Рэальная тэндэнцыя росту ці статыстычная памылка? Пасля двух гадоў падзення рэальных прыбыткаў беларусаў за апошнія два месяцы яны паволі пачалі расці.
«Як было ўсё, гэтак і засталося. Няма таго заробку, што абяцаюць».
«Цэны растуць, а заробкі на месцы».
«Пенсія была 320 рублёў, цяпер 340, вельмі адчуваем».
– сведчаць жыхары Магілёва.
На пачатку гэтага года рэальных прыбыткаў у беларусаў было менш на 4,5 % у параўнанні з пачаткам 2016-га года, і толькі ў верасні агульны гадавы паказнік выйшаў на плюсавы ўзровень да амаль 0,5 %. Хаця летась мы мелі рэкорднае падзенне прыбыткаў на 7 %.
«Нафта падаражэла, таму што мы больш прадалі ўгнаенняў, таму што яшчэ расейскі рынак ёсць, які купляе», – упэўнены эканаміст Яраслаў Раманчук.
Рэальныя прыбыткі – гэта не толькі заробкі, хаця яны складаюць больш за палову, але і прыбытак ад дробнага бізнесу ды ад уласнасці, а таксама пенсіі, стыпендыі, сацыяльная дапамога.
Адміністратыўны метад выкарыстоўваюць не толькі ў сацыяльных выплатах.
«1000 рублёў гэта той мінімум, які мы павінныя дапамагчы людзям зарабіць», – даводзіў Лукашэнка.
Не дапамаглі. Паводле апошніх звестак за кастрычнік, сярэдні заробак па краіне складае Br 841. Але нават гэтую суму ў шмат якіх беларускіх гарадах, не кажучы пра вёскі, бачаць адзінкі. Br 300-500 – тыповая прапанова заробку ў рэгіёнах.
Усцяж няма гаворкі аб прыватызацыі стратных дзяржаўных заводаў ці хаця б аптымізацыю кіравання імі. Між тым налета ўрад чакае росту прыбыткаў беларусаў больш як на 3 %. І ў год перад магчымымі датэрміновымі прэзідэнцкімі выбарамі план будуць выконваць з падвойнаю сілаю.
Таццяна Рэут, «Белсат»