YouTube – гэта СМІ. Улады абвесцілі блогерам вайну


На 40 базавых велічыняў, або на Br 980, аштрафавалі блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна. Пінскі раённы суд пакараў іх за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ».

«Суддзя прызнала канал «Youtube» сродкам масавай інфармацыі. Гэта нонсэнс! Я не ведаю, што далей стане з гэтай суддзёй, бо прэцэдэнты ўжо былі ў Гомлі. Міністэрства інфармацыі дало выразны адказ, што гэта не СМІ», – абураецца Пятрухін.

Гаворка пра вядомага блогера-недармаеда Максіма Філіповіча

Цяпер жа прычынаю для штрафу стала вось гэтае відэа. Працаўнік пінскага заводу акумулятараў «Exide» адмовіўся пускаць да начальства блогераў, якія выступаюць супраць пабудовы аналагічнай вытворчасці ў Берасці.

Пры гэтым беларускае заканадаўства адназначна кажа, што стварэнне відэа для ўласнага блогу не прыраўніваецца да вырабу прадукцыі СМІ.

Суд у Пінску – чарговы выпадак пераследу відэаблогераў

Правяранні «ў справе аб абразе прэзідэнта» пачалі супраць аўтара YouTube-каналу «Нехта» (NEXTA) Сцяпана Святлова, таксама супраць стваральніка фільму «Отчим» блогера Паўла Спірына. Іхныя ролікі паглядзелі сотні тысячаў людзей.

А вось папулярную блогерку Святлану Багданаву, вядомую як Данута Хлусня, не штрафавалі. Затое спрабавалі запалохаць.

«У іх крыху змянілася тактыка. Яны пачалі дадавацца ў сябры і з лепшых меркаванняў пытацца: «Як ты не баішся?» Маўляў, «Ходзіш, а тут усялякае такое здараецца. Ты глядзі, у цябе ж дзіця расце!», – дзеліцца Святлана.

«Канешне, нам вельмі падабаецца такая ўвага. Значыць усё з заводам «iPower» мы робім правільна, і будзем працягваць – нягледзячы ні на штрафы, ні на ўсё астатняе», – падсумоўвае Сяргей Пятрухін.

Аляксандр Папко, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum