«Слова пацана», «Прыгожын», «Лукашэнка хворы». Што ў 2023 годзе гуглілі беларусы?


«Белсат» паглядзеў, што ў 2023 годзе шукалі беларусы ў «Google» – самым папулярным пошукавіку ў краіне. У лідарах – надвор’е, перакладчык, гатовыя хатнія заданні. Пры гэтым надзвычайную цікавасць у беларусаў выклікаў расейскі серыял «Слова пацана», ПВК Вагнэра і Прыгожын, а таксама «хворы Лукашэнка».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Firmbee.com / Pexels

Паводле звестак аналітычнага праекту «DataReportal», «Google» застаецца самым папулярным пошукавікам у Беларусі з доляю 76 %. На другім месцы – расейскі «Яндекс», яму аддаюць перавагу ў 22 % запытаў.

Раней «Google» падвёў вынікі года для ўсяго свету і асобна для шэрагу краінаў. Статыстыкі для Беларусі кампанія не дае трэці год запар. У аглядзе за 2020-ы, апошнім на сёння, персонаю года назвалі Віктара Бабарыку, набыткам года – медычную маску, а найпапулярнейшым запытам быў каронавірус (як і па ўсім свеце).

У 2023 годзе ў лідарах глабальнага пошуку ў навінах – вайна паміж Ізраілем і «Хамасам» (летась – Украіна), Украіны няма нават у топ-10. Персонаю года стаўся гулец амерыканскага футболу Дамар Гэмлін, у якога падчас матчу спынілася сэрца. Праз паўгода ён вярнуўся да трэнаванняў.

Ва Украіне найчасцей шукалі мапу паветраных трывог і графік вымыкання электрычнасці. Персона года – новы міністр абароны Рустэм Умераў. Топ-3 набыткаў года – ёдыд калію, генератар і квіткі на цягнікі.

Для Польшчы «Google» не вызначаў ні персоны года, ні галоўных падзеяў. У топ-3 фільмаў, пра якія шукалі інфармацыю жыхары суседняй краіны, – «Опэнгаймэр», «Барбі» і стужка рэжысёркі Агнешкі Голянд пра мігрантаў на беларуска-польскай мяжы «Зялёная мяжа».

Hавiны
На Венецыянскім фестывалі ўзнагароду атрымаў фільм пра мігранцкі крызіс на беларускай мяжы
2023.09.10 00:05

Самае цікавае сярод папулярных пошукавых запытаў у Літве, – бадай, праект Сцяпана Пуцілы NEXTA. Ён заняў восьмае месца ў пераліку брэндаў.

Некалькі цікавінак «Белсат» знайшоў у аглядзе, прысвечаным Латвіі. На 10-м месцы ў пераліку падзеяў года – Макс Корж, які ў верасні даў канцэрт у Рызе і сабраў 35 тысячаў гледачоў. А ў катэгорыі «Фільмы і серыялы» апынуліся адразу два расейскія прадукты: «Чабурашка» і «Татавы дочкі».

І хаця для Беларусі асобнага агляду бракуе, даступная аналітыка «Google» дазваляе даведацца, што шукаюць і чым цікавяцца ў нашай краіне.

Лідар без канкурэнтаў – надвор’е. Таксама ў топе пошукавых запытаў – «перакладчык», «Яндекс», «гдз» (гатовыя хатнія заданні) і «навіны».

Таксама часта шукаюць «куфар», «ютуб», «вк» (сацсетка «УКантакце»), «расклад аўтобусаў», «курсы валютаў», «одноклассники».

У 2023 годзе ў статыстыку пошукаў у Беларусі ўварваўся расейскі серыял пра падлеткавыя банды ў Казані «Слова пацана. Кроў на асфальце». «Google» называе гэты падзел аналітыкі «У трэндзе», сюды трапляюць запыты, папулярнасць якіх вырасла вельмі заўважна. У гэтым пераліку таксама «Бітва наймацнейшых» (шоу «экстрасэнсаў» у расейскім тэлебачанні), «character ai» (праграма з функцыямі чат-боту, што дазваляе ствараць персанажаў з пэўнымі характарамі), «бетера» (букмекерская кантора) і «Прыгожын».

У навінах з дапамогаю «Google» найчасцей шукаюць проста «Менск», «навіны», «Беларусь». Таксама тут у лідарах «Расея», «Украіна», «Лукашэнка», «вайна». У трэндах (тое, што рэзка займела папулярнасць) – зноў «Слова пацана» і «Бітва наймацнейшых», а таксама «Опэнгаймэр», «Рэал (Мадрыд)» (футбольны клуб), «ПВК Вагнэра», «Лукашэнка хворы», «адключэнне электрычнасці», «Бяляцкі».

У YouTube беларусы найчасцей шукаюць «песні», «музыку», «А4» (блог Улада Бумагі), «мульцікі». Таксама ў лідарах – запыты «фільмы», «навіны» і «серыял». Статус «звышпапулярнасць» (тое, што сталі шукаць значна болей або наагул не шукалі раней) атрымалі запыты «Мужчынскае жаночае 2023» (расейская тэлепраграма), «skibidi toilet» (ўэб-серыял) і «Фільмы 2023».

«Яндекс» не публікаваў справаздачы пра папулярныя запыты ў Беларусі ў 2023 годзе. Пры гэтым кампанія не мае сэрвісу, які б паказваў пераліку таго, што найчасцей шукаюць карыстальнікі. Можна толькі пабачыць папулярнасць канкрэтных запытаў.

Напрыклад, толькі ў снежні «Слова пацана» ў Беларусі шукалі 2,5 млн разоў, а «Опэнгаймэр» за год– 126 тысячаў. Запытаў «надвор’е» сёлета – амаль 30 млн, «курсы валютаў» – 9,4 млн, «Прыгожын» – 433 тысячы, «Лукашэнка хворы» і «чым хварэе Лукашэнка» – 3 тысячы.

Таксама ў «Яндексе» часта шукалі «гатовыя хатнія заданні» – 9,6 млн разоў, «куфар» – 9,8 млн, «вайну» – 4,5 млн.

«Гугл» шукалі ў «Яндексе» 3,6 млн разоў, а «ютуб» – 16,8 млн.

Разбор
Каб паўплываць на алгарытмы «Google», трэба змяніць мадэль паводзінаў у інтэрнэце цэлай нацыі
2023.11.04 08:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў