Улады пачалі сачыць за школьнікамі на вакацыях

Цісне рукі прэзідэнтам, цалуецца з першымі лэдзі, пʼе шампанскае. Усё як дарослы. Дзе па-за школаю бавіць час малодшы сын кіраўніка краіны, ведаюць усе, у тым ліку адміністрацыя школы. А нават калі б не ведала, наўрад ці б пра гэта пытала.

Затое іншых пытаюць

Анкету для бацькоў з просьбаю пазначыць адрас і кантактныя нумары тэлефонаў асобаў, з якімі дзіця будзе цягам лета, Яну ўручылі ў першай фаніпальскай школе. У бацькоў жа першакласніка такая нясціплая цікаўнасць выклікала напружанасць.

«Я разумею, што выкладчыкам гэта не патрэбна. Гэта патрэбна нейкім чыноўнікам з Міністэрства адукацыі, якія сядзяць без справы, і ім няма чаго яшчэ пракантраляваць. То бок яны ўвесь час кантралююць дырэктараў школаў, завучаў, настаўнікаў, дзяцей, вось зараз вырашылі яшчэ пракантраляваць, а што ж дзеці будуць рабіць на канікулах», – мяркуе Андрусь Козел, бацька Яна.

Непатрэбнае новаўвядзенне

На думку бацькоў, пазначэнне персанальных звестак аніяк не паўплывае на бяспеку. У летні перыяд дзеці – па-за школьным наглядам, і ніхто не паедзе правяраць, дзе і ў якіх умовах вучні.

«Гэта таксама ўмешванне ў асабістае жыццё сям’і. Бацькі адказваюць за свайго дзіцяці летам і чаму мы павінны даваць справаздачу гэтай сістэме адукацыі?», – абураецца Вольга Чайчыц, маці Яна.

Спроба адсачыць школьнікаў – ініцыятыва школаў?

«Ад Міністэрства адукацыі такога распараджэння няма, але, можа быць, школы ініцыятыву такую праяўляюць, каб ведаць, дзе дзеці будуць улетку», – паведамілі «Белсату» у Міністэрстве адукацыі.

Тым не менш справаздачаў ад бацькоў патрабуюць не першы год не толькі ў школах, але і ў некаторых дзіцячых садках. І калі раней бацькоў прасілі ўказаць геаграфічнае месца перабывання дзіцяці, то з кожным годам спіс пытанняў пашыраецца. Такое ўмяшанне адмыслоўцы звязваюць з бюракратычнасцю сістэмы. Больш за палову з 440-ка тысяч адмыслоўцаў, занятых у сферы адукацыі, складае адміністрацыйны персанал.

«Я думаю, менавіта гэтыя людзі, каб апраўдаць сваё існаванне, проста выдумляюць інструкцыю і патрабуюць яе выканання. Гэта як бы яны проста імітуюць дзейнасць», – запэўнівае Тамара Мацкевіч з Таварыства беларускай школы.

Бацькі ж баяцца кантролю, бо часам праз школы ўлады аказваюць ціск на актыўных грамадзянаў. Літаральна месяц таму, спаслаўшыся на 18 дэкрэт кіраўніка краіны, педагогі 218-й менскай школы завіталі ў сямʼю палітолага Алеся Лагвінца, каб спраўдзіць, ці іхны сын не ў «сацыяльна-небяспечным становішчы». З пагрозамі пазбавіцца мацярынскіх правоў сёлета ў красавіку сутыкнулася і журналістка Ларыса Шчыракова.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: grodno24.com

Глядзі таксама