Лідчына ўжо даволі даўно пакутуе праз малыя заробкі і адсутнасць працы. Шмат якія жыхары стотысячнага райцэнтру зрабіліся частымі наведнікамі цэнтру занятасці. І такая сітуацыя – не першы год.
«Любую працу шукаю. Паўтары гады стаю на біржы. Вось цяпер толькі далі на працу накіраванне, праходжу камісію. Па дамове падраду толькі», – кажа Віктар Страчынскі.
На пачатку сакавіка на біржы працы тут былі зарэгістраваныя амаль 900 чалавек. Толькі афіцыйны ўзровень беспрацоўя перавысіў агульны паказнік у краіне на 0.3 %.
Большасць жа працаўладкаваных лідчанаў вымушаныя працаваць за невялікія грошы.
« Заробкі маленькія. Два з паловаю, да трох, тры – гэта шмат».
«У мяне ўсе знаёмыя недзе атрымліваюць па 200 з нечым рублёў. Па два мільёны з капейкамі»
«Асабіста я атрымліваю тры. Тры мільёны на старыя грошы, то бок трыста рублёў».
– сведчаць жыхары Ліды.
Ва ўмовах, калі пры заробку Br 200 палову неабходна выдаткаваць на аплату камунальных паслугаў, людзям даводзіцца літаральна выжываць.
«Увесь час у пазыках, увесь час патанней даводзіцца шукаць па горадзе, каб нешта знайсці танней».
«Чацвёра дзяцей, а не хапае, у маці бяру што, прашу. 100 долараў заробак».
– даводзяць мясцовыя.
Большымі заробкамі пахваліцца не могуць і ў адной з найбуйнейшых кампаніяў гораду – будаўніча-мантажным трэсце № 19.
Пры гэтым на адсутнасць замоваў кіраўніцтва трэсту не скардзіцца. Паводле іхных словаў, працы цяпер вядуцца ў Астраўцы, Іўі, Смаргоні, Карэлічах, Гезгалах ды самой Лідзе.
«Абʼекты штодня зʼяўляюцца, мы працуем, і працуем добра. Ніякіх прастояў не было… Абʼект атрымалі новы, зараз працуем без перапынку і ў суботу, і ў нядзелю. Тры – такога заробку няма. Гэта палучка, а заробак ёсць і трынаццаць», – запэўнівае дырэктар прадпрыемства Уладзіслаў Лабецкі.
Тым не менш, пра такія заробкі працаўнікі трэсту не чулі. Ад безвыходнасці людзі вымушаныя падпрацоўваць у іншых месцах, або з’яжджаць па годныя заробкі за мяжу – у Польшчу або Расею.
Юлія Лабанава,«Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum