Жыхары Фаніпаля купілі новыя кватэры, а дом руйнуюць!


Не зарэгістраваны дом раптоўна з’явіўся ў Фаніпалі! Напачатку будовы Дзяржынскі выканкам выдаў усе дазволы і дольшчыкі ўклаліся грашыма, але выявілася, што шматпавярховік паводле папераў не можа быць на дадзенай зямлі. Цяпер грашовыя выдаткі нясе і забудоўнік, і людзі, якім няма дзе жыць. А чыноўнікі не могуць прыйсці да адзінага меркавання.

Фаніпаль. Зялёная 2Д. Забудоўнік кажа, што тут адзін дом. Але ў агенцтве рэгістрацыі маёмасці не вераць.

1+1?

Дамы будаваліся за грошы будучых жыхароў праз набыццё жыллёвых аблігацыяў. Шмат хто браў крэдыты. Ключы абяцалі выдаць у верасні. Яшчэ ўлетку людзі запісалі дзяцей у фаніпальскія садкі і перавялі ў мясцовыя школы, але перасяліцца не могуць дасюль.

Забудоўнік «ДГ-Цэнтр» на стадыі ўзвядзення зацвердзіў усе неабходныя дакументы. Дазвол на будаўніцтва аднаго дому, які складаецца з двух, даваў Дзяржынскі райвыканкам. Забудоўнік злучыў аб’екты металічнай аркаю.

«Няправільна злучаны дамы. Дадзеная канструкцыя не прадстаўляе цэласнасці таго шматкватэрнага комплексу, які быў згодна з планам», – даводзіць будучая жыхарка Святлана Мазіна.

Прадстаўнікі забудоўніка адмовіліся даваць каментары

А жыхарам заявілі, што ўсе абавязкі выканалі. Ды ўскладаюць віну на Дзяржынскае агенцтва рэгістрацыі маёмасці, якое адмаўляе ў рэгістрацыі.

«Зямельны ўчастак набыты на аўкцыёне для будаўніцтва аднаго шматкватэрнага жылога дому. Дазвол на будаўніцтва выдадзены для будаўніцтва двух жылых дамоў. На сённяшні дзень ідзе неадпаведнасць у дакументах, і па нашых інструкцыях гэта падстава для адмовы», – пераконвае Таццяна Арцюхоўская, кіраўніца агенцтва рэгістрацыі маёмасці.

Аб’ект ёсць самавольнаю пабудоваю, якую зруйнуюць?

У агенцтве нас запэўнілі, што знасіць ніхто не плануе, каб не выклікаць сацыяльнага напружання, але і выдаць самастойна дазволу не могуць.

«Павінен быць дазвол прэзідэнта аб узаконьванні самавольнай пабудовы. Альбо карэктыроўка дадзенага праекту, і сапраўды рабіць з двух дамоў адзін», – супакойвае спадарыня Арцюхоўская.

Злучэнне мусіць мець сцены і дах

Праект ужо цалкам дабудавалі, праклалі ўсе інжынерныя камунікацыі, кватэры ўжо ацяпляюцца, дамы здадзеныя ў эксплуатацыю. Жыхары абураюцца: чаму парушэнняў не выявілі на пачатковым этапе?

«БРТІ зрабіла выгляд, быццам раптоўна вырас дом. Па шчаўчку пальцаў, і не вядома, што з ім рабіць. Атрымліваецца, што альбо хтосьці прашляпіў той момант, калі трэба было гэтую справу спыняць, ці неяк рэарганізоўваць, ці ўносіць змены ў дакументацыю»,– звяртае ўвагу яшчэ адзін пакупнік кватэры Павел Кастрыкін.

Жыхары звярталіся ў выканкам, пракуратуру, Камітэт дзяржаўнага кантролю ды Адміністрацыю прэзідэнта, але адусюль атрымліваюць адпіскі і паведамленні, што лісты перанакіраваныя ў ніжэйшыя інстанцыі. Чыноўнікі розных ведамстваў праводзяць нарады, але пастанову ў праблеме гэтак і не прымаюць.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»