаў Яўгеній Прымакоў, не ўдакладніўшы, ці будзе за гэта плаціць таксама і беларуская дзяржава.

Гарадзенскі цэнтр стане ўжо чацвёртым такім у Беларусі: галоўны цэнтр ужо ёсць у Менску, яшчэ два аддзяленні – у Берасці і Гомлі.

Як адзначае «Позірк», такія цэнтры актыўна займаюцца прапагандай палітыкі Крамлю і прасоўваннем афіцыйных расейскіх наратываў пра вайну ва Украіне. Так, 26 студзеня пры ўдзеле «Россотрудничества» ў Менску паказалі фотавыставу пра «злачынствы кіеўскага рэжыму» і «адкрыты дыялог» на гэтую тэму. Распавядалі, што гэта нібыта Украіна планавала «захапіць Данбас», таму Расея была вымушаная распачаць «спецыяльную вайсковую аперацыю».

Падобныя цэнтры «Россотрудничества», «Русские дома» ёсць у больш як 60 краінах свету, ад Афганістану да Японіі. Яны дзейнічаюць у тым ліку ў краінах, якія Крэмль лічыць «несяброўскімі», як то ў Бельгіі, Італіі, Нямеччыне, Польшчы (дзе іх нават два: у Варшаве і Гданьску), Фінляндыі, Францыі, Чэхіі, Злучаных Штатах, Канадзе і іншых.

Агляд
«Браты ў болю». Як беларускіх школьнікаў будуць пераконваць, што яны з расейцамі адзін народ
2023.04.02 15:27

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў