«Будаўнік» пакідае турнір Еўрапейскай канфедэрацыі валейболу


Валейбол

Дзве важныя падзеі ўвечары серады прымала беларуская сталіца. І так ужо ўсталявалася ў нашым спорце, што заўсёды трэба даганяць час, тэрмінова выпраўляць страчанае раней. Валейбольны «Будаўнік» прыняў старт у 1/8-й фіналу Кубка выкліку Еўрапейскай канфедэрацыі валейболу гасцявым матчам з турэцкім «Маліе МілІ Піянго» два тыдні таму ў Анкары і пацярпеў сухую паразу 0:3.

Гэты клуб ужо быў у суперніках самай тытулаванай каманды мужчынскага беларускага валейболу. Нават на пазнейшай стадыі Кубка выкліку ў 2015 годзе, калі ў чвэрцьфінале менчукі таксама саступілі 0:3, але двубой у адказ выгулялі 3:1 і адолелі туркаў у «залатой партыі» 15:11, трапіўшы ў паўфінал. Цяпер супернік мае чатырох легіянераў – фіна, эстонца, серба і македонца. Розных узростаў, але ўжо багата ўтытулаваных. Бадай у самым важным – першым сэце – менчукі зазналі паразу на балансе 24:26. Адступаць ужо не было куды і далей загулялі ўсё мацней і мацней: 25:20 – другая партыя, 25:15 – трэцяя. Але згубілі пільнасць. Госці чацвёрты сэт распачалі магутным рыўком 8:2. І як гаспадары ні даганялі – цягнік пайшоў хутчэй. Няўдача – 19:25 і вынік пятай партыі ўжо не меў сэнсу. Тым больш і яе гаспадары прагулялі. «Будаўнік» пакідае еўратурнір.

Баскетбол

Не было куды адступаць і менскім «Цмокам». Нарабіўшы дрэнных справаў у першым коле Кубка ФІБА-Еўропы, наш баскетбольны чэмпіён вымушаны выгульваць усе двубоі другога кола. Добра, што два з іх – хатнія, а выязны, супраць дацкага «Бакен Бэрз» пераканальна выгулялі.

Хакей

Беларускі хакей працягвае знішчаць бюджэт, не даючы ў адказ аніякай падставы ганарыцца яго вынікамі. І па-ранейшаму існуе ў нас для галачкі, для справаздачы перад Лукашэнкам. І выступы такія ж, для галачкі, хіба што вельмі тлустай паводле выдаткаў. Як адзначылі відавочцы, зборная Беларусі правяла таварыскі матч у Маскве з алімпійскаю камандаю Расеі абсалютна неахвотна і бязвольна.

Алесь Пуціла, «Белсат», фота: vk.com/vc.minsk