Гасцінна і прыемна. Гэткую Пастаўшчыну паказваюць на дзяржаўным тэлебачанні. І зусім убаку застаюцца забытыя ўсімі вёскі.
«Працы няма, заробкі малыя. Паўцякалі людзі».
«У нас калгас пад банкруцтвам, банкрут. Таму і атрымліваем хіба так, што колькі могуць, столькі і плоцяць».
– сведчаць мясцовыя жыхары.
А плаціць могуць няшмат. Пераважна каля Br 150. А па адлічэнні выдаткаў за харчы, якія бяруць на спіс, застаецца палова.
«Заробкі сталі малыя. І трэба ж людзям жыць. Трэба карміць семʼі. Моладзі няма, клуб закрылі. Людзей стала мала. Пенсіянеры засталіся», – кажа Інэса, жыхарка Свіранаў.
Але дырэктар ААТ «Вярэнькі-агра» Васіль Шырко аб праблемах не кажа. Спадар Шырко не прызнаўся здымачнай групе «Белсату», што ён і ёсць кіраўнік. А пазней пачаў страшыць міліцыяй.
Запускаліся і перазапускаліся адмысловыя праграмы. Але колькасць вяскоўцаў стабільна змяншаецца. Іх на пачатак года было крыху больш за 22 % ад агульнага ліку беларусаў. А за гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі нас стала амаль на мільён меней.
«На Менск едзеш, вунь як прыгожа. У Вільню едзеш, таксама прыгожа. А калі дзесь заглыбляешся, то дзе… Працы няма. Праблема. І тут праблема такая. Вось гэта калгас развальваецца, скарачаецца, школа скарачаецца», – падзялілася ўласнымі назіраннямі спадарыня Вольга з вёскі Трапшавічы.
А не далей як учора ўлады пахваліліся вайсковымі і гаспадарчымі дасягненнямі на парадзе. А таксама кіраўнік краіны абяцаў, што армія здольная абараніць ад ворагаў. Вось толькі тых, каго трэба бараніць, робіцца з кожным годам усё меней.
Сяргей Падсасонны, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum