Эксперымент ненавучаных досведам чарнобыльскай трагедыі ці манеўр, які мае адцягнуць увагу ад сутнасці праблемы? Які, дарэчы, пярэчыць ранейшым заявам кіраўніцтва краіны.
«Усе тэхналогіі, якія прымяняюцца сёння і ўнутры Расеі, і на экспарт, зʼяўляюцца тэхналогіямі так званага постфукусімскага ўзроўню – гэта значыць гэта павышаны ўзровень бяспекі», – даводзіў Пуцін.
Абсталяванне ядравага рэактару, ад якога пасля падзення адмовіліся на Беларускай АЭС, перададуць Балтыйскай атамнай станцыі. Пры гэтым будаўніцтва ў Калінінградскай вобласці замарозілі ў 2013 годзе.
«А значыць ёй не патрэбны рэактар. Зразумела, што яго нельга выкарыстоўваць, калі б ён не быў пашкоджаны, яго б пакінулі ў Беларусі, правялі неабходныя тэсты, абследавалі і выкарысталі, як і планавалася. Раз яго вязуць, магчыма, яго будуць выкарыстоўваць у якасці помніка ці нейкі мадэлі», – упэўнены фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі.
Пра гэта сведчаць дакументы сістэмы кантролю дзяржаўных закупак Расеі. Каментароў «Росатома» «Белсату» атрымаць не ўдалося. Хоць нас запэўнілі, што з намі звяжуцца пазней.
Нягледзячы на гэта, адказ на пытанне, ці можна выкарыстоўваць рэактар, што важыць 330 тонаў і ўпаў летась з метровай вышыні, маюць беларускія «зялёныя».
«На мой погляд гэты рэактар трэба адправіць на металалом. І забыцца пра яго. Ні ў якім разе нельга рамантаваць – гэта практычна нерэальна», – мяркуе Зміцер Кучук з Беларускай партыі «Зялёныя».
Акрамя небяспекі з прычыны няякаснага абсталявання ў недабудаваных беларускай і расейскай АЭС могуць зʼявіцца іншыя супольныя праблемы – з патэнцыйнымі пакупнікамі. Меркавалася, што Балтыйская АЭС будзе прадаваць энергію на Захад. Аднак супраца, перш за ўсё са стратэгічным партнёрам, Нямеччынаю, прыпынілася. Не хочуць у Еўропе і энергіі з БелАЭС.
Больш за тое, Літва плануе блакаваць імпарт з Астравецкай станцыі. Дакумент з планам абароны ад пагрозаў БелАЭС напярэдадні ўнеслі на разгляд у парламент краіны. Сярод захадаў, якія датычаць і Расеі, – аплата за транзіт энергіі ў трэція краіны.
Лола Бурыева, «Белсат»