Расейца Міхаіла Казлова затрымалі працаўнікі беларускага наркакантролю, а як распавёў парталу «onliner.by» памочнік псіхолага – Яўген, ягонага шэфа маглі абвінаваціць і ў гандлі людзьмі.
«Вось яно – рэальнае сяброўства Расеі і Беларусі! Праваахоўныя органы Расейскай Федэрацыі павінны неяк адрэагаваць на гэты дэмарш беларускай міліцыі, якая ў масках уварвалася ў памяшканне для трэнінгу, арандаванае на нармальных падставах, збіла кандыдата ў прэзідэнты Расейскай Федэрацыі Міхаіла Казлова», – заявіў Казлоў.
Відавочцы дадаюць жорсткія дэталі паводзін праваахоўнікаў.
«Уварваліся людзі ў чорных масках. Мужчына з сякерай махаў…».
«Прыехалі праваахоўныя органы і сказалі: ды што вы кажаце, якія сякеры, пакажыце хоць адну фатаграфію! А насамрэч забралі тэлефоны і сказалі, што калі будзеце здымаць, то стукну сякераю!»
– кажуць сведкі затрымання.
Афіцыйны прадстаўнік ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандр Ластоўскі на просьбу пракаментаваць сітуацыю заявіў, што ўся інфармацыя – на сайце ўстановы. Ні слова пра гандаль людзьмі, наркотыкі або прынамсі чаму Казлова адпусцілі там няма. Сам псіхолаг ужо некалькі гадоў ладзіць у Беларусі штомесячныя трэнінгі, у якіх бяруць удзел у сярэднім 50 асобаў – распавёў нам адзін з удзельнікаў гэтых заняткаў.
Падчас трэнінгаў Казлоў прымушае ўдзельнікаў распранацца – нібыта, каб выйсці з зоны камфорту. Мы звязаліся з Андрэем Раманько, які два гады таму прайшоў такі трэнінг і запатрабаваў гарантаванага вяртання грошай. Суд ён прайграў.
На прызнанне самога Раманько, ягоная псіхіка была на мяжы ўжо пасля аднаго такога трэнінгу. Паводле праваабаронцаў – ахвяраў такіх семінараў можа быць значна больш, і дамагчыся справядлівасці яны не могуць.
Калі казаць пра гандаль людзьмі, то ў пацярпелага ад семінараў ёсць тэорыя.
«Ён мусіруе тэму таго, што дзяўчына – пакуль маладая – гэта бясконцая крэдытная карта і я чуў, што калі ў дзяўчыны не стае грошай – 400 долараў другая ступенька, 1000 долараў – трэцяя, то ён можа падсунуць ёй алігарха», – узгадвае Андрэй Раманько.
Цана ж за першую, самую бюджэтную ступень, на якую ўдзельнікі маюць падняцца за адзін семінар, – вагаецца ў межах $ 200–250. Сапраўдныя ж псіхолагі не толькі не бачаць плёну ў занятках на дзясяткі асобаў, але і даволі проста характарызуюць працу Казлова.
«Гэта сектанцкі падыход. Без ілюзіяў. Бо чалавек збірае вакол сябе групу прыхільнікаў. Навошта? Ну зразумела – для паднашэнняў», – даводзіць псіхолаг Лілія Ахрэмчык.
Чаму гуру асабістага росту правёў за кратамі менш за дзень – улічваючы падазрэнні праваахоўнікаў? Навошта міліцыя ўжыла такія захады падчас затрымання? На сёння гэта пытанні без адказу, як і пытанне плёну такіх семінараў.
Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: dom2free.ru